Больш аддаеш – больш вяртаецца

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

200118b

Падчас юбілейных урачыстасцяў з нагоды святкавання 80-годдзя Мінскай вобласці ў Палацы Рэспублікі ў Мінску прайшла цырымонія ўзнагароджання лепшых працаўнікоў розных сфер дзейнасці. Ганаровай граматы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўдастоена дырэктар Стаўбцоўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Святлана Сікорская.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька дала высокую ацэнку рабоце цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Адзначыла прафесіяналізм як дырэктара, так і ўсіх спецыялістаў у стварэнні рэгіянальнай мадэлі спецыяльнай адукацыі. Яна заключаецца ў своечасовым выяўленні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і арганізацыі для іх спецыяльнай адукацыі. У бягучым навучальным годзе практычна ўсе дзеці раёна з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзеці-інваліды ахоплены спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай. У 38 установах агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі раёна па праграмах спецыяльнай адукацыі навучаюцца 912 дзяцей. Працягвае развівацца сетка груп інтэгрыраванага навучання і выхавання – на сучасны момант іх 26, дзе арганізавана навучанне для 71 выхаванца. Карэкцыйна-педагагічнай дапамогай ва ўстановах дашкольнай адукацыі ахоплена 390 дзяцей, для гэтага створана 12 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Мэтанакіраваная работа з дашкольнікамі дазволіла скараціць колькасць вучняў з асаблівасцямі развіцця, якія маюць патрэбу ў навучанні па спецыяльных адукацыйных праграмах на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.

Арганізацыя адукацыйнай дзейнасці дзяцей з цяжкімі парушэннямі ажыццяўляецца ў спецыяльным класе і спецыяльнай групе цэнтра. Акрамя гэтага ў цэнтры атрымліваюць карэкцыйную дапамогу дзеці з усяго раёна. Спецыялісты цэнтра прафесіянальна працуюць з 59-цю дзецьмі з цяжкімі парушэннямі. У лістападзе мінулага года калектыў цэнтра адзначаны дыпломам у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі» ў намінацыі «Фарміраванне рухальных уменняў у дзяцей з цяжкімі парушэннямі».

Святлана Сікорская робіць акцэнт на тым, што прыярытэтным накірункам дзейнасці цэнтра з’яўляецца работа па фарміраванні інклюзіўнай культуры праз актыўнае прыцягненне выхаванцаў у сацыякультурную дзейнасць, дэманстрацыя іх поспехаў. З гэтай мэтай у лістападзе–снежні былі рэалізаваны праекты «Планета гасціннасці», «Чым больш аддаеш, тым больш вяртаецца».

Пад кіраўніцтвам Святланы Сікорскай ажыццяўляецца вялікая праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра з бюджэтным фінансаваннем. Гэта дасць імпульс для актывізацыі новых праектаў у навучанні і выхаванні дзяцей.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *