Пазітыў трэцяга ўзросту

Грамадства Нумары

image_pdfimage_print

61Можна супакоіцца і не  глядзець на сябе ў люстэрка, забыць пра сваё «я». А можна – ісці да людзей і там знаходзіць другую маладосць, адказы на самыя важныя пытанні…

– Чарговыя заняткі ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту, які працуе ў тэрытарыяльным цэнтры, праходзілі на базе трох факультэтаў у дзень святога Валянціна, што не магло не адбіцца на іх танальнасці, гарызонтах закранутых тэмаў – ад здароўя да сэнсу жыцця, – падкрэслівае аўтар ідэі і вядучы сустрэчы Сяргей Есіс. 

Так, на факультэце здаровага ладу жыцця выступіла доктар – загадчыца раённай паліклінікі Алена Падалянчык. Гутарка датычыла прафілактыкі анкалагічных захворванняў. Тэма  надзвычай балючая, хаця, як адзначыла Алена Іванаўна, людзі з падобным дыягназам праходзяць лячэнне і  працягваюць жыць. Апошнім часам лідзіруе рак такіх органаў як малочная залоза, шыйка маткі, скура, таму вялікае значэнне пры прафілактыцы мае суб’ектыўны фактар, а іменна правядзенне самааглядаў, прыслухоўванне да «голасу» свайго арганізма і, канешне, своечасовы зварот да спецыяліста. Для многіх стала навіной, што на прыём да ўрача ў нас можна запісацца, не выходзячы з дому, – па тэлефоне.

Ад праблем цялесных, якія знайшлі ў аўдыторыі самы жывы водгук, размова плаўна перайшла да духоўных, да заняткаў на іншым факультэце – духоўна-маральным. Сустрэцца з пажылымі людзьмі і адказаць на іх пытанні быў запрошаны настаяцель царквы «Адраджэнне» Уладзімір Бірук. Размова насіла не царкоўны, а хутчэй, хрысціянскі характар. У чым радасць жыцця? За што можна любіць сябе? Як праяўляецца духоўнасць? Гэтыя і іншыя пытанні рана ці позна вядуць чалавека да спазнання самога сябе і да ўсведамлення таго, што сэнс, які мы настойліва шукаем на ўсіх жыццёвых скрыжаваннях, крыецца ў вельмі простых рэчах. Неабходна жыць кожны дзень, любіць і паважаць адзін аднаго, быць удзячнымі  грамадству…

Разам з Уладзімірам Біруком у гасцях ва ўдзельнікаў універсітэта трэцяга ўзросту быў і музыкант з баянам Мікалай Галянко, што «адкрыла дзверы» на яшчэ адзін, трэці, факультэт. Гэты факультэт аказаўся самым лірычным і творчым, аздобленым конкурсам вершаў і імправізацыяй «Угадай песню», а таксама сувенірамі, што вырабіла сваімі рукамі ўдзельніца клуба «Гады – не бяда» Ала Мешыч. Агульная весялосць даставіла ўсім сапраўдныя хвіліны радасці.  Сярод удзельнікаў «трэцяўзроставага» ўніверсітэта пераважаюць менавіта жанчыны, абярэг сямейнага ачага, якія сваёй радасцю і ведамі шчыра падзеляцца з дзецьмі, унукамі, суседзямі, знаёмымі… Ад гэтага наша грамадства стане больш міласэрным і пазітыўным.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: падчас заняткаў ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту(злева направа): Лілія Хамко, Ніна Захаранкава, Валянціна Ермаковіч і Надзея Лінкевіч.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *