Што пасееш – тое і пажнеш

Нумары Сельская гаспадарка

100118d

Стаўбцоўская дзяржаўная інспекцыя на насенняводстве, каранціне і ахове раслін выконвае важную задачу – ажыццяўляе кантроль па папярэджанні парушэнняў у вобласці насенняводства, каранціну і аховы раслін. У 2015 годзе калектыў па выніках работы заняў трэцяе месца ў вобласці сярод аднатыпных падраздзяленняў. Начальнік інспекцыі Таццяна Шапецька была ўзнагароджана Ганаровай граматай.

– Таццяна Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, у чым заключаецца работа інспекцыі?

– Калі коратка, то ў нашай інспекцыі налічваецца тры аддзелы. У аддзеле насенняводства працуюць вопытныя галоўны аграном Людміла Пронька, вядучы аграном Тамара Кірбуць і аграном-аналітык Таццяна Чэрнік. Яны правяраюць усё насенне, якое высяваецца і завозіцца ў раён. Віктар Сабалеўскі узначальвае каранцінны аддзел і вядзе фітасанітарны кантроль насення, якое імпартуецца ў краіну і вывозіцца за яе межы. Марыя Булаш адказвае за аддзел аховы раслін – гэта пратручванне насення, хімпраполкі, падрыхтоўка складоў, і адначасова з’яўляецца маім намеснікам.

– Раскажыце больш падрабязна.

– Асноўная работа сканцэнтравана ў насенняводчым аддзеле. Аснашчана ўсім неабходным лабараторыя, дзе ўстаноўлена імпартнае абсталяванне для вызначэння такіх якасных паказчыкаў насення, як вільготнасць, засмечанасць, усходжасць, жыццяздольнасць, наяўнасць шкоднікаў, маса тысячы насення.

Усе нашы патэнцыяльныя заказчыкі ведаюць, што згодна з патрабаваннямі насенны матэрыял абавязкова павінен быць правераны. Працуем па заяўным прынцыпе. Для адбору проб існуе канкрэтнае правіла, і яно ніколі не парушаецца. Напрыклад, калі насенне выкарыстоўваецца толькі для высявання ў данай гаспадарцы, то тамтэйшыя спецыялісты самі адбіраюць пробы і дастаўляюць іх у інспекцыю. А вось калі яно пакінута для рэалізацыі іншым сельгаспрадпрыемствам, то нашы аграномы выязджаюць па заяўцы для адбору матэрыялу непасрэдна на месца і затым робяць аналіз. Праводзім апрабацыю сельгаскультур, пацвярджаем іх сартавую якасць.

Вялікі аб’ём работ выконваем вясною. Уважліва правяраем кожную партыю насення кукурузы, якое паступае на філіял хлебапрыёмнага прадпрыемства і затым размяркоўваецца не толькі паміж гаспадаркамі нашага раёна, а і ў іншыя раёны вобласці. Выязджаем сумесна з інспектарам аддзела каранціну. Адабраныя пробы на вызначэнне гібрыднасці і паўнату пратручвання адпраўляем у Мінскую таксікалагічную лабараторыю.

У зімовы час кантралюем, як захоўваецца насенне збожжавых, зернебабовых і траў на збожжаскладах, насенне бульбы ў бульбасховішчах.

Праводзім маніторынг гандлёвых кропак, якія прадаюць пасяўны і пасадачны матэрыял, сродкі аховы раслін. Правяраем дакументы на наяўнасць пасведчання. Праводзім адміністрацыйную працэдуру – выдачу пасведчанняў і працяг тэрміну іх дзейнасці з дапамогай укаранёнай летась новай праграмы «Аўтаматызацыйная сістэма па рэгістрацыі і ўліку адміністрацыйных працэдур у насенняводстве». Заносім у камп’ютар усе даныя аб праведзенай рабоце і карыстаемся ёю для адпраўлення справаздачы ў вышэйстаячую арганізацыю.

– Ці выяўляецца падчас правядзення аналізаў некандыцыйнае насенне?

– Бывае. І ў першую чаргу па чысціні, калі спецыялісты нядобрасумленна адносяцца да відавых прачыстак пасеваў. Зазначу, што асабліва цяжка ачысціць насенне траў, у прыватнасці канюшыны. Дзеля гэтага выкарыстоўваецца спецыяльнае абсталяванне – магнітны ачышчальнік, якога пакуль што ў раёне няма, таму агранамічныя службы нашых гаспадарак карыстаюцца паслугамі Уздзенскага райаграсэрвіса і іншых. На даволі высокім узроўні пастаўлена работа з насеннем у ААТ «Агранёманскі», «Вялікі Двор», «Каганец». Апошнім часам паправіліся справы ў гэтым плане ў СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і ААТ «Рочавічы».

– А хто акрамя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў карыстаецца паслугамі інспекцыі на праверцы насеннага і пасадачнага матэрыялу?

– З раённых вытворцаў – сялянскія фермерскія гаспадаркі, у прыватнасці «Сула» і «Ініца», «ПульваСад». Вялікі аб’ём работ выконваем для ААТ «МінскСортНасенАгародніна» – правяраем насенне агародніны і кветак, а таксама для індывідуальнага прадпрымальніка з Дзяржынскага раёна і іншых. Зазначу, што згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб насенняводстве», правядзенне ўсіх аналізаў у нас цяпер платнае, як для дзяржаўных арганізацый, так і для камерцыйных структур. За мінулы год спрацавалі ў гэтым плане няблага, нашымі спецыялістамі праверана 2130 проб. Зароблена кругленькая сума – 40 751 рубель. Такім чынам, ёсць магчымасць абнаўляць аргтэхніку (камп’ютарамі аснашчаны ўсе аддзелы), праводзіць іншыя работы. Для паляпшэння ўмоў працы спецыялістаў летась у збудаванні абсталяваны цёплы санвузел з заменай каналізацыйнай сістэмы – работы хутка і якасна выканала ААТ «Стаўбцоўская ПМК». Крыху раней устанавілі бойлер для нагрэву вады – у рабоце, якая звязана з пастаянным мыццём лабараторнага посуду, гэта вельмі важна. Зрабілі рамонт фасада будынка. Паставілі плот з металапласту і праводзім далейшае добраўпарадкаванне тэрыторыі.

На здымку: начальнік інспекцыі Таццяна Шапецька (злева) і галоўны аграном Людміла Пронька прымаюць пробную партыю гароху ад намесніка дырэктара ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Ігара Баброва.

Надзея Баталка, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *