Калектыў ТАА «Стоўбцыгазбуд» на аб’ектах газіфікацыі

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

100118

ТАА «Стоўбцыгазбуд» уносіць значны ўклад у газіфікацыю не толькі свайго раёна, а і іншых раёнаў Міншчыны. Дзякуючы прадпрыемству прыродны газ прыйшоў да жыхароў Старых Дарог, Любані, Івянца, Вілейкі, Мядзеля, Нясвіжа, Клецка, Капыля. Без яго таксама нельга ўявіць газазабеспячэнне Пухавіцкага, Дзяржынскага, Лагойскага, Валожынскага, Смалявіцкага раёнаў.

Шпаркімі тэмпамі развіваецца Мінская вобласць, якая ў пачатку 2018 года адзначае сваё 80-годдзе. У гісторыі Стоўбцыгазбуда таксама ёсць свая прыкметная дата –14-га снежня 2017 года споўнілася 35 гадоў з дня ўтварэння прадпрыемства.

Акурат у гэты адметны год узначаліў ТАА «Стоўбцыгазбуд» малады кіраўнік – Дзмітрый Кудрэвіч. На гэтым прадпрыемстве ён пачынаў майстрам яшчэ да службы ў арміі. Пасля працаваў прарабам і разам з рабочымі ездзіў у камандзіроўкі на аб’екты ў Мінскай і іншых абласцях рэспублікі. Закончыў Газ-інстытут і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе атрымаў спецыяльнасці інжынера-энергетыка і юрыста.  

– Як вам першы год работы на дырэктарскай пасадзе? – звяртаемся да Дзмітрыя Кудрэвіча.

– Цяжкасцяў дастаткова, але я аптыміст. Актуальныя задачы бачу ў амаладжэнні калектыву і абнаўленні парку тэхнікі. Спрабуем спраўляцца на абодвух напрамках. Касцяк сфарміраваны, сярэдні ўзрост калектыву – 39-40 гадоў, але мы маем патрэбу ў кваліфікаваных інжынерных кадрах. Дзейнасць прадпрыемства спецыфічная, звязана з будаўніцтвам сістэм газа- і цеплазабеспячэння. Сутыкнуліся з тым, што ў Стоўбцах праблематычна знайсці падобных спецыялістаў. На даны момант зрабілі заяўку на маладых спецыялістаў у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.

– У многіх калектывах больш гавораць пра аптымізацыю, чым пра дэфіцыт кадраў і вакансіі. На чым грунтуюцца вашы падыходы?

– У пачатку года аптымізацыя закранула і наш калектыў. Сумясцілі некаторыя пасады. Нагрузка на работнікаў павялічылася, але іншага выйсця няма. Тэндэнцыя апошніх гадоў – змяншэнне аб’ектаў газіфікацыі і рост канкурэнцыі, няўхільнае павышэнне патрабаванняў. Каб заставацца канкурэнтаздольнымі, ісці ў нагу з часам, прыходзіцца эканоміць, змяншаць рэнтабельнасць. Эканомім, да прыкладу, шляхам укаранення GPS на транспартныя сродкі.

Перспектыву бачым у тым, што з 2016 года пашырылі спектр сваіх паслуг – пачалі займацца мантажом сістэм унутранага газазабеспячэння жылых дамоў. Для гэтага дадаткова набралі тры брыгады. У 2017 годзе заключылі 509 дагавораў на выкананне мантажных работ і ўсе выканалі. Да нас ідуць забудоўшчыкі, якія ўзводзяць уласнае жыллё за крэдытныя сродкі. З «крэдытнікамі» прыватныя фірмы працуюць неахвотна. Абслугоўваем усе бліжэйшыя раёны. Гэты накірунак будзем развіваць і далей.

На даны момант будуем сеткі вулічнага газазабеспячэння ў вёсцы Тулёнка. Акрамя таго, працуем у мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы ў Капылі, вёсках Заастравечча Клецкага раёна, Дулічы Мінскага раёна, Дубішча Уздзенскага раёна. Наша галаўное прадпрыемства, ААТ «Белгазбуд», выйграла перамовы адносна «закальцоўкі» газаразмеркавальнай сістэмы Салігорска і Старых Дарог, таму ў саставе пяці арганізацый бралі ўдзел у гэтых работах. Аб’ект вялікі, працягласцю 5,5 км, але агульнымі намаганнямі хутка здалі яго ў эксплуатацыю.  

– Як у цэлым спрацавалі газбудаўцы ў 2017 годзе?

– За першыя тры кварталы аб’ём работ выкананы на 104 працэнты да планавага задання. Амаль удвая выраслі прыбытак ад рэалізацыі і ўзровень рэнтабельнасці. Дабавачная вартасць на аднаго працаўніка фактычна склала 9,7 тысячы рублёў, што вышэй за ўзровень 2016 года.

У дзейнасці прадпрыемства адчувальны фактар сезоннасці. Яна звязана з землянымі работамі, залежыць ад аб’ёмаў бюджэтнага фінансавання. Цяжэй за ўсё ў пачатку года, калі праграмы газіфікацыі толькі вярстаюцца. Таму ў першым паўгоддзі прыходзіцца шукаць дадатковыя аб’ёмы, крыніцы даходаў, а ў другім – наганяць упушчанае. Супрацоўнічаем з арганізацыямі ЖКГ, па заказах якіх будуем сеткі цепла- і водазабеспячэння. Нашы работнікі прайшлі навучанне. Ёсць свая лабараторыя, якая ажыццяўляе кантроль за якасцю зварных злучэнняў з выдачай заключэння. Падобны падыход дазваляе павялічыць тэрмін службы сетак да 20 і больш гадоў.

– Вы звярталі ўвагу на неабходнасць абнаўлення тэхнікі. На вашым балансе ўтрымліваецца спецтэхніка, машыны для дастаўкі людзей на аб’екты.

– У сувязі са спецыфікай работ, іх раз’язным характарам уся тэхніка ўзмоцнена эксплуатуецца. З панядзелка па пятніцу нашы работнікі знаходзяцца ў камандзіроўках. Аплачваем ім пражыванне ў гасцініцы, на аб’екты дастаўляем транспартам прадпрыемства. Для транспарціроўкі спецтэхнікі набылі ў мінулым годзе ў лізінг пляцоўку. Плануем набыць некалькі грузапасажырскіх аўтамабіляў «ГАЗель», колавыя экскаватары «Амкадор», міні-экскаватар. Свабодных сродкаў няшмат. Выдаткі на абнаўленне тэхнікі часткова будуць кампенсаваны з інвестыцыйнага фонду ААТ «Белгазбуд».      

– Інвестыцыі павінны акупляцца. Якія ў вас задумкі на перспектыву?

– На базе Белгазбуда ствараецца холдынг з мэтай выхаду на міжнародны рынак. На даны момант ідзе работа над атэстацыяй спецыялістаў, ажыццяўляецца набыццё тэхнікі і заключэнне кантрактаў на выкананне работ па газазабеспячэнні з заказчыкамі з Ізраіля. Ужо працуем у г. Тула (Расійская Федэрацыя), плануем супрацоўнічаць з Польшчай. Перспектыва нядрэнная…

На здымку: Дырэктар Дзмітрый Кудрэвіч (у цэнтры) абмяркоўвае надзённыя пытанні з геадэзістам Лізаветай Ільіной, інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела Таццянай Гурынай і геадэзістам Іванам Горбачам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *