Энергетычная аўтаномія «Фрэора»

Нумары Прадпрымальніцтва У калектывах Стаўбцоўшчыны

24 гадзіны ў суткі, сем дзён на тыдзень, 365 дзён у годзе – роўна столькі працуюць сістэмы інжынернай інфраструктуры на СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн». Дзейнічаюць яны ў аўтаномным рэжыме, без удзелу персаналу, бяспечна і, самае галоўнае, – без выкарыстання газу, дроў або якіх іншых відаў паліва.

Дырэктар прадпрыемства Юрый Звыцэвіч не хавае задаволенасці – гэта іх вялікая знаходка. І «знойдзена» яна рукамі работнікаў самога прадпрыемства.

Вядома, што на «Фрэор Рэфрыгерайшн», які выпускае халадзільнае абсталяванне для аб’ектаў гандлю рознага фармату, раней было ўкаранёна геатэрмальнае ацяпленне (цяпло бяруць з зямлі), але ці рэальна ў нашых умовах не выкарыстоўваць ніводнага кубаметра газу?

– Не выкарыстоўваем ніводнага кубаметра газу і стараемся не губляць ніводнага кілавата электраэнергіі, – запэўнівае дырэктар. – Таму што ўся энергія, якая расходуецца на вытворчасць прадукцыі, здольна змяняць яе сабекошт у большы або меншы бок. Ацяпляльны сезон працяглы, і мы прыстасаваліся рэкуперыраваць энергію ад вытворчых установак, у тым ліку ад кампрэсараў сціснутага паветра, станкоў, пераводзіць яе ў цеплавую і пераразмяркоўваць. З дапамогай цеплавых помпаў здабываем энергію з зямлі. Гэта запатрабавала пэўных інвестыцый, але яны акупіліся за паўтара года. Цяпер эканомім значныя сумы. Ва ўдзельнай вазе выдаткаў нашы расходы на абагрэў будынкаў зменшыліся ў пяць разоў.

– Што яшчэ служыць энергазберажэнню на вашым прадпрыемстве?        

– Акрамя ацяплення пераводзім асвятленне на святлодыёдныя лямпы. Лакальна асвятляем тыя зоны, дзе працуе персанал, уключаем дзяжурнае асвятленне. Аднак асноўная энергаёмістасць – у станках, тэхналагічных працэсах, якія звязаны з нагрэвам матэрыялаў і перасоўных механізмаў, падачай сціснутага паветра. Тут мы прымяняем самыя апошнія распрацоўкі, самае новае абсталяванне з сусветнага рынку. Не шкадуем інвестыцый, таму што разумеем: укладзеш адзін раз – будзеш доўгі час выкарыстоўваць гэты больш высокі каэфіцыент карыснага дзеяння. Усе кампрэсарныя ўстаноўкі ў нас самых апошніх распрацовак, найбольш эфектыўныя станкі і абсталяванне – з паніжаным каэфіцыентам энергаёмістасці. Калі мы зможам ствараць дабаўленую вартасць у прадукце хаця б у два разы большую, чым маем цяпер, зможам набываць цалкам новае абсталяванне. Для гэтага трэба развівацца.

– Развіццё вытворчасці запатрабуе стварэння новых рабочых месцаў. Вы гатовы да гэтага?

– Сапраўды, асноўны штат у апошнія два-тры гады не расце. Але мы прыцягваем дастаткова многа сезонных рабочых па дагаворах працоўнага найму. Мы вельмі даражым касцяком кампаніі, які ў нас ёсць, і, безумоўна, будзем адкрываць новыя рабочыя месцы на конкурснай аснове для тых, хто добра сябе зарэкамендаваў, і яго хацелася б захаваць у якасці пастаяннага супрацоўніка.

– Вашай кампаніі споўнілася сем гадоў. Ёсць такія, хто працуе з першага дня?

– У 2010 годзе нас было 30 чалавек. А сёння ў асноўным саставе – 98 чалавек, і яшчэ тыя, хто працуе па дагаворах працоўнага найму. З тых 30-ці большая палова працягвае працаваць і сёння. За сем гадоў мы стварылі кваліфікаваную і арганізаваную каманду інжынераў, каманду ўпраўленцаў. Што датычыць лагістыкі паставак, тэхналагічнага ўдасканалення прадукту, інжынерных распрацовак новых узораў, – у нас ёсць кадры вельмі высокага ўзроўню. Мы іх вырасцілі, выхавалі, навучылі. Стажыроўкі нашых работнікаў праходзяць на партнёрскім прадпрыемстве ў Вільнюсе, якое працуе выключна на еўрапейскі рынак. Нашы работнікі з радасцю ідуць на працу і задаволены сваёй заработнай платай. Зваротная сувязь такая, што кожны з нас ганарыцца тым, што працуе на прадпрыемстве «Фрэор Рэфрыгерайшн», і што яно развіваецца ў правільным накірунку.    

– На рынку ў «Фрэора» шмат канкурэнтаў. У бізнесе заўсёды прысутнічае рызыка. Якія напрамкі развіцця вы абралі?

– Мы ўкліньваемся ў такі рынак, дзе ўсе нашы асноўныя канкурэнты працавалі і да нас. У бліжэйшыя два-тры гады нам неабходна пашырыць геаграфію продажаў. Зыходзячы з таго, што асноўная зона нашага экспарту – Расійская Федэрацыя, будзем умацоўваць сваё становішча на рынках краін Мытнага саюза і выходзіць на замежныя рынкі, у прыватнасці краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. З гэтым звязваем далейшае развіццё, пашырэнне, арганізацыю новых рабочых месцаў на прадпрыемстве.

– Гэта задача стратэгічная. Што неабходна для яе выканання?

– У першую чаргу – сучасныя тэхналогіі, стварэнне прадукту больш высокай якасці, якога патрабуе сёння еўрапейскі спажывец. Гэта пашырэнне асартыменту. Вельмі важны паказчык – энергаэфектыўнасць. Калі на расійскім рынку ён займае трэцюю-чацвёртую пазіцыю, то на еўрапейскім рынку – першую. А гэта нельга ўкараніць без тэхналогіі, інжынерыі, самых апошніх распрацовак, якія, дарэчы, нашы еўрапейскія канкурэнты вельмі эфектыўна праводзяць. Дзякуючы таму, што ў нас ёсць партнёрскае прадпрыемства ў Вільнюсе, мы маем доступ да сучасных тэхналогій. Трэба навучыцца згодна з імі выпускаць прадукцыю якасна, у тэрмін і па прымальнай цане.  

– У ражджэственскія дні хочацца гаварыць не толькі пра справы вытворчыя. Многія прадпрыемствы дадаткова нясуць сацыяльную нагрузку, не звязаную, зразумела, з выплатай дастойнай заработнай платы сваім работнікам. Што вы можаце сказаць на гэты конт?

– Не варта займацца самарэкламай. Усім, хто звяртаецца і каму цяжка, хто трапіў у складаныя ўмовы не па ўласнай волі або робіць высакародную справу, наша кампанія па магчымасці стараецца дапамагаць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *