Пасля прамой лініі. Калі завулак – «нічыйны»

Нумары Соцыум

Гэтыя студзеньскія дні выдаліся снежнымі, і большасць пытанняў, якія паступілі ў мінулую суботу на прамую тэлефонную лінію кіраўніку спраў райвыканкама Але Янкоўскай, звязаны з ачысткай так званых праблемных участкаў у сельскіх населеных пунктах.

Званок з Атцэды датычыў уборкі завулка, што звязвае вуліцы Школьную і Палявую. Назвы ў гэтага завулка няма (па ім людзі скарачаюць дарогу), як няма яго і на балансе ДРБУ № 135, якое займаецца абслугоўваннем мясцовых дарог раёна. Тым не менш, дарожнікі перыядычна ачышчаюць яго. Праблема крыецца ў іншым. Завулак сам па сабе вузкі, па ім аўтамабіль МАЗ са снегаачышчальным абсталяваннем прайсці не можа, і трэба спецыяльна пускаць трактар.

Аналагічнае пытанне паступіла і са Сверынава. Вясковая вуліца ачышчана пасля снегападу, але не да канца. Дзесьці кіламетр яе, у самым канцы, дзе дамы знаходзяцца на некаторым аддаленні адзін ад аднаго, ёсць сярод іх і дачныя, нежылыя, застаўся некранутым. У выніку, у суботу да некаторых вяскоўцаў не змагла даехаць аўталаўка.

Акрамя таго, жыхары вуліцы Галаўскога ў Стоўбцах ставілі пытанне адносна таго, што парушаецца графік вывазу цвёрдых бытавых адходаў. Машына прыязджае са значным спазненнем. Калі хочаш выкінуць сваё смецце, трэба рыхтавацца да «разбітага» дня. Выйсцем магло б быць пакіданне пакетаў са смеццем на вуліцы каля дома, аднак у суботнія дні АКС ажыццяўляе збор адходаў без грузчыка.          

Жыхары вуліцы Мамантава ў Стоўбцах выказалі занепакоенасць тым, што ніяк не спраўдзяцца іх чаканні адносна работы ў гэтым мікрараёне камерцыйнага магазіна. Ён быццам бы гатовы да адкрыцця, але гэты момант ніяк не наступае.

– Усе пытанні, якія паступілі на прамую тэлефонную лінію, – слушныя, і будзем вырашаць іх з удзелам кампетэнтных службаў. Сігналы аб ачыстцы вуліц ад снегу былі перададзены начальніку ДРБУ № 135 падчас прамой лініі, – пракаменціравала Ала Янкоўская.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *