Бяспека

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Нумары РАНС інфармуе

 170118d

НА ПЯРЭДНІМ КРАІ ПРАФІЛАКТЫЧНАЙ РАБОТЫ

На базе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях неўзабаве ўступіць у строй вучэбна-метадычны цэнтр. Тут будуць навучаць бяспечнай жыццядзейнасці, спосабам выратавання дзяцей і дарослых. Увага будзе звернута не толькі на пажарную, а і на электра- і газавую бяспеку, асвойванне алгарытму паводзін у розных надзвычайных сітуацыях. У стаўбцоўскіх выратавальнікаў ёсць і іншыя задумкі.

– Першая частка вучэбна-метадычнага цэнтра ўжо падрыхтавана, – задаволена канстатуе начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын. – Пры фінансавай падтрымцы райвыканкама закуплены для прасторнага класа мэбля, камп’ютарнае абсталяванне. За спонсарскія сродкі набылі інтэрактыўную дошку, сучасны праектар, трэнажор для аказання першай медыцынскай дапамогі. З медінвентаром для правядзення заняткаў дапамагла цэнтральная раённая бальніца. Плануем закупіць медыцынскі трэнажор для аказання дапамогі дзецям, – падзяліўся Валерый Валянцінавіч. – Яшчэ ў планах на бягучы год – стварэнне так званага лабірынта для навучання правільнай эвакуацыі. Плошчы пад усё гэта вызваліліся ў нас на трэцім паверсе, на месцы былога інтэрната для супрацоўнікаў.  

Відавочна, што формы пажарна-прафілактычнай работы ўвесь час удасканальваюцца, яна выклікае цікавасць, аб чым сведчыць актыўны ўдзел школьнікаў у акцыях, а таксама іх паспяховыя выступленні на раённых і абласных конкурсах «Школа бяспекі», у КВЗ, на брэйн-рынгу, на спаборніцтвах па пажарным спорце і т. п. Летась выратавальнікі парадавалі сваіх юных сяброў і памочнікаў музычным віншаваннем ад вядомага артыста Дзмітрыя Смольскага і, абяцаюць, падобныя прыемныя сюрпрызы будуць суправаджаць іх супрацоўніцтва і далей. На пляцоўках у дзіцячых садах з’явілася навінка – тэматычныя малюнкі і міні-графіці. Ужо ў новым годзе на базе ФАКа прайшлі спаборніцтвы па плаванні і выратаванні людзей на водах. Удзел у іх прынялі каманды з 20-ці ўстаноў адукацыі раёна. Выратавальнікі таксама вядуць прафілактычную работу ў працоўных калектывах, па месцы жыхарства: абследуюць жылы сектар, выступаюць на сельскіх сходах, раздаюць памяткі і т. п. Вынікі прафілактычнай работы – у змяншэнні на Стаўбцоўшчыне колькасці вогненных здарэнняў.

– Новы год пачаўся спакойна, – адзначае першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Полацкі. – У 2017 годзе зафіксаваны 44 пажары, прычым шэсць з іх выкліканы загараннем аўтатранспарту. Папярэджанне такіх здарэнняў напрамую залежыць ад аўтаўладальніка, тэхнічнага стану аўтамабіля. Тэрмін эксплуатацыі ў іх, як правіла, перасягнуў 20-гадовы ўзрост, – тлумачыць Аляксандр Полацкі і запэўнівае: – Тэхніка выратавальнікаў у любы момант гатова выехаць на месца пажару ці надзвычайнага здарэння.

Праводзяцца маніторынгі, вучэнні. Асабовы састаў укамплектаваны супрацоўнікамі ва ўзросце да 35-ці гадоў, ён пастаянна абнаўляецца моладдзю. «Адбіраем лепшых, прафарыентацыйную работу вядзём са школы», – заўважае кіраўніцтва райаддзела. На даны момант шэсць прадстаўнікоў раёна праходзяць навучанне ва Універсітэце грамадзянскай абароны і ліцэі гэтага ўніверсітэта ў Гомелі, Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы, дзе ёсць профільны клас МНС. У вучылішчы і ліцэі займаюцца дзеці пасля заканчэння шостага класа. Акцэнт зроблены на тых, хто выхоўваецца ў малазабяспечаных сем’ях (для жадаючых тэлефон для даведак – 8-033-333-90-47). Пераемнасць лепшых традыцый забяспечвае цесная сувязь з ветэранскай арганізацыяй. Узначальвае яе адзін з ініцыятыўных ветэранаў пажарнай службы Васіль Карповіч.

На Стаўбцоўшчыне не дапушчана дзіцячых гібелі і траўматызму на пажарах, аднак у 2017 годзе абарваліся жыцці на пажарах трох жыхароў раёна (у 2016 годзе – пяці). Пераважная большасць ахвяр мелі шкодныя звычкі. Асобам, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі і ствараюць пагрозу сабе і іншым, выратавальнікі ўдзяляюць павышаную ўвагу. Прыярытэт нададзены рабоце са шматдзетнымі і іншымі сем’ямі, адзінокімі і адзінокапражываючымі састарэлымі, ветэранамі, інвалідамі. Апошнім часам узмоцнены кантроль за аб’ектамі з масавым знаходжаннем людзей. У выніку – у кожным з шасці ведамасных інтэрнатаў раёна з’явіліся ў выратавальнікаў добраахвотныя памочнікі. Цеснае ўзаемадзеянне наладжана не толькі з установамі адукацыі, а і з сельвыканкамамі, камісіяй па справах непаўналетніх, райаддзелам міліцыі.

– Выратавальнікі сёння – гэта не толькі пажарныя. Яны гатовы адрэагаваць на любы выклік, што патрабуе і прафесіяналізму, і смеласці, – падводзіць вынік Валерый Ілюшын. – З нагоды Дня выратавальніка выказваю ўдзячнасць за службу супрацоўнікам райаддзела, ветэранам пажарнай службы. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага цяпла, стабільнасці і дабрабыту. Няхай служба будзе як мага менш надзвычайнай, а больш прафілактычнай, накіраванай на павышэнне культуры жыцядзейнасці і змены ў свядомасці людзей.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: зверху – на пярэднім плане прафілактычнай работы – першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Полацкі (у цэнтры) і інспектары Віктар Лісоўскі, Павел Каразей, Таццяна Тарасевіч; знізу – адпрацоўка навыкаў работы з абсталяваннем (злева направа): Вадзім Грахольскі (начальнік часці), Ілья Пялюгін, Аркадзь Ваўчок (начальнік каравула) і Генадзь Арабей.

 

ПАВОДКА СЯРОД ЗІМЫ

Пачатак новага года адзначыўся нестабільным надвор’ем і такой нехарактэрнай для студзеня прыроднай з’явай, як паводка.

У зоне падтаплення аказаліся 80 сядзіб жыхароў Новага Свержаня і Стоўбцаў, якія размешчаны бліжэй да Нёмана. «Жылыя дамы не пацярпелі, у вадзе – падвальныя і гаспадарчыя пабудовы, двары, агароды. Гэта не выклікала парушэння жыццядзейнасці людзей», – падкрэслівае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын.

Раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях ажыццяўляецца рэагаванне на кожны выклік, што паступае, людзям аказваецца кансультацыйная дапамога, у тым ліку тлумачыцца неабходнасць добраахвотнага страхавання маёмасці. Працягваецца маніторынг узроўню вады ў рацэ Нёман. Пакуль ён застаецца высокім, хоць маразы прымушаюць ваду сыходзіць. Пры ўзнікненні пагрозы жыццядзейнасці людзей прадугледжаны меры па эвакуацыі пацярпелых, вызначаны месцы іх магчымага адсялення і т. п.

 

РЭЗЕРВОВЫЯ КРЫНІЦЫ

У выпадку надзвычайнай сітуацыі выратавальнікі гарантуюць, што важныя сельскагаспадарчыя аб’екты раёна не застануцца без электрасілкавання.

Закуплены дызель-генератар магутнасцю 100 кВт, з дапамогай якога можна аператыўна, нягледзячы, напрыклад, на наступствы стыхіі, аднавіць электразабеспячэнне. Гэта актуальна для аб’ектаў сельгасвытворчасці, дзе неабходна аператыўна арганізаваць даенне, наладзіць работу неабходнай колькасці помпаў для падтрымання функцыянавання сістэм вода- і цеплазабеспячэння. Як адзначае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын, новае абсталяванне ўжо прайшло праверку падчас вучэнняў на філіяле ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Адначасова былі адпрацаваны і навыкі работы з ім.

Да таго як быў набыты дызель-генератар, прыцягваўся для патрэб раёна ў выпадку неабходнасці генератар вялікай магутнасці Стаўбцоўскіх электрычных сетак. У новым годзе сельгаспрадпрыемствам раёна даручана дадаткова закупіць яшчэ чатыры генератарныя ўстаноўкі.

 

НЕ ПЕРАКАЛЬВАЙЦЕ ПЕЧ

Ноччу 11-га студзеня ў жылым доме ў вёсцы Стайкі Барысаўскага раёна здарыўся пажар, у якім загінулі пяцёра мужчын. Усе – ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў, беспрацоўныя. Мяркуючы па абставінах, ахвяр магло б быць і больш… Прычына пажару ўснаўліваецца.

У сувязі з маразамі пачасціліся выпадкі пажараў з-за пячнога ацяплення, таму нагадваем, што нельга перакальваць печ і прапальваць яе вугалем, коксам і газам, якія не прызначаны для печаў. Працэс топкі трэба спыняць не менш чым за дзве гадзіны да сну жыльцоў. Попел і шлак з топак праліваюцца вадой і выносяцца не менш як на 15 метраў ад будынкаў. Дапускаецца складзіраванне попелу, шлаку ў кантэйнерах, якія выкананы з негаручых матэрыялаў, маюць шчыльную накрыўку і стаяць на адлегласці не менш за шэсць метраў ад будынкаў. Пры эксплуатацыі пячнога ацяплення не дапускаецца выкарыстоўваць дровы, даўжыня якіх перасягае памеры топкі, прымяняць лёгказагаральныя і гаручыя вадкасці. Нельга пакідаць распаленую печ з адкрытымі дзверцамі, без нагляду (даручаць нагляд дзецям недапушчальна!). Забаронена эксплуатаваць печ без перадтопачнага ліста памерам не менш як 0,7 x 0,5 м, які размяшчаецца больш доўгім бокам уздоўж печы.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Дзень выратавальніка супадае з Хрышчэннем Гасподнім, калі людзі хочуць акунуцца ў палонцы. Выратавальнікі нагадваюць, што пры адсутнасці на вадаёмах лёду таўшчынёй не менш за 15 см купанне дазволена толькі з берага пры выкананні ўсіх патрабаванняў бяспекі.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *