У сельгаставарыствах

Нумары Сельская гаспадарка

100118c

Таццяна Царык другі год працуе заатэхнікам-селекцыянерам у ААТ «Агранёманскі». Прыехала ў таварыства па накіраванні пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Добрасумленная і старанная, яна хутка асвоілася, і ўжо пасля некалькіх месяцаў работы кіраўніцтва гаспадаркі даверыла ёй, на перыяд вытворчай неабходнасці, выконваць абавязкі брыгадзіра фермы. Спраўдзіцца ў прафесіі маладому спецыялісту дапамагла вопытны заатэхнік-селекцыянер Таццяна Вотчыц. Варта дадаць, што Таццяна Царык прымала летась удзел у конкурсе «Вясковая прыгажуня-2017» і заваявала тытул «Міс Чароўнасць».

 

ПАСЛЯ ЗАНЯТКАЎ – ЭКЗАМЕН

Упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама сумесна з райветстанцыяй арганізаваны і адначасова праведзены на МТФ «Новыя Рубяжэвічы» ААТ «Рубяжэвічы» і МТФ «Горкі» ААТ «Жацерава» семінар-вучоба, на якім размова вялася аб паляпшэнні якасці малака. А іменна, якія трэба зрабіць захады для таго, каб рэалізоўваць на малаказаводы максімальную колькасць сыравіны гатункам «экстра». На мерапрыемства былі запрошаны галоўныя заатэхнікі, галоўныя ветурачы і брыгадзіры малочнатаварных фермаў гаспадарак раёна. Начальнік аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Галіна Шуранкова і галоўны ветурач раёна Анатолій Гусачонак правялі са спецыялістамі практычныя і тэарэтычныя заняткі, на якіх расказалі аб новых метадах работы ў даным накірунку. Напрыканцы семінара брыгадзіры малочнатварных фермаў трымалі экзамен – адказвалі на папярэдне падрыхтаваныя для іх тэматычныя пытанні.

 

ПРЫГОЖА, АРЫГІНАЛЬНА

У ААТ «Вішнявецкі-агра» сёлета ўпершыню праведзены конкурс на лепшае навагодняе афармленне малочнатаварных фермаў. Усе жывёлаводы пастараліся, прыгожа аздобілі свае вытворчыя падраздзяленні і былі дастойны самай высокай адзнакі. Камісіі, у склад якой увайшлі дырэктар таварыства Віктар Худніцкі, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама Ганна Трафіменка і галоўны бухгалтар Антаніна Загуста, было нялёгка вызначыць пераможцу. Але яны прынялі аднадушнае рашэнне – перамогу аддалі калектыву МТК «Вішнявец» (брыгадзір Марыя Талака), дзе былі даволі арыгінальна ўпрыгожаны ўсе кабінеты і вытворчыя памяшканні. Другое месца – за руплівымі працаўнікамі МТФ «Мархачоўшчына № 2» (брыгадзір Алена Войніч) і трэцяе – у жывёлаводаў МТФ «Вішнявец» (брыгадзір Людміла Пукач). Усе гэтыя калектывы атрымалі салодкія падарункі.

 

ПЕРАВЫКАНАЛІ ДЗЯРЖЗАКАЗ

Металалом – каштоўная другасная сыравіна, а яе перапрацоўка эканамічна выгадная для краіны. Сельскагаспадарчым прадпрыемствам раёна штогод даводзіцца дзяржаўны заказ па здачы лому чорных металаў. Сёлета гаспадаркамі адвезена на Стаўбцоўскі ўчастак ААТ «Белвторчермет» 712 тон, што дазволіла ў паўтара раза перавыканаць даведзены план. Найбольш вызначылася СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», дзе план перавыкананы больш як у чатыры разы, – здадзена 122,5 тоны. Больш, чым у два разы перакрылі даведзеныя заданні ААТ «Рочавічы» і «Дзераўное». ААТ «Шашкі» закрыла амаль палову ўсяго дзяржзаказу па здачы каляровых металаў.

Надзея Баталка, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *