Насустрач заказчыкам і для добраўпарадкавання

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

200118g

Адна з арганізацый раёна, дзе аказваюць разнапланавыя сучасная паслугі, – ААТ «Стаўбцоўская ПМК». І спектр паслуг, згодна з патрабаваннем рынку, не стаіць на месцы.

Пра гэта мы гутарым з дырэктарам Стаўбцоўскай ПМК Аляксандрам ПАШКЕВІЧАМ.

– Сфера паслуг – такая сфера, дзе нельга дапусціць недальнабачнасць. Заўсёды знойдуцца канкурэнты, якія хутка запоўняць нішу. Усе паслугі арыентаваны на рынак – менавіта ён вызначае попыт і цану на іх, – акрэслівае Аляксандр Пашкевіч.

– Аляксандр Міхайлавіч, моцны ўплыў на работу вашага прадпрыемства аказвае сезоннасць. Якія паслугі запатрабаваны ў першы месяц новага года?

– Студзень, люты добра загружаны заказамі. Працуем у розных сферах народнай гаспадаркі, у тым ліку вырабляем стойлавае абсталяванне для малочнатаварных фермаў ААТ «Агранёманскі», ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Вішнявецкі-агра». Вядзём рамонтныя работы на аб’ектах сацыяльнай сферы. Напрыклад, у цэнтральнай раённай бальніцы, Шашкоўскай школе, дзіцячым садзе № 7, Старасвержанскім цэнтры культуры і т. п. Пастаянна ўдзельнічаем у тэндарах. Каб забяспечыць сябе работай, не адмаўляемся ад заказаў і ў іншых раёнах. Планы на новы год – завяршыць яго, як і 2017 год, са станоўчым вынікам, захаваць калектыў. Сярэдняспісачная колькасць работнікаў на прадпрыемстве сёння складае 60 чалавек. Працуем і ўвесь час вучымся. Іншага варыянта няма.

– Да вас, наколькі вядома, звяртаюцца для аказання паслуг не толькі арганізацыі. Што прыводзіць у ПМК жыхароў раёна?

– Той, хто будуецца ці штосьці рамантуе, выпісвае ў нас тэхніку. Часцей за ўсё карыстаецца попытам аўтакран ці экскаватар. Камусьці ён патрэбен на некалькі гадзін, а некаму – і на поўны рабочы дзень. Прапануем грузаперавозкі. Прычым, як самазвальнай тэхнікай, так і аўтамабілем МАЗ (дваццацітоннікам з платформай). Дарэчы, у 2018 годзе ёсць планы папоўніць свой парк аўтамабільнай тэхнікі.

– Ёсць такія «дэфіцытныя» паслугі, якія прыцягваюць кліентаў з іншых раёнаў, абласцей?

– Шмат фізічных і юрыдычных асоб звяртаюцца да нас з суседніх раёнаў Мінскай, Гродзенскай абласцей, каб набыць тэхнічныя газы для зварачных работ. Рэалізуем кісларод, вуглекіслату, ацэтылен, азот, аргон, МАФ, гелій. Гэтым займаюцца нямногія прадпрыемствы, а мы яшчэ даём і рэкламу. Плануем павялічыць абменны фонд балонаў, каб больш аператыўна забяспечваць сваіх заказчыкаў. Выручка ад гэтых паслуг займае ў агульным аб’ёме каля 10 працэнтаў.

Больш займаюць толькі паслугі, якія звязаны з выкананнем санітарна-тэхнічных работ. Яны закранаюць і новае будаўніцтва, і рамонты на вытворчых і сацыяльных аб’ектах. Рамонты пераважаюць, таму што тэрміны эксплуатацыі большасці сістэм вода- і цеплазабеспячэння, водаадвядзення ў раёне перавышаюць 25 гадоў. Па магчымасці выкарыстоўваем для рамонту поліпрапіленавыя трубы і іншыя сучасныя матэрыялы. Паралельна скажу, што аказваем паслугі па свідраванні дзірак у бетоне – гэта якраз бывае неабходна пры падвядзенні інжынерных сетак. Безумоўна, запатрабаванасць маюць і нашы традыцыйныя паслугі – па абслугоўванні даільных і халадзільных установак, зернесушыльнай гаспадаркі.

– Рынак патрабуе як добра знаёмых паслуг, так і новых, нестандартных. У гэтым плане якія напрацоўкі?

– Нестандартную прадукцыю мы вырабляем. Да прыкладу, адзін з апошніх тэндараў, які праводзіла ПМК-233 і які мы выйгралі, быў звязаны з вырабам дэкаратыўнай металічнай агароджы для дзіцячага сада № 8 па вуліцы Міру. Раней падобную агароджу выраблялі для гарадскога стадыёна. Думаю, што наша прадукцыя ўпрыгожыла не толькі названыя сацыяльныя аб’екты, а і горад у цэлым. Дызайнера ў штаце не маем, але стараемся працаваць сумесна з заказчыкам, з улікам яго пажаданняў, густаў.

Калі казаць пра добраўпарадкаванне Стоўбцаў і нашага раёна, то да нас звяртаюцца дарожныя арганізацыі, аб’яднанне камунальных службаў, сельвыканкамы, якім неабходна вырабіць аўтобусны павільён, дарожнае агароджанне, малыя архітэктурныя формы, такія, як кветачніцы, кантэйнеры, казыркі над уваходам, лаўкі, сметніцы і іншыя нестандартныя вырабы з металу па эскізах. У мінулым годзе выйгралі тэндар на выраб для нашага раёна 180 металічных кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў. Вырабілі іх і адгрузілі. Спадзяёмся, што падобныя заказы паступяць і ў бягучым годзе.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *