Да юбілею Міншчыны падведзены вынікі абласнога конкурсу БРСМ «Малады лідар Міншчыны». Сярод яго пераможцаў ёсць і прадстаўнік Стаўбцоўшчыны.
Ім стаў у намінацыі «Лідар Міншчыны ў сферы лясной гаспадаркі» Сцяпан Явід, галоўны ляснічы Стаўбцоўскага лясгаса. Яго праект – «Экалагічная веласцяжына Стаўбцоўскага лясгаса» – выдатна прэзентуе наш раён і акрэслівае такія актуальныя накірункі, як развіццё мясцовых ініцыятыў, прыродаахоўнае аднаўленне, здаровы лад жыцця, актыўны адпачынак. Экалагічная веласцяжына была адкрыта ў 2016 годзе ў маляўнічых мясцінах Кульскога і Хатаўскога лясніцтваў, і Сцяпану Явіду, які ў той час займаў пасаду ляснічага Кульскога лясніцтва, давялося браць непасрэдны ўдзел у яе стварэнні. Распрацоўвалі маршрут, шукалі гістарычныя звесткі пра аб’екты, займаліся добраўпарадкаваннем.
Узнагароджанне пераможцаў конкурсу прайшло ў Слуцкім гарадскім палацы моладзі з удзелам старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Івана Ліпніцкага, галоўнага спецыяліста ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Марыны Саўчук і другога сакратара абласнога камітэта БРСМ Кацярыны Канановіч.
Значнасць конкурсу «Малады лідар Міншчыны» падкрэслівае і праграма, якая была прапанавана ўдзельнікам цырымоніі ўзнагароджання.
– Мы наведалі музей слуцкіх паясоў, пабывалі на Слуцкім сыраробчым камбінаце і прадэгусціравалі яго прадукцыю, сталі гледачамі канцэрта, – расказала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – Таксама прайшоў адкрыты дыялог на тэму «Жыццё ў рэгіёнах – новыя магчымасці», мадэратарамі якога выступілі мае калегі – першыя сакратары Дзяржынскага і Мінскага раённых камітэтаў БРСМ. Актыўны ўдзел у абмеркаванні ўзяла і член дэлегацыі нашага раёна, малады спецыяліст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Паліна Чапская.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
НА ЗДЫМКУ: старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі ўручае ўзнагароду Сцяпану Явіду.