Абнаўленне медыцынскіх устаноў

Медыцына Нумары

200118a

У ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАЁННАЙ БАЛЬНІЦЫ – ЧАРГОВАЕ НАВАСЕЛЛЕ

У ражджэственскія святочныя дні ў цэнтральнай раённай бальніцы адбылася прыемная падзея – урачыстае адкрыццё пасля капітальнага рамонту неўралагічнага аддзялення.

Падчас урачыстай цырымоніі галоўны ўрач Святлана Глебка прыгадала, што менавіта ў гэты дзень, 12 студзеня, спаўняецца тры гады, як яна заступіла на пасаду кіраўніка медыцынскай установы. І абнаўленне аддзялення, як і іншых, стала як бы яе справаздачай перад кіраўніцтвам раёна і жыхарамі Стаўбцоўшчыны. За гэты невялікі час столькі зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ў духу сучасных патрабаванняў. Падыходзіць да завяршэння маштабная праграма капітальных рамонтаў усіх службовых памяшканнаў, інфарматызацыя медыцынскай установы, і раённую бальніцу часу пабудовы ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, не пазнаць.

Што датычыць неўралагічнага аддзялення, то тут адрамантавана ўсё – ад падлогі да столі. Як расказвае Святлана Здзіславаўна, гэта было адно з самых складаных аддзяленняў, таму што пасля будаўнічага «разгрому» прыйшлося вынесці вялізныя груды старой пліткі, былі ўбраны сцены некаторых пакояў, каб стварыць прасторны, светлы пост медыцынскай сястры. Сваёй радасцю першай падзялілася з намі загадчыца неўралагічнага аддзялення, выпускніца Гродзенскага медуніверсітэта, малады спецыяліст Юлія Цыдзік. Яна з задавальненнем адзначыла, што створаны новыя службовыя памяшканні, напрыклад, санітарныя пакоі для падрыхоўкі пацыентаў да даследавання. Ва ўсіх палатах – новыя санвузлы з душавымі кабінамі. Абсталявана палата павышанай камфортнасці для аднаго пацыента, які можа ў дыхтоўных умовах прайсці абследаванне, падлячыцца, прыняць фізіятэрапеўтычныя працэдуры, скарыстаць паслугі водалячэбніцы.

Аддзяленне пафарбавана ў адметнай колеравай гаме адценняў архідэі. Пашыта новая пасцельная бялізна ў гэтай жа гаме, куплена ўся новая мэбля – як для работы медперсаналу, так і ў палаты. Усё прыемна ўражвае.

–             Нашы адрамантаваныя аддзяленні, – расказвае Святлана Глебка, – з’яўляюцца дэманстрацыяй таго высокага ўзроўню, якога дасягнулі айчынныя вытворцы будаўнічых матэрыялаў. – Усе матэрыялы, з якімі мы працуем, – беларускія. Мы вельмі задаволеныя. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць нашай будаўнічай брыгадзе. Неўралагічнае аддзяленне адрамантавана за вельмі кароткія тэрміны – два месяцы. Гэта знак высокага прафесіяналізму нашых будаўнікоў, выключнай вытворчай дысцыпліны. Брыгада працуе пад кіраўніцтвам майго баявога намесніка па гаспадарчай рабоце Валянціны Папкоўскай, стараннямі, ініцыятывамі, дзелавой хваткай якой і ажыццяўляецца такая насычаная праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Клопат пра ўсё абсталяванне, замену на новае, падключэнне сістэм пасля рамоту ляжыць на інжынеры Аляксандры Радчанку, спецыялісце, на прафесіяналізм якога, адказнасць можна спадзявацца. Хочацца адзначыць яшчэ аднаго чалавека, без каго не было б такой прыгажосці, адметнасці, якая створана ў кожным аддзяленні. Гэта галоўная медсястра Святлана Высоцкая. Яна нераўнадушная да ўсяго, мае густ. Дзякуючы ёй падабраны жалюзі патрэбнага колеру для кожнага канкрэтнага пакоя, пасцельная бялізна адпаведнай колеравай гамы. Усё гэта ўліваецца ў агульную справу якасна праведзеных рамонтных работ. Слоў удзячнасці заслугоўваюць і іншыя нашы працаўнікі, якія згуртаваліся ў адзіную каманду і выконваюць работы з такім выдатным вынікам.

У сучасны момант нашы будаўнікі заканчваюць рамонт лесвіцы ў корпусе стацыянарных аддзяленняў, яна набудзе стыльны выгляд, будзе прыгожай. Прыступаем да капітальнага рамонту інфекцыйнага аддзялення, якое знаходзіцца ў асобным будынку, паралельна будзе праводзіцца капітальны рамонт клініка-дыягнастычнай лабараторыі. Плануючы работу на 2018 год, у мінулым годзе мы паспелі закупіць усе будаўнічыя матэрыялы для працягу планавых рамонтаў, таму без прамаруджвання прыступілі да работы ўжо з першых дзён новага года.

У якасці падарунка ад адміністрацыі медпераналу неўралагічнага аддзялення перададзены прыгожы чайны сервіз у пакой адпачынку. Настрой медыцынскіх работнікаў прыўзняты. На клопат адміністрацыі аб стварэнні выдатных умоў для работы і знаходжання пацыентаў яны імкнуцца адказаць сумленнай, зладжанай працай. У гэты ж дзень абноўленыя палаты засялілі пацыенты, якія часова праходзілі лячэнне ў палатах інфекцыйнага аддзялення. Яны з захапленнем ацанілі ўмовы, створаныя ў неўралагічным аддзяленні для праходжання абследавання і лячэння.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: галоўны ўрач Святлана Глебка ўручае падарунак загадчыцы неўралагічнага аддзялення Юліі Цыдзік; задаволена працай будаўнікоў намеснік галоўнага ўрача па гаспадарчай рабоце Валянціна Папкоўская; абноўленыя палаты; медыцынскія работнікі задаволены прыемнымі пераменамі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ВЯДЗЕЦЦА РАМОНТ АМБУЛАТОРЫЙ

Праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтральнай раённай бальніцы ўключыла і рамонтныя работы ў сельскіх лячэбна-прафілактычных установах. У 2017 годзе ў сельскай мясцовасці быў выкананы аб’ём рамонтных работ на суму 45 тысяч рублёў.

У Дзераўнянскай участковай бальніцы праведзены рамонт гаража і частковая замена старых вокнаў на шклаблокі. У Рубяжэвіцкай участковай бальніцы сілы рамонтнай брыгады былі накіраваны на добраўпарадкаванне тэрыторыі з заменай агароджання.

У Шашках і Цеснавой праведзены рамонт ведамаснага жылля для медыцынскіх работнікаў і бягучы рамонт урачэбных амбулаторый. У Навасвержанскай урачэбнай амбулаторыі таксама выкананы бягучы рамонт.

Увага да сельскіх лячэбна-прафілактычных устаноў кіраўніцтвам медыцынскай установы будзе праяўлена і ў бягучым годзе.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *