У пошуках Снежня

Адукацыя На сувязі - рэдакцыя Нумары

Ніхто, напэўна, не стане аспрэчваць, што Каляды і Новы год – у ліку самых любімых святаў у школьнікаў, калі ўлічыць, што якраз прыпадаюць яны на перыяд зімовых канікулаў, святочных ранішнікаў, атрымання падарункаў.

Вучні нашай школы рыхтаваліся да гэтых святаў вельмі актыўна. Школа зіхацела ліхтарыкамі, у фае першага паверха прыветна сустракала навагодняя ёлка, а кожны класны пакой быў упрыгожаны выцінанкамі, самаробнымі сняжынкамі і нават малымі штучнымі ёлачкамі. А самае адметнае – вучні напярэдадні Новага года наведалі парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула». Нашай увазе была прадстаўлена прыгодніцкая праграма «Таямнічая Сула: шляхам пана Снежня». А дзея разгортвалася так. Пры ўваходзе ў парк-музей нас шаноўна запрасілі на свята. Але Злыдзень, які з’явіўся знянацку, паведаміў, што ён украў гаспадароў – пана Снежня і Берагіню. Нам патрэбна было самім гаспадароў выратаваць, сабраўшы артэфакты на шляху пошукаў. А для гэтага наведалі кавальскую, ганчарную майстэрні, дзе не толькі слухалі экскурсавода, але і сваімі рукамі з дапамогай майстроў выраблялі «чароўныя» рэчы, якія павінны былі дапамагчы вызваліць з палону пана Снежня і Берагіню.

На шляху быў і музей ткацтва, дзе мелі магчымасць пазнаёміцца з батлейкай і паглядзець пастаноўку на біблейскую тэму. Сустрэліся з Вядзьмаркай і, адгадаўшы ўсе яе загадкі, знайшлі месца сховы пана Снежня і Берагіні. Аднак жа гаспадыню трэба было і разбудзіць ад навеянага ёй сну. І гэта зрабілі залпам з сапраўднай гарматы.

Калі ўсе артэфакты былі сабраны, гаспадары выратаваны, мы развучылі з панам Снежнем і Берагіняй сярэднявечны танец, атрымалі падарункі, пачаставаліся салодкімі прызамі і пакаталіся на брычцы.

Усе засталіся вельмі задаволенымі і ўсю дарогу дадому не пераставалі дзяліцца ўражаннямі.

Вучні 7 класа Налібацкай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *