Абмеркавана «вясенняе» пытанне

Нумары РАНС інфармуе

Адбылося першае ў новым годзе пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях. На парадку дня было «вясенняе» пытанне – аб папярэджанні падтапленняў і ліквідацыі магчымых наступстваў паводкі. Тым больш, вясна сёлета нагадала пра сябе значна раней звычайнага, у студзені.

– Пойма ракі Нёман застаецца залітай вадой, у зоне падтаплення паводкавымі і грунтовымі водамі знаходзіцца каля васьмі дзясяткаў падворкаў жыхароў Новага Свержаня і Стоўбцаў, – акрэсліў праблему намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі Аляксандр Цывака.

Наглядна былі прадэманстраваны зробленыя зверху відэакадры вуліц і завулкаў, што размешчаны каля ракі.

– Падтапленняў домаўладанняў не назіраецца, – пракаменціраваў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын.

Сітуацыя кантралюецца з боку выратавальнікаў і павінна стабілізавацца на працягу бліжэйшых пяці-сямі дзён. За некалькі апошніх дзён узровень вады ў рацэ ўпаў адразу на 5 см і фактычна ўжо ніжэй за 200 см. З улікам пагодных умоў падобная станоўчая дынаміка працягваецца.

– Важна прыняць прэвентыўныя меры, каб грунтовыя і паводкавыя воды не трапілі ў шахтавыя калодзежы, – паставіў задачу Аляксандр Цывака.

Як вядома, многія жыхары Новага Свержаня, Стоўбцаў карыстаюцца цэнтралізаваным водаправодам, артэзіянскімі свідравінамі, аднак ёсць домаўладальнікі і з шахтавымі калодзежамі. Абследаваць калодзежы ў зоне рызыкі – такое патрабаванне адрасавана санітарнай службе.

– Сітуацыя не выходзіць з-пад кантролю, – патлумачыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч. – Калі спатрэбіцца, мы гатовы правесці ўвесь комплекс санітарна-гігіенічных мерапрыемстваў. Для гэтага створаны запас неабходных сродкаў. Сярод насельніцтва праводзім растлумачальную работу.

Не меншую ролю ў плане змяншэння наступстваў паводкі і сацыяльнай абароны пацярпелых адыгрываюць страхавыя арганізацыі. Не чакаючы вясны, ім рэкамендавана ісці да патэнцыйных страхавальнікаў і прапаноўваць паслугі па добраахвотным страхаванні маёмасці.

Асноўная ўвага кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна была звернута на забеспячэнне спраўнасці запорнага абсталявання на гідразбудаваннях, належнае ўтрыманне дарог і пад’ездаў да іх і т. п. Гэтыя параметры дапамогуць аператыўна і якасна рэалізаваць план мерапрыемстваў па папярэджанні наступстваў вясенняй паводкі, зацверджаны раённым выканаўчым камітэтам.

Сакратар раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Крамко спыніўся на выніках работы Стаўбцоўскага раённага звяна дзяржаўнай сістэмы па надзвычайных сітуацыях за 2017 год і акрэсліў задачы на бягучы год.

Яшчэ адным пытаннем парадку дня было прадастаўленне інфармацыі адносна будаўніцтва першай Беларускай атамнай электрастанцыі. Выступіў Валерый Ілюшын, які не так даўно па доўгу службы пабываў на гэтым аб’екце. «Якасць работ і бяспека на АЭС – на самым высокім узроўні, – зазначае Валерый Валянцінавіч. – Там працуюць 40 субпадрадных арганізацый, у тым ліку 18 – беларускіх. Колькасць персаналу дасягнула пяць тысяч чалавек».

З улікам запатрабаванасці грамадства ў інфармацыі адносна будучай атамнай станцыі прапанавана абсталяваць у кожнай арганізацыі стэнд, прысвечаны БелАЭС. І, да ведама, у Астраўцы ўжо сёння працуе інфармацыйна-аналітычны цэнтр, які пры жаданні можна наведаць з экскурсіяй.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

У ТЭМУ

Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія праводзяць маніторынг сітуацыі, пабывалі ў зоне падтаплення і адабралі з калодзежаў пробы вады для правядзення лабараторнага даследавання. Асаблівая ўвага нададзена тым вуліцам і падворкам, дзе калодзеж з’яўляецца безальтэрнатыўнай крыніцай водазабеспячэння. Сярод насельніцтва распаўсюджваюцца памяткі, іх вывешваюць таксама ў выканкаме, на магазінах, амбулаторыі і ў іншых людных месцах.

– У перыяд паводкі ўзрастае рызыка захваральнасці на вострыя кішэчныя інфекцыі, – звяртае ўвагу загадчыца аддзела гігіены Алена Лойка, – таму важна правесці ачыстку выграбных ям надворных туалетаў, упарадкаваць захоўванне гною, вывезці назапашанае смецце і не дапусціць забруджвання і захламлення прысядзібных участкаў, падняць прадукты харчавання ў склепе ці падвале на верхнія паліцы. Нельга выкарыстоўваць для прыгатавання ежы, мыцця посуду ваду з затопленых калодзежаў. У ежу прыдатная толькі кіпячоная вада ці вада ў бутэльках. Важна прытрымлівацца правілаў асабістай гігіены.

У раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі можна звярнуцца па пытаннях даследавання якасці вады, дэзынфекцыі шахтавых калодзежаў (тэл. 7-33-74, 7-33-38), набыцця прафесійных сродкаў супраць грызуноў і бытавых насякомых (тэл. 7-33-39).

Прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Стаўбцоўскім раёне паведаміла, што ў адпаведнасці з абавязковым страхаваннем пабудоў страты кампенсуюцца ў памеры 50 працэнтаў у выпадку, калі пашкоджаны жылы дом і пабудовы, што да яго прымыкаюць.

Калі вы хацелі б пакрыць панесеныя страты поўнасцю, а таксама абараніць не толькі дом, а і гаспадарчыя пабудовы на прысядзібным участку, то неабходна дадаткова заключыць дагавор добраахвотнага страхавання пабудоў. Пры страхавой суме 5 000 рублёў узнос на год складзе 39 рублёў. Не лішне застрахаваць таксама і хатнюю маёмасць, таму што пры паводцы нішчыцца не толькі дом, але, напрыклад, залівае вадою харчовыя запасы ў склепе. Узнос пры страхавой суме 4 000 рублёў складзе 36 рублёў на год.

Па пытаннях заключэння дагавораў добраахвотнага страхавання і выкліку агента дадому можна звяртацца па тэл.: 5-10-13, 7-82-70.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *