Збірае Колас нас…

Нашчадкі Сымона-музыкі Нумары

170118e

Колас зноў сабраў нас у нашым літаратурна-этнаграфічным музеі. У школе адбыліся традыцыйныя «Коласаўскія чытанні». Яны былі адметнымі, бо далі магчымасць зразумець, што творчасць паэта ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы ўсіх класаў разам з педагогамі і работнікамі ўстановы адукацыі. Чытанні праходзілі ў выглядзе конкурснай праграмы, у якой выдзяляліся тры ўзроставыя групы. На Каласавінах прагучалі вершы беларускага песняра ў розныя перыяды творчасці. Былі прэзентаваны пераклады твораў Якуба Коласа на розныя мовы свету – англійскую, рускую, украінскую. Адметнай рысай сёлетніх «Коласаўскіх чытанняў» было тое, што ў іх прынялі ўдзел педагогі і работнікі нашай установы адукацыі. Настаўніца матэматыкі Т. У. Хвалей прачытала ўрывак з паэмы «Новая зямля» на польскай мове, а сакратар В. У. Маляўка – верш «Савось-распуснік» на мове сваіх продкаў – украінскай.

Арганізатар мерапрыемства – кіраўнік літаратурна- этнаграфічнага музея «Спадчынны куток» І. С. Паплаўская – падрыхтавала для ўсіх прысутных відэаролікі, якія яскрава прадэманстравалі нам, наколькі мілагучныя і кранальныя радкі Коласа, як цудоўна яны кладуцца на музыку.

А пакуль журы раілася, мы паглядзелі інсцэніроўку ўрыўка з аповесці «На ростанях» у выкананні вучняў школы.

Затым былі падведзены вынікі конкурснай праграмы. Журы ў складзе дырэктара школы Л. Д. Кротавай, настаўніцы англійскай мовы А. А. Мішук і сакратара В. У. Маляўка выказала шчырыя словы падзякі ўсім удзельнікам, узнагародзіла памятнымі падарункамі, а пераможцы атрымалі дыпломы.

Паўтары гадзіны, што ішло мерапрыемства, праляцелі незаўважна. За гэты час мы глыбей зразумелі творчасць Якуба Коласа. З яго дапамогай вучымся адчуваць прыгажосць і гармонію ў краявідах, у прадметах побыту вяскоўцаў, іх звычаях, адзенні, песнях.

Вікторыя ЛОСІК,вучаніца Мікалаеўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад –

сярэдняя школа імя Якуба Коласа



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *