Надзейка, дапамажы табе Божа!

Грамадства Нумары

image_pdfimage_print

62Першае знаёмства са Святланай Канашэнка адбылося ў нас у рэдакцыі. Святлана прыйшла апублікаваць сваю просьбу да жыхароў раёна дапамагчы сабраць патрэбную суму грошай, каб адправіцца з шасцігадовай цяжка хворай дачкой Надзейкай на лячэнне за мяжу. Святлана Канашэнка падкупіла мяне чыстым позіркам, сваёй унутранай культурай, далікатнасцю і нечым такім патаемна глыбокім, што забыць гэтую сустрэчу было немагчыма. Рыхтаваўшы матэрыял да друку, праніклася болем гэтай сям’і, у якой дзіця-інвалід І групы з многімі складанымі дыягназамі. І я напрасілася да іх у госці.

Ад знаёмства з сям’ёй Канашэнкаў у мяне засталіся яркія і глыбокія ўражанні. Імі хочацца падзяліцца з чытачамі нашай газеты, таму што Надзя Канашэнка стала блізкай  многім жыхарам нашага раёна: не першы раз ужо ажыццяўляецца агульная справа міласэрнасці па зборы сродкаў на лячэнне дзіцяці.

Гэтая дзяўчынка-інвалід не можа многага, нават нічога не можа з таго, што могуць іншыя дзеці. Яна не ходзіць, не размаўляе. Доўгі час нічога не бачыла. Надзя з блізнят, якая засталася жыць. Святлана год прабыла з ёю ў бальніцы, дзяўчынка перанесла шэсць складаных аперацый. Хвароба дзіцяці – гэта не толькі пакуты самой дзяўчынкі. Побач з ёю змагаюцца, любяць, пакутуюць блізкія ёй людзі.

Бацькам прыйшлося не раз чуць у свой адрас, што аб такіх інвалідах можа паклапаціцца дзяржава, ёсць для гэтага спецыяльныя ўстановы, і ці ёсць наогул сэнс прыкладваць сілы лячыць такіх інвалідаў. Так, жыццё маленькага, не такога як усе, чалавечка залежыць ад выбару бацькоў, ад іх духоўна-маральнага стану. Многія з дзяцей-інвалідаў так і не ўбачылі сваёй роднай сям’і.

Надзейцы пашанцавала. Яе любяць да самазабыцця. Святлана — педагог па адукацыі, але пакінула работу ў школе і прысвяціла сваё жыццё хвораму дзіцяці. Апора, надзейная падтрымка ёй — муж Руслан, які сваёй трэнерскай работай у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе займаецца цяпер на паўстаўкі. Астатні час ён таксама прысвяціў сям’і. Праграма Нейра-пера-абучэнне і Доман +, па якой займаюцца з хворай дзяўчынкай, патрабуе бесперапынных практыкаванняў і заняткаў. Час распісаны па хвілінах. На нашу сустрэчу было выкраена паўгадзіны – абед і падрыхтоўка да сну Надзі. Аднак гэтага часу мне спаўна хапіла, каб сагрэцца любоўю, незвычайна цёплай атмасферай сям’і Канашэнкаў. Кватэра напамінае трэнажорную залу, хоць не пазбаўлена ўтульнасці, дамашняга камфорту і прыемнай цішыні. Ствараюць гэта ў першую чаргу іканастас з запаленымі лампадкамі, дзіцячыя цацкі, плакаты. Для многіх будзе нечакана пачуць, але я сустрэла шчаслівую сям’ю. Самаахвярнасць бацькоў, недаспаныя ночы, напружанне душэўных і фізічных сіл застаюцца скрытыя ад нас. Мы ж бачым толькі любоў, якую выпраменьваюць іх вочы. Іх акрыляе надзея і радасць ад відавочнага змянення стану Надзі. Мама просіць дзяўчынку паглядзець мне ў вочы, і мы з ёю сустракаемся позіркамі. У Надзі такі надзвычай чысты і светлы выгляд, такі выраз твару, што мне здаецца – яна бачыць анёлаў. Каб паказаць мне, што Надзя жывое дзіця, якое здольнае тонка адчуваць і перажываць, Святлана робіць з ёю любімыя Надзіны практыкаванні на крэсле, і дзяўчынка  смяецца.

Людзі сваім рацыянальным розумам не заўсёды могуць зразумець, як у абсалютна нармальнай сям’і нараджаюцца дзеці-інваліды ці сям’я наогул не можа мець дзяцей. Святлана і Руслан, веруючыя людзі, разумеюць, што з’яўленне дзіцяці-інваліда ў сям’і ёсць асобы дар Божы, які здольны пры пэўных адносінах да дзіцяці пераўтварыць усё жыццё членаў сям’і. Так і атрымалася. Дзіця, знявечанае хваробай, застаецца любімым, жаданым, чалавекам з жывой душой, мае патрэбу ў тым, у чым мае патрэбу любы чалавек і ўсякая асоба. У цяжкіх умовах часам катастрафічнай інваліднасці, як бы на высушанай глебе, гэтыя дзеці жывуць сваім адзіным і непаўторным жыццём. І важна, каб грамадства, мы з вамі, узяўшы на сябе адказнасць, не адштурхнулі не такога як усе чалавека.

І гэтыя дзеці могуць даць нам больш, чым даём мы ім. Бог можа праз іх адарыць нас тым, што іншым чынам мы проста не змаглі б атрымаць.

На дапамогу Канашэнкам прыйшлі дабравольцы-валанцёры з каталіцкай парафіі. Гэтыя людзі прыходзяць і дапамагаюць Святлане рэалізоўваць праграму рэабілітацыі. Без дапамогі маці даводзілася практычныя дапаможнікі пісаць ноччу. Валанцёры крышку «разгрузілі» ад бесперапынных клопатаў Святлану. Дапамога гэтая заключаецца ў правядзенні з Надзеяй практыкаванняў на трэнажорах, у падрыхтоўцы патрэбных практычных дапаможнікаў. Сярод дарослых падзвіжнікаў ёсць дзяўчынка Ульяна, якая цэлыя летнія канікулы прыходзіла да Надзі і дапамагала ёй. Святлана не пералічвае імён гэтых людзей, Бог ведае. Сярод іх тыя, хто сам перажыў у сваім жыцці гора, хто мае добрае сэрца і паказвае асабісты прыклад дабрадзейнага жыцця. Іісус Хрыстос гаворыць, што калі мы клапоцімся аб іншых, асабліва аб пакутных, мы клапоцімся аб Ім (гл. 25 Святога Евангелля ад Мацвея). Дыстанцыя паміж намі і Богам – гэта адлегласць паміж намі і тымі, хто мае ў нас патрэбу. Будзем спадзявацца, што нам гэтую дыстанцыю ўдасца хоць крыху прайсці і стаць бліжэй да Бога. Кватэра Канашэнкаў па вуліцы Свярдлова, 33,  адкрыта для добрых людзей. Тых, хто выкажа жаданне дапамагаць Надзі, гасцінна прымуць. Гэта дасць магчымасць зрабіць не такім напружаным графік іншых валанцёраў, хто удзельнічае ў рэабілітацыйнай праграме хворай дзяўчынкі.

Руслан Канашэнка рыхтуе машыну для выезду за мяжу на лячэнне Надзі. Міласэрныя людзі не засталіся ў баку, адгукнуліся на просьбу. Дабрачынны рахунак папаўняецца, у Святланы і Руслана ёсць надзея, што паездка на лячэнне, рэабілітацыю і навучанне з удзелам трох важных для Надзі вузкіх спецыялістаў адбудзецца. З 24 сакавіка па 4 красавіка Таварыства Nadzwyczajne Dzieci правядзе 12-дзённы лагер у Ліепае (Латвія) у супрацоўніцтве з Dizvianagi – арганізацыяй Нідэрландаў і Бельгіі. Святлана і Руслан Канашэнкі шлюць людзям нізкі паклон. Святлана верыць, што Надзя стане на ножкі і пакліча яе: «Мама!» І не толькі верыць, але і не губляе ніводнай каштоўнай мінуты, каб наблізіць гэты дзень. Яна самаахвярна займаецца па праграме. Вынікі такія відавочныя, што няма ніякага сумнення ў перспектыўнасці і правільнасці выбранага лячэння.

Ёсць у сям’і Канашэнкаў такая традыцыя. Адна са сцен кватэры завешана сэрцайкамі з паперы, на якім кожны, хто наведвае Надзю, піша ёй сваё пажаданне. Просяць напісаць і мяне. Я пакідаю сваё сэрцайка: «Надзейка, дапамажы табе Божа!»

Святлана ЖЫБУЛЬ

Р. S. Дабрачынныя рахункі адкрыты ў ААТ «Беларусбанк» у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 624 г. Стоўбцы, вул. Цэнтральная, 6 «Б», УНП 100603596; МФО 153001601: беларускія рублі – транзітны рахунак № 3819382124015 на дабрачынны рахунак  № 000011 у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 624, дата заканчэння дзеяння дагавору дабрачыннага рахунку 25.09.2015 года, долары ЗША – транзітны рахунак № 3819382124871 на дабрачынны рахунак № 000040 у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 624, дата заканчэння дзеяння дагавору дабрачыннага рахунку 25.09.2015 года.

Назначэнне плацяжу: для залічэння на дабрачынны рахунак Канашэнка Святланы Браніславаўны для лячэння і рэабілітацыі дачкі Канашэнка Надзеі Русланаўны.

Для паштовых пераводаў: 222666, г. Стоўбцы, вул. Свярдлова, д. 33, кв. 16, Мінская вобласць, РБ, Канашэнка Святлане Браніславаўне.

Электронны кашалёк Easy Pay 39818432.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *