Дзяржава ўдзяляе шмат увагі сацыяльным аспектам падтрымкі шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Рэалізуюцца дзяржпраграмы, у тым ліку па льгатаванні будаўніцтва жылля. Многім шматдзетным сем’ям і асобам, якім патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў, пры падтрымцы дзяржавы ААТ «Беларусбанк» прадастаўляе крэдыты з нізкай працэнтнай стаўкай. Штогод каля тысячы сем’яў у Мінскай вобласці паляпшаюць такім чынам свае жыллёвыя ўмовы.
Пры гэтым заканадаўствам забаронена здача ў наём памяшканняў прыватнага жыллёвага фонду, пабудаванага з дзяржпадтрымкай, без дазволу мясцовых улад. За парушэнне гэтых нормаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Як высветлілася, некаторыя прадпрымальныя грамадзяне здаюць у арэнду жыллё, пабудаванае з прыцягненнем ільготнага крэдыту, парушаючы згаданыя патрабаванні.
У выніку разгляду зваротаў было ўстаноўлена, што ў адным жыллёва-будаўнічым спажывецкім кааператыве, размешчаным у аг. Міханавічы Мінскага раёна, гаспадыня 3-пакаёвай кватэры, пабудаванай з дзяржпадтрымкай, больш за два гады здавала ў наём два пакоі, не разлічыўшыся з крэдытам, а таксама без дазволу мясцовых улад і заключэння адпаведнага дагавору.
Як вынік – парушальніца прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя таго, ёй патрэбна заплаціць у бюджэт падаткі з улікам пені – каля 1300 рублёў.
У той жа час, пры здачы ў наём названай жылплошчы ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, памер абавязковых плацяжоў у бюджэт склаў бы напалову менш (каля 680 руб.).
Ці варта парушаць заканадаўства ў надзеі на «авось»?
Для звесткі: на працягу 2017 года ў Мінскі райвыканкам паступіла 23 заявы аб здачы ў наём жылля, пабудаванага з прыцягненнем ільготных крэдытаў, і, паводле інфармацыі названага органа, ва ўсіх выпадках былі прыняты станоўчыя рашэнні.
Камітэт дзяржкантролю па Мінскай вобласці