Камбайнавы экіпаж у складзе Сяргея Ланкевіча і Мікалая Станкевіча з ААТ «Радзіма Якуба Коласа» выйшаў сёлета прызёрам у раённым спаборніцтве на ўборцы збожжавых і прымаў удзел у раённым свяце «Дажынкі-2017». Плённа парупіліся працаўнікі і на буракаўборачным камбайне.
У НАДЗЕЙНЫХ ВЫТВОРЦАЎ
Кукуруза ў гаспадарках раёна ў гэтым годзе размесціцца прыкладна на сямі тысячах гектараў. Для засявання такой плошчы неабходна набыць звыш 200 тон насення. Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь асаблівая ўвага заўжды надаецца яго якасці, таму закупляць насенне трэба толькі ў надзейных вытворцаў. Згодна з праграмай па імпартазамяшчэнні і развіцці вытворчасці айчыннага насення гібрыдаў кукурузы, сельгасвытворцамі заказана на ТАА «Брэст-травы» 28 тон насення такіх сартоў, як «палескі 212 СВ», «алмаз», «крэмень 200 СВ» і «лювена». Астатняя колькасць насення, а гэта гібрыды замежнай селекцыі, плануецца паставіць гаспадаркам, як і ў мінулыя гады, праз КУП «Мінаблмясамалпрам».
НА ЛІНЕЙКУ ГАТОЎНАСЦІ
У рамонтных майстэрнях сельгаспрадпрыемстваў раёна актыўна вядзецца рамонт тэхнікі. Для правядзення веснавых-палявых работ пастаўлена на лінейку гатоўнасці большая палова наяўных у гаспадарках глебаапрацоўчых агрэгатаў.
Па тэмпах наперадзе ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дзе даведзены да ладу дзесяць адзінак тэхнікі і закуплены запчасткі для рамонту камбінаваных пасяўных агрэгатаў і сеялак. На высокім узроўні пастаўлена работа ў ААТ «Вішнявецкі-агра», дзе створана трывалася рамонтная база. Рупнасць праяўляюць працаўнікі ААТ «Каганец» і «Жацерава». Гатовы выйсці ў поле каля васьмідзесяці працэнтаў энерганасычаных трактароў, якія складаюць машынна-трактарны парк гаспадарак раёна.
НАПЕРАДЗЕ «ЗАЛУЖЖА»
У студзені бягучага года самы высокі штодзённы надой у сярэднім ад кожнай каровы атрымліваюць жывёлаводы МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі» – амаль 27 кілаграмаў – гэта на восем з лішнім кілаграмаў больш, чым у адпаведным перыядзе летась. На другім месцы ўвішны калектыў МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства з паказчыкам каля 25 кілаграмаў. На трэцім – працавітыя работнікі МТФ «Целяхі» ТАА «СЖК «Налібакі», якія маюць вынік звыш 24 кілаграмаў. Самая высокая таварнасць малака ў ААТ «Жацерава» – 94,1 працэнта. Увогуле сярод гаспадарак па-ранейшаму лідзіруюць налібаччане.
УСТАНОВЯЦЬ «ПАРАЛЕЛЬ»
На МТФ «Мархачоўшчына № 2» неўзабаве распачнецца будаўніцтва новага «клюшачніка» з устаноўкай даільнай залы. Распрацаваны праект, які прайшоў экспертызу. Падабрана пляцоўка. Са Слуцкага сельскага будаўнічага камбіната завезены будаўнічыя матэрыялы – «клюшкі». Даільнае абсталяванне «Паралель» паставіць вішняўчанам ААТ «Дзятлаўская сельгастэхніка», якое выйграла аб’яўлены тэндар.
НОВЫ МІКРААЎТОБУС
Кіраўніцтвам таварыства напрыканцы года у ЗАТ «Дылерскі цэнтр Сталічны НЭКСТ» набыты за ўласныя сродкі новы пасажырскі мікрааўтобус «Газель». Першы выезд здзейснены ў сталіцу. У далейшым плануецца выкарыстоўваць тэхніку для падвозу жывёлаводаў на малочнатаварныя фермы, а таксама на іншых маршрутах. У прыватнасці для дастаўкі работнікаў на фізкультурна-аздараўленчы комплекс.
Надзея Баталка, фота аўтара