На варце дзяцінства

Нумары Соцыум

170118a

14-га студзеня 1918 года – дзень нараджэння камісіі па справах непаўналетніх, дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, арганізуе работу па абароне іх правоў.

Якія задачы ў раённай камісіі па справах непаўналетніх на сучасным этапе? У чым вынік яе працы? Што важна данесці да бацькоў падлеткаў? На гэтыя і іншыя пытанні мы паспрабавалі знайсці адказы ў інтэрв’ю з кіраўніцтвам раённай камісіі. З улікам юбілейнай нагоды размова адбылася ў нетрадыцыйным, сумесным, фармаце – адразу са старшынёй камісіі Сяргеем ШЭСЦЕЛЕМ і намеснікам Наталляй ХВАСЬКО.

– Відавочна, ваш тандэм спрыяе эфектыўнай рабоце і ўзаемадзеянню з іншымі зацікаўленымі службамі.

– Мы пачыналі працу ў камісіі разам, дзесяць гадоў таму. У склад камісіі яшчэ ўваходзяць сакратар і 13 членаў, ён зацвярджаецца райвыканкамам.

– Дзесяцігоддзе ў маштабах стагоддзя – невялікая дыстанцыя, але, па сучасных мерках, ці не самая дынамічная. Як змянілася роля камісіі? Па якіх крытэрыях ацэньваецца яе работа з падлеткамі, сем’ямі?

– Камісія працуе ў адпаведнасці з Палажэннем аб дзейнасці камісіі па справах непаўналетніх, кіруецца Законам «Аб асновах сістэмы прафілактыкі, безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх», Дэкрэтам № 18 і іншымі нарматыўнымі дакументамі. Можна сцвярджаць, што на працягу апошніх сямі гадоў на Стаўбцоўшчыне адзначаецца змяншэнне колькасці дзяцей, якія былі адабраны ў бацькоў, правапарушэнняў і злачынстваў, што ўчынены непаўналетнімі. І гэта вынік прафілактычнай работы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі пры каардынуючай ролі камісіі, як гэта і прапісана ў названым вышэй законе.

Мы працуем у цесным узаемадзеянні з сельвыканкамамі, установамі адукацыі, культуры, аховы здароўя, інспекцыяй па справах непаўналетніх, упраўленнем па працы, працоўнымі калектывамі і, зразумела, сем’ямі. Асноўная задача – па меры магчымасці аказаць дапамогу кожнай сям’і, дзе ўзніклі праблемы ці пэўныя цяжкасці, дабіцца, каб дзеці змаглі жыць разам з бацькамі. А яшчэ важна, каб не было фактаў, за якія камісіі прыходзіцца хадайнічаць аб накіраванні падлетка ў спецустанову. Жаданым вынікам нашай работы будзе адсутнасць падлеткавай злачыннасці.

– У сувязі са 100-гадовым юбілеем хацелася б бліжэй пазнаёміць чытачоў газеты з тымі, хто працуе ў камісіі.

– У камісіі прадстаўлены ўсе суб’екты прафілактыкі. Прычым, прадстаўлены кіруючымі работнікамі, кампетэнтнасць якіх, аўтарытэт дазваляюць як вырашаць пытанні прафілактыкі, так і весці работу з сем’ямі, абавязанымі асобамі, садзейнічаць у другаснай занятасці непаўналетніх, іх аздараўленні ў канікулярны і летні перыяды. Сярод іх – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Язвінская, галоўны спецыяліст аддзела і старшыня раённай арганізацыі Беларускага дзіцячага фонду Алена Гамза, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Жанна Нікалаеня, намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Наталля Усціновіч, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы Наталля Тарарай, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч, загадчыца паліклінікі Інеса Дударэвіч, загадчыца юрыдычнага сектара райвыканкама Вольга Суднік, першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Полацкі, сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, загадчыца аддзела гарадскога жыцця і прамысловасці рэдакцыі газеты «Прамень» Таццяна Пяткевіч. Прафілактыка сямейнай нядобранадзейнасці вядзецца праз працоўныя калектывы, раённую газету, таму ў склад камісіі ўключаны намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль, журналіст газеты. Згодна з Палажэннем, працуюць у складзе камісіі педагог-псіхолаг СПЦ Іна Гапановіч (яна ж і сакратар камісіі), педагог сацыяльны Святлана Найдзён. Члены камісіі выконваюць свае абавязкі на грамадскіх пачатках.

У пасяджэннях камісіі прымае ўдзел і памочнік пракурора Юлія Чабан, а таксама старшы інспектар РАНС Таццяна Тарасевіч, урач-нарколаг Яўген Бахар, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Яўгенія Слесарчык. Можна называць і іншых памочнікаў камісіі. Сярод іх – раённы ўрач-педыятр, які дапамагае з арганізацыяй аздараўлення непаўналетніх у летні перыяд. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў у летні перыяд прадастаўляюць работу падлеткам, у тым ліку тым, хто пастаўлены на ўлік. З боку апошніх – таксама ёсць жаданне працаваць і зарабіць. Нашы падлеткі ў цэлым прыслухоўваюцца да рэкамендацый, адэкватна рэагуюць на заўвагі. Аднак учынілі правапарушэнне, бо памылкова спадзяваліся застацца незаўважанымі, беспакаранымі.  

– З асабістага досведу члена камісіі ведаю, што яе дзейнасць не абмяжоўваецца аднымі пасяджэннямі, на якіх разглядаюцца адміністрацыйныя матэрыялы, хадайніцтвы ўстаноў адукацыі і т.п. Які вопыт у цэлым назапашаны?

– Пасяджэнні праходзяць два разы ў месяц, таму што адміністрацыйныя матэрыялы павінны быць разгледжаны на працягу 15-ці дзён з дня паступлення ў камісіію. У мінулым годзе былі арганізаваны выязныя пасяджэнні на базе трох школ раёна. Выкарыстоўваецца і будзе працягнута такая форма, як абагульненне вопыту работы з падлеткамі і сем’ямі на базе ўстаноў культуры. Стала традыцыяй заслухоўваць падчас пасяджэнняў кіраўніцтва школ, дамоў культуры. Са справаздачамі запрашаюцца звычайна тыя, дзе, згодна з аператыўнай інфармацыяй райаддзела міліцыі, пагоршылася крымінагенная абстаноўка сярод непаўналетніх.

Штодзённая работа камісіі ўключае ажыццяўленне маніторынгаў ва ўстановах адукацыі і культуры, метадычную дапамогу, удзел у семінарах і бацькоўскіх сходах, сустрэчы з вучнямі, рэйдавыя мерапрыемствы… Важна ведаць, чым заняты падлеткі ў вольны час, фарміраваць у іх прававую культуру і адказнае стаўленне да сваіх паводзін. На жаль, іншым разам сутыкаемся і з тым, што бацькі не да канца ўсведамляюць сваю адказнасць за дзяцей да дасягнення імі 18-ці гадоў. Камісія аказвае пасільную дапамогу, але ўсё-такі галоўны выхавацель – гэта сям’я.

– Можна прывесці прыклад, калі камісія атрымала задавальненне ад сваёй работы?

– Запомнілася адна сям’я, якая стаяла на ўліку як нядобранадзейная. Трое дзяцей, але матуля з імі не пражывала. Выхаваннем займаліся бацька, бабуля. У сям’і былі грашовыя, іншыя праблемы… Камісія дапамагла са спагнаннем аліментаў, наведвала сям’ю, падтрымлівала, давала парады. У выніку – старэйшая дзяўчынка паступіла ў лінгвістычны ўніверсітэт на бюджэтнае аддзяленне. Сёння яна займаецца на трэцім курсе…

Больш бы такіх прыкладаў! Для хутчэйшага вываду дзяцей з сацыяльна небяспечнага становішча за сем’ямі (такіх у раёне 106, 190 дзяцей) замацаваны кіруючыя асобы раёна. Ёсць сярод іх і члены камісіі. Нядаўна яны пабывалі ў гэтых сем’ях з дабрачыннай акцыяй «Нашы дзеці», уручылі дзецям падарункі.  

З нагоды юбілею выказваем членам камісіі, суб’ектам прафілактыкі словы ўдзячнасці за сумесную работу, пажаданні моцнага здароўя, радасці ад кожнага дня, душэўнага цяпла, поспехаў у працы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *