Да 100-годдзя БелТА. БелРОСТА, або Як усё пачыналася

Нумары Тэма тыдня

Нацыянальная інфармацыйная служба Беларусі вядзе гісторыю са снежня 1918 года. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваліся ўнікальныя дакументы аб яе з’яўленні.

Галоўнай задачай гэтай службы было інфармаванне сусветнай грамадскасці аб працэсе стварэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусіі (ССРБ; будучая БССР), абвешчанай 1 студзеня 1919 года.

Аднак наладзіць работу дзяржаўнай інфармацыйнай службы ў савецкай Беларусі ўдалося толькі пасля завяршэння Грамадзянскай вайны. У студзені 1921 года Прэзідыум Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускага бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва (БелРОСТА).

БелРОСТА пачало работу ў Мінску ў студзені 1921 года. Як паведамлялася ў газеце «Звязда» за 18 студзеня, новая структура будзе «абслугоўваць мясцовай і агульнай інфармацыяй усе мясцовыя і павятовыя газеты, а таксама праз аддзяленні ў паветах арганізуе сетку карэспандэнтаў у беларускай вёсцы».

На 1 кастрычніка 1921 года ў БелРОСТА было занята 17 чалавек, не лічачы некалькіх супрацоўнікаў, якія працавалі па сумяшчальніцтве. У той час у складзе БССР было шэсць паветаў, БелРОСТА мела пяць павятовых аддзяленняў: Бабруйскае, Барысаўскае, Слуцкае, Ігуменскае і Мазырскае, а жыццё Мінскага павета асвятлялася непасрэдна супрацоўнікамі цэнтральнага апарату БелРОСТА.

У першы рэдакцыйны склад БелРОСТА ўвайшлі выдатныя дзяржаўныя і партыйныя дзеячы. Так, назначаны адказным кіраўніком БелРОСТА Вітольд Ашмарын быў сакратаром Прэзідыума ЦВК БССР. Рэдакцыю па прафпытаннях узначаліў Аляксандр Ходаш, эканамічную – Вільгельм Кнорын. На чале рэдакцыі па беларускіх пытаннях стаў Дзмітрый Жылуновіч (Цішка Гартны) – вядомы дзеяч беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторык, публіцыст, пісьменнік.

Беларускае бюро адпраўляла ў Маскву для агульнарасійскага «Вестника» і для ЗамежРОСТА тэлеграмы, якія змяшчалі ў сярэднім па дзесяць інфармацыйных паведамленняў аб жыцці ў БССР і на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якія знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Для айчыннай прэсы БелРОСТА амаль кожны дзень выпускала 10-12-старонкавыя інфармацыйныя бюлетэні. Матэрыялы гэтых бюлетэняў перадрукоўваліся буйнейшымі рэспубліканскімі газетамі: рускамоўнай «Звяздой», беларускамоўнай «Савецкай Беларуссю», яўрэйскім «Векерам» і павятовымі перыядычнымі выданнямі. Заметкі БелРОСТА друкаваліся ў краёвых газетах Віцебшчыны, Смаленшчыны, Гомельшчыны, якія тады яшчэ не ўваходзілі ў склад беларускай рэспублікі.

Па даручэнні Наркамата замежных спраў БССР БелРОСТА выпускала спецыяльны бюлетэнь для замежнай прэсы, матэрыялы якога публікаваліся ў газетах «Варшаўскі голас» і віленскай «Нашай Думцы».

Бюро рэгулярна выпускала газеты тыражом да пяці тысяч экзэмпляраў, назвы якіх гавораць самі за сябе: «Берегитесь холеры», «Крестьяне, сдавайте продналог», «Оздоровляйте свои жилища», «Крестьянин, помоги голодному».

Штотыднёва выдавалася так званая вусная газета, тэкст якой перадаваўся Галоўпалітасвеце і затым зачытваўся ўслых спецыяльнымі чытальнікамі на прадпрыемствах, у чырвонаармейскіх часцях і перад палоннымі, якія вярталіся з Польшчы. Кожны дзень БелРОСТА вывешвала ў людных месцах Мінска вітрынныя плакаты з апошнімі паведамленнямі аб жыцці краіны.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *