Сельскагаспадарчыя клопаты

Нумары Сельская гаспадарка

200118h

Надзея Лешчанка працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Мархачоўшчына № 2» ААТ «Вішнявецкі-агра». Стаж у жанчыны складае амаль трыццаць гадоў. Надзея Сцяпанаўна надаіла летась 5435 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, прыбаўка склала 1087 кілаграмаў.

 

ТРЫА ДЗЕВЯЦІТЫСЯЧНІЦ

Аператар машыннага даення ТАА «СЖК «Налібакі» Наталля Банадысева за мінулы год атрымала ад кожнай каровы сваёй групы 9926 кілаграмаў малака – гэта лепшы паказчык у раёне. Яе калегі Ганна Саланкевіч і Ірына Трубіш таксама перасягнулі дзевяцітысячны рубеж. Налібаччанкі Алена Гаптар, якой не хапіла да дзевяці тысяч 14 кілаграмаў, Святлана Рынкевіч і Галіна Чыжэўская, а таксама Людміла Марзалюк, Наталля Хмель, Таццяна Ціменка, Наталля Васечка, Алена Швагерус, Ірына Гудзь з ААТ «Вялікі Двор» і Алена Райская з ААТ «Каганец» надаілі звыш 8,5 тысячы кілаграмаў малака ад каровы. Васьмітысячны рубеж перакрылі дванаццаць даярак.

 

ПАКАЗЧЫКІ – НА ЎЗРОЎНІ

На малочнатаварных фермах гаспадарак раёна летась надоена 91050,4 тоны малака, што на 3945,7 тоны больш за мінулагодні паказчык. Звыш дзесяці тысяч тон прадукцыі атрымана на вытворчых плошчах ААТ «Агранёманскі» – найвышэйшы паказчык. Найбольшая валавая прыбаўка дасягнута ў ААТ «Вішнявецкі-агра», «Шашкі», «Дзераўное», адпаведна 1459,8, 899,1 і 871,7 тоны.

Нарошчваюць вытворчасць работнікі фермаў-флагманаў раёна – ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Вялікі Двор» і «Каганец». Знізілі вытворчасць малака шэсць гаспадарак, а найбольш змінусавалі працаўнікі ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і «Рочавічы».

Жывёлаводы раёна спрацавалі з прыбаўкай па надоях малака ад каровы, дасягнулі амаль 5,5-тысячнага рубяжу. Па-ранейшаму самыя высокія паказчыкі атрымліваюць жывёлаводы ТАА «СЖК «Налібакі», «Вялікі Двор» і «Каганец». Перасягнулі шасцітысячны рубеж руплівыя работнікі фермаў ААТ «Агранёманскі» і «Вішнявецкі-агра», што дазволіла абодвум калектывам перамясціцца на дзве пазіцыі ўверх. Па выніках работы за мінулы год тройка лідараў засталася нязменнай. З апошняга на дванаццатае месца падняліся рупліўцы малочнага цэха ААТ «Шашкі».

Па ўсіх каналах збыту рэалізавана 82016,1 тоны малака, што склала 103,9 працэнта да мінулагодняга паказчыка. Таварнасць малака знізілася на 0,5 працэнта. Самая высокая яна ў налібаччан і вішняўчан – 93,1 працэнта.

За мінулы год на вытворчых плошчах гаспадарак вырашчана на 151,7 тоны мяса ялавічыны больш, чым у папярэдні. Па-ранейшаму высокія аб’ёмы паставак мяса ў ААТ «Вялікі Двор» і «Агранёманскі». На сельгаспрадпрыемствах павялічылася на 804 галавы колькасць буйной рагатай жывёлы. Дойных кароў налічваецца 16 460 галоў, што на 45 больш, чым летась.

 

ВЫЗНАЧАЮЦЦА РУПНАСЦЮ

Па сярэднясутачных прыбаўленнях буйной рагатай жывёлы ААТ «Жацерава» стабільна займае трэцяе месца сярод гаспадарак раёна. Вызначаюцца асаблівай рупнасцю жывёлаводы Таццяна Бандаровіч і Святлана Ганчарэнка з фермы «Савоні». Працаўніцы даглядаюць групу, у якой налічваецца звыш 530 галоў жывёлы – бычкі на адкорме і цялушкі. Увішныя работніцы працуюць тут параўнальна нядаўна, але дзякуючы старанню і ўменню дасягаюць звыш 760-грамовых сярэднясутачных прываг у вазе сваіх гадаванцаў.

 

З КЛОПАТАМ І АДКАЗНАСЦЮ

Адна з самых адказных і клапатлівых работ – у цялятніц. Каб захаваць і вырасціць маладняк здаровым, жывёлаводам трэба нямала папрацаваць. На МТФ «Заброддзе» ААТ «Дзераўное» добрасумленна шчыруе вопытная Таццяна Чарнец – цяляты ў групе, якую яна даглядае, прыбываюць кожны дзень больш як па 760 грамаў. Добрыя вынікі ў Галіны Рымашэўскай і Святланы Філіповіч з МТФ «Ніўнае-Цэнтр» і Валянціны Левінай з МТФ «Барок».

 

ПРЫЗАВАЯ НАМІНАЦЫЯ

Напрыканцы мінулага года на базе Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны прайшоў рэспубліканскі конкурс майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні жывёлы, які сабраў спецыялістаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Такія мерапрыемствы, з мэтай абмену перадавым вопытам і папулярызацыі прафесіі, арганізоўваюцца Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і Беларускім рэспубліканскім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу і праводзяцца штогод. Конкурсная камісія ацэньвала ўдзельнікаў па трох крытэрыях: дасягненне найлепшых паказчыкаў у рабоце, узровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і практычных навыкаў у выкананні работ па штучным асемяненні жывёлы. Пераможцы вызначаліся ў чатырох намінацыях. У намінацыі «Лепшая раённая група па штучным асемяненні сельскагаспадарчай жывёлы» дыпломамі за трэцяе месца і прэміямі ўзнагароджаны ўдзельнікі конкурсу ад нашага раёна – дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык і ўрач-гінеколаг райветстанцыі Антон Касцюкевіч.

 

ПЕРАМАГЛІ ПРАЦАЎНІКІ МТФ «ВЯЛІКІ ДВОР»

Па выніках работы за мінулы год самага высокага паказчыка па надоях малака ад каровы дасягнуў калектыў МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства. Такім чынам, пастаўлена кропка ў спаборніцтве паміж калектывамі жывёлагадоўчых фермаў. Барацьба за першае месца была напружанай, але ўсё вырашыў апошні месяц. На фінішы года руплівыя жывёлаводы гэтага вытворчага падраздзялення здолелі абысці налібацкіх калег, надаілі ад кожнай каровы 8843 кілаграмы і прыбавілі да леташняга паказчыка 747 кілаграмаў. Працаўнікі МТФ «Цэнтр» ТАА «СЖК «Налібакі» на другім месцы з паказчыкам 8825 кілаграмаў. Трэцяя і чацвёртая прыступкі таксама засталіся за налібаччанамі – рупліўцамі МТФ «Целяхі» і «Церабейнае», якія маюць вынікі 8667 і 8614 кілаграмаў. Увішныя работнікі МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ўтрымалі пятую пазіцыю, надаілі 8114 кілаграмаў. Усяго на адзін кілаграм адсталі ад пагарэлаўскіх жывёлаводаў працаўнікі МТФ «Пруды» ТАА «СЖК «Налібакі», якія занялі шостае месца. На восьмым – МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі» з вынікам 7580 кілаграмаў. На сёмай, дзявятай і дзясятай прыступках размясціліся МТФ «Засулле», «Ячонка» і «Зарэчча» ААТ «Каганец», якія надаілі 7896, 7074 і 6915 кілаграмаў.

 

АТРЫМАЛІ ДЫПЛОМ

На выніковым пасяджэнні, якое адбылося на базе Смалявіцкай раённай ветэрынарнай станцыі, падведзены вынікі работы аднатыпных устаноў вобласці за мінулы год. За правядзенне комплексу супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў, накіраваных на падтрыманне ўстойлівага дабрабыту раёна па інфекцыйных захворваннях, калектыў супрацьэпізаатычнага аддзела Стаўбцоўскай райветстанцыі, у якім працуюць ветурачы-эпізаатолагі Марыя Каспяровіч, Генадзій Маркоўскі, Дзяніс Пузанаў і Наталля Адаміцкая, заняў другое месца і ўзнагароджаны Дыпломам упраўлення ветэрынарыі Мінаблвыканкама.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *