Стоўбцам – 425

Мае родныя Стоўбцы Нумары

200118j

Гэтая лічба будзе сёлета нагадваць аб юбілейнай даце для нашага горада. Гістарычныя вехі, падзеі ў біяграфіі Стоўбцаў – аб гэтым будуць рыхтавацца публікацыі ў «Прамені». Распачынаем новы праект газеты, запрашаем краязнаўцаў, фотааматараў да ўдзелу ў ім.

 

АД ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Да новага, 2018 года Стаўбцоўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» выпусціла сувенірны настольны каляндар.

Каляндар мае назву «Мае родныя Стоўбцы…» і змяшчае фотаздымкі адметных мясцін нашага горада, зробленыя Аляксандрам Маруновым. У іх ліку – плошча Леніна і вуліцы з адметнай гістарычнай архітэктурай, кафедральны сабор святой праведнай Ганны і сучасная царква ў новым шматпавярховым мікрараёне, чыгуначны вакзал, кінатэатр, краявіды Нёмана і, безумоўна, мурал на будынку дзіцячага сада № 2 з адлюстраваннем старога горада. Дарэчы, гэты першы ў нашым горадзе мурал з’явіўся ў мінулым годзе дзякуючы ініцыятыве раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

– Ідэя выпуску сувенірнага календара, прысвечанага роднаму гораду (а Стоўбцы адзначаць у 2018 годзе свой 425-гадовы юбілей), належыць Людміле Назаранка, – заўважае старшыня раённай арганізацыі Міхаіл Міхно і дадае, што ў радах арганізацыі шмат нераўнадушных і зацікаўленых людзей, гатовых паслужыць роднаму краю, а менавіта зрабіць яго мінулае сучасным турыстычным прадуктам.

Пр

 

ЗЯМЛІ ЛЕПШАЙ…

Дакумент з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, датаваны 1858 годам. Прашэнне ад усіх сялян маёнтка Стоўбцы, адрасаванае галоўнаму начальніку паверачнай люстрацыі Заходніх губерняў стацкаму саветніку Кейстысу Гедыміну.

Чаго ж просяць сяляне паселішча ў чыноўніка, які ажыццяўляе люстрацыю, у даным выпадку вызначэнне права на валоданне зямлёй пасля змены ўлады? Зямлі лепшай, бо гэтая, якую яны апрацоўваюць, пясчаная, камяністая. Горш таго, зарасла ядлоўцам ды сасняком, сенакосу тут не справіш. Не стае кармоў для жывёлы. Ды і ў агародзе нічога добрага не расце. А плата за зямлю вызначана вялікая. І праз усё гэта сяляне ўсёй грамадой сталі зусім неплацежаздольнымі, а плаціць жа трэба вялікі падатак. Заработкаў ніякіх больш няма, і некаторыя з такога жыцця сталі ўжо жабракамі.

Стаўбчане і зямлю лепшую нагледзелі, якую б магло начальства ім выдзеліць. І падказваюць, што яна недалёка. Скажам, у фальварках Кавалёўшчына, Заямнае, ва ўрочышчы Дубнікі. І просяць прыслухацца да іх, каб мець «належнае чалавечае жыццё». Пад дакументам – 70 подпісаў сялян маёнтка Стоўбцы.

Невядома, ці задаволілі, хаця б часткова, гэтую вельмі важную для людзей просьбу, пададзеную 260 гадоў назад. Усё ж такіх пакрыўджаных было шмат, што стала адной з прычын нацыянальна-вызваленчага паўстання, якое выбухнула ў 1863 годзе ў Польшчы, Беларусі і Літве.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *