З калядным настроем

Культура Нумары

130118f

Адметнай традыцыяй у сферы культуры нашага раёна з’яўляецца штогадовая мастацкая выстава работ майстроў народнай творчасці Стаўбцоўшчыны.

Нязменным арганізатарам яе з’яўляецца Аліна Халявінская. Сама самабытны майстар у розных відах мастацкай творчасці, Аліна Антонаўна сумела аб’яднаць творчых людзей у клуб народнай творчасці «Пралеска», які ўзначальвала каля 30 гадоў, і якому прысвоена званне «народны». Цяпер Аліна Халявінская свой вопыт і майстэрства рэалізуе ў Стаўбцоўскім цэнтры народнай творчасці, дзе таксама стварыла клуб майстроў. Менавіта ў гэтай установе культуры і адбылася мастацкая выстава «Калядныя ўзоры».

Выстава прайшла ў вельмі ўтульнай, камфортнай душэўнай атмасферы. Свае работы ў самых розных жанрах прадставілі 24 майстры раёна. Аліна Халявінская на адкрыцці выставы гасцінна ўсіх прывітала, падзякавала за актыўнасць ва ўдзеле на працягу мінулага года ў розных фестывалях і конкурсах, якія праходзілі не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці і рэспубліцы.

У выставе «Калядныя ўзоры» прынялі ўдзел як знакамітыя, прызнаныя майстры, так і тыя, хто першы раз выставіў свае работы. Напрыклад, для наведвальнікаў выставы адкрыццём стала тое, што вядомы ў нашым раёне ўрач-стаматолаг Ніна Малюшкіна асвоіла выраб прыгожых мастацкіх лялек. Таксама ўпершыню завіталі на выставу са сваімі творамі вышывальшчыца Людміла Клімко са Слабады, майстры лозапляцення муж і жонка Аляксандр і Святлана Блатуны з Новага Свержаня, майстар пляцення з газетных трубачак Ірына Шабуня з Задвор’я. Віктар Русецкі з Дзераўной спецыялізуецца як рэзчык па дрэве. І як нечакана прыемна было ўсім даведацца, што ён яшчэ – і выдатны майстар пляцення з лазы. Вышывальшчыца са Слабодкі Вольга Шапялевіч прадставіла свае карціны. Педагог Ірына Логвін з Мікалаеўшчыны вырабляе найпрыгажэйшыя лялькі. Як адзначае Аліна Халявінская, на сучасны момант вялікай адметнасцю клуба з’яўляюцца менавіта майстры па вырабе лялек – творы іх рук вельмі адметныя, з самых розных матэрыялаў.

Заўсёды ўдзельнічае ў выставе прызнаны разьбяр па дрэве, член рэспубліканскага саюза мастакоў Валерый Чараднічэнка. У былым ваенны, падпалкоўнік, з настаўніцкім стажам у гімназіі № 1, дзе заснаваў народную студыю разьбяроў, Валерый Фёдаравіч прыемна здзіўляе аматараў выставы сваімі новымі творчымі распрацоўкамі, выкананымі рэльефнай разьбой. Яшчэ адзін прызнаны разьбяр Леанід Сенька з Дзераўной – майстар драўлянай скульптуры. Яго работы таксама вельмі адметныя аўтарскім падыходам. А стаўбчанін Міхаіл Бычко мае дар ад Бога ўбачыць адметнае ў прыродзе і стварыць лясную скульптуру.

Кожны год бяруць удзел у гэтай ражджэственскай выставе педагогі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй і Ірэна Зянько. Андрэй Васільевіч прадстаўляе сваю цудоўную акварэль, а Ірэна Міхайлаўна – непераўзыдзены ў нашым раёне выканаўца батыку – жывапісу на шоўку. Выкладчык Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Мартыненка асвоіла тэкстыль. Гэтую таленавітую мастачку добра ведаюць у раёне як стваральніцу прыгожых рэчаў са стужак і іншых твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Былы фельчар хуткай дапамогі Людміла Самахвалава ўлілася ў клуб майстроў народнай творчасці як майстар лозапляцення і вырабу мастацкіх рэчаў з газетных трубачак. Дырэктар Стаўбцоўскага цэнтра народнай творчасці Марына Халецкая дэманструе такі адметны від творчасці, як выраб мастацкіх рэчаў са жгута. Наталля Таболіч прыехала з пекарскай скульптурай.

Стаўбцоўскі клуб майстроў народнай творчасці адметны ў Мінскай вобласці тым, што развіваецца такое рэдкае на сучасны момант рамяство, як выраб рэчаў з сасновай драніцы. Займаецца гэтай творчасцю сям’я стаўбчан Часлава і Аліны Халявінскіх. Аліна Антонаўна з’яўляецца і адметным майстрам саломапляцення, заснавала ў Старасвержанскай школе студыю «Чароўная саломка», пляце паясы, займаецца роспісам яек, можа выканаць іншую мастацкую работу. Да яе горнуцца творчыя людзі, адчуваюць заўсёды падтрымку, атрымліваюць натхненне.

Аліна Халявінская на ўрачыстым адкрыцці выставы запрасіла творчых людзей прымаць удзел у мастацкіх выставах, выязджаць на фестывалі за межы раёна. Яна агучыла прысутным такую прыемнасць. Пры падтрымцы старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыя Горлава, па ініцыятыве начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алены Суднік напрыканцы 2017 года для Стаўбцоўскага цэнтра народнай творчасці набыта спецыялізаваная палатка для арганізацыі мастацкіх выстаў з выездам. На такі клопат, увагу да здатных, таленавітых людзей нашага раёна майстры народнай творчасці абяцаюць славіць родную Стаўбцоўшчыну сваім досведам, творчасцю і дэманстрацыяй талентаў на розных прэстыжных конкурсах.

Газетная плошча не дазваляе назваць усіх майстроў, хто прадставіў свае творчыя работы на выставу, таму варта наведаць яе і паглядзець сваіма вачыма. Выстава «Калядныя ўзоры» працягвае працаваць у Цэнтры народнай творчасці, які размешчаны ў вёсцы Яблынаўка. Цікава будзе не толькі пабыць на выставе, а і пазнаёміцца з дзейнасцю Цэнтра, паглядзець іншыя экспазіцыі ў скарбонцы гэтай установы культуры.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *