З разуменнем і падтрымкай

Нумары Сельская гаспадарка

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя ААТ «Дзераўное» налічвае ў сваіх радах 225 членаў прафсаюза – уступілі ў грамадскую арганізацыю ўсе работнікі таварыства. На працягу апошніх васьмі гадоў узначальвае прафсаюзную пярвічку бухгалтар таварыства Галіна Карповіч. Галіна Уладзіміраўна – ініцыятыўны і прызнаны лідар, якая добра ведае праблемы сельскіх працаўнікоў. Дзякуючы арганізатарскім здольнасцям і ўменню пераканаць суразмоўцу, яна знаходзіць агульную мову з наймальнікам, што дазваляе вырашаць многія пытанні паўсядзённага жыцця. Старшыня пярвічкі стараецца як мага больш разнастаіць вольны час вяскоўцаў і дапамагчы тым, хто трапіў у розныя складаныя сітуацыі. Для прафсаюзнага лідара практычна няма бязвыхаднага становішча, яна стараецца дасягнуць пастаўленай мэты. І людзі гэта цэняць.

– Мне лёгка працуецца, бо ёсць падтрымка з боку дырэкцыі, – расказвае Галіна Карповіч. – У нас малады кіраўнік, які заўсёды ідзе насустрач і стараецца задаволіць усе нашы прапановы. Юрый Мікалаевіч турбуецца пра людзей і робіць усё для таго, каб стварыць працаўнікам належныя ўмовы для работы, каб на працу ішлі яны з задавальненнем. Закупілі на ўсе фермы пральныя машыны, мікрахвалевыя печы, электрачайнікі, посуд. Дастойны рамонт праводзіцца ў сталовай, на другім паверсе якой зроблена рэканструкцыя, і цяпер там гасцініца. Добраўпарадкуецца прылеглая тэрыторыя. Устаноўлены альтанкі для адпачынку, абсталяваны імі будуць усе вытворчыя аб’екты. Зроблена зона адпачынку на возеры, якое ўзята ў арэнду. Застаецца палепшыць умовы работы людзям у рамонтных майстэрнях. Думаю, гэта неўзабаве будзе зроблена.

Старшыня прафкама падкрэслівае, што прафсаюзамі заключаны з наймальнікам калектыўны дагавор. Згодна з гэтым дакументам аказваецца матэрыяльная дапамога тым, у каго ёсць у гэтым вялікая патрэба, а іменна, у сувязі з хваробай або цяжкімі сямейнымі абставінамі. Усе заявы, якія паступілі ў прафсаюзны камітэт ад членаў прафсаюза, былі задаволены. Заахвочваем работнікаў пры нараджэнні дзіцяці, пры ўступленні ў шлюб, да жыццёвых юбілеяў, пры выхадзе на пенсію, а таксама прызыўнікоў. Вялікая ўвага надаецца рабоце з моладдзю. Не без удзелу прафкама для іх ствараюцца належныя ўмовы для працы і адпачынку. Тым, хто мае патрэбу, прадастаўляецца жыллё. Калі здымаецца кватэра, то яе наём аплачвае гаспадарка. Прафсаюзны камітэт сочыць за тым, каб маладыя спецыялісты своечасова атрымлівалі ўсе выплаты, якія належаць ім паводле дагавору. Спецыялісты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія павышаюць свой адукацыйны ўзровень у вышэйшых навучальных установах і паспяхова здаюць сесіі, атрымліваюць 50 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы падчас прадастаўленага ім вучэбнага водпуску. Кожны год моладзь прымае ўдзел у мерапрыемстве «Стрэлы Амура», якое арганізоўвае і праводзіць райкам БРСМ.

– Дырэкцыяй своечасова пералічваюцца на разліковы рахунак райкама прафсаюза адлічэнні ў памеры 0,3 працэнта ад фонду заработнай платы на арганізацыю і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў, – працягвае гутарку старшыня прафкама. – Здзяйсняем экскурсіі і паездкі, сёлета пабывалі ў Гомелі. За тры апошнія гады намі набыта 398 білетаў на канцэрты і спектаклі, у цырк. Не прапусцілі ніводнага канцэрта, якія праходзяць у раённым Цэнтры культуры. Кожны год праводзім навагоднія агеньчыкі, у гэтым годзе адбыўся юбілейны, 35-ы па ліку. У навагодніх прадстаўленнях кожны год прымаюць удзел члены прафсаюза сем’ямі, усіх збіраецца да 130 чалавек. Праграму і сцэнарый рыхтуюць нашы спецыялісты. Закупляем навагоднія падарункі. Ладзім ранішнікі ў Доме культуры, сярэдняй школе, дзіцячай школе мастацтваў. Праводзім святочныя мерапрыемствы і арганізоўваем салодкія сталы да ўсіх дзяржаўных святаў: Дня абаронцаў Айчыны, Дня жанчын, Дня маці, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Да Дня пажылых людзей арганізавалі агеньчык. Людзі былі нам вельмі ўдзячныя. Выдаюцца прадуктовыя наборы работнікам да Вялікадня, Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Ражджаства і Новага года. На вышэйназваныя мэты выкарыстоўваюцца сродкі як наймальніка, так і прафсаюзнага камітэта. Усе культурныя мерапрыемствы ладзяцца намі сумесна з работнікамі Дзераўнянскага цэнтра культуры.

Прафсаюзам разам з дырэкцыяй таварыства праводзяцца святы хлебаробаў «Зажынкі» і «Дажынкі», на якіх заахвочваюцца маральна і матэрыяльна ўсе ўдзельнікі жніва. Экіпажам камбайнераў, якія намалацілі тысячу тон збожжа, і вадзіцелям, якія перавезлі тысячу тон збожжа, маладым удзельнікам жніва, уручаюцца сувеніры і кветкі.

– У чэрвені кожнага года мы праводзім мерапрыемства пад назвай «Усёй сям’ёй – на старт», прымеркаванае да Дня сям’і, заказваем атракцыёны з Мінска і купляем прызы. Прымалі ўдзел у свяце для пераможцаў прадметных рэспубліканскіх алімпіяд «Запалі сваю зорачку», на якім заахвоцілі вучняў-пераможцаў, бацькі якіх працуюць у нашым таварыстве. Падтрымалі акцыю «Прафсаюзы – дзецям», выдзелілі да навучальнага года матэрыяльную дапамогу 35 сем’ям, у якіх выхоўваюцца 53 школьнікі, – дадае Галіна Карповіч. – Прымаем актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізуюцца райкамам прафсаюза работнікаў АПК. Гэта зімовая і летняя спартакіяды, турыстычныя злёты, розныя конкурсы. Напрыканцы мінулага года ўсе жадаючыя пачалі наведваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Абанементы набыты за прафсаюзныя сродкі. Аўтобус для дастаўкі людзей выдзяляе кіраўніцтва Дзераўнянскай сярэдняй школы.

Нягледзячы на нялёгкае матэрыяльнае становішча таварыства, прафсаюзны камітэт стараецца ахапіць клопатам і ўвагай усіх членаў прафсаюза, з разуменнем і падтрымкай адносіцца да патрэб працаўнікоў. Як адзначыла старшыня прафкама, вясковыя людзі пастаянна занятыя на працы і дома, не асабліва хочуць ехаць адпачываць, таму прафсазны камітэт турбуецца годна запоўніць іх вольны час. І гэта няблага ўдаецца. Аптымізм і настрой надаюць старшыні сілу і жаданне працаваць. Наперадзе ў прафсаюзнага лідара шмат планаў і задумак, якія яна планамерна будзе ўвасабляць у жыццё.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *