У ветэранскай арганізацыі – новы старшыня

Нумары Соцыум

Адбылося пасяджэнне раённага савета ветэранаў, на якім было разгледжана арганізацыйнае пытанне – аб кадравым умацаванні раённага савета і яго прэзідыума, выбарах новага старшыні раённай ветэранскай арганізацыі.

Гэтыя пытанні выйшлі на парадак дня ў сувязі з тым, што старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Іосіф Язвінскі з-за стану здароўя прыняў рашэнне датэрмінова пакінуць пасаду. Заява Іосіфа Іосіфавіча, які сумленна адпрацаваў на карысць ветэранскай арганізацыі Стаўбцоўшчыны 13 гадоў, была задаволена. Ад імя райвыканкама яму выказаў удзячнасць за сумесную плённую працу намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Старшыня Мінскага абласнога савета ветэранаў Казімір Чарапкоўскі ўручыў Іосіфу Язвінскаму за асобыя заслугі ў развіцці ветэранскага руху пасведчанне аб прысваенні звання «Ганаровы старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў».

З хваляваннем у голасе Іосіф Язвінскі падзякаваў за прызнанне і падтрымку Мінскаму абласному савету ветэранаў, раённаму выканаўчаму камітэту. Асаблівыя словы прагучалі ў адрас старшыняў сельвыканкамаў, увага якіх скіравана на ветэранаў у сельскай мясцовасці, кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы – за арганізацыю клопату пра ветэранаў, працяг іх веку, рэдакцыі раённай газеты – за асвятленне шматграннай дзейнасці арганізацыі і цыкл публікацый-партрэтаў ветэранаў вайны і працы. Па-сяброўску цёпла паціснуў руку свайму паплечніку – намесніку Уладзіміру Пашковічу… Верна служыць ветэранам – такім быў яго наказ пераемнікам і, адначасова, сведчанне таго, што пакідае ён адказны пост з думкамі пра заўтрашні дзень ветэранскай арганізацыі.

Арганізацыя ветэранаў Стаўбцоўшчыны ўзняла сваю планку дзейнасці на высокі ўзровень. У мінулым годзе яна атрымала моцную падпітку – у выглядзе новай, 24-й па ліку, пярвічнай арганізацыі, якая была створана на базе райвыканкама. Па заяўленчым прынцыпе ў склад арганізацыі ўступілі 53 ветэраны. Гэта свежыя сілы, сярод якіх аказалася нямала людзей ініцыятыўных і творчых, з лідарскімі якасцямі, гатовых займацца грамадскай дзейнасцю. На пасяджэнні паступіла прапанова ўвесці членаў гэтай пярвічкі Наталлю Лапко, Марыю Афанасенка, Любоў Злотнікаву, Людмілу Шыран у склад раённага савета ветэранаў і выбраць у склад прэзідыума. Старшыня пярвічкі Наталля Лапко была вылучана на пост старшыні раённай ветэранскай арганізацыі.

У ходзе абмеркавання кандыдатура Наталлі Лапко знайшла аднадушную падтрымку прысутных. Выступоўцы звярталі ўвагу на веданне кандыдатам раёна і яго людзей, кампетэнтнасць у пытаннях сацыяльнай абароны. Нагадаем, што да выхаду ў мінулым годзе на заслужаны адпачынак Наталля Лапко ўзначальвала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а раней, на працягу чатырох гадоў, займала пасаду намесніка старшыні райвыканкама. Наталля Аляксандраўна, як трапна заўважыў член раённага савета ветэранаў Мар’ян Карніцкі, мае яшчэ адну перавагу – так бы мовіць, ветэранскую маладосць, што ўсяляе надзею і акрэслівае перспектыву далейшага развіцця арганізацыі.

Ужо ў новай якасці – старшыні раённай ветэранскай арганізацыі –Наталля Лапко падзялілася сваім бачаннем далейшай дзейнасці. Ветэранская арганізацыя і далей будзе скіроўваць свае намаганні на кансалідацыю грамадства, укараненне ініцыятыў, павагу і разуменне кожнага ветэрана. Раённай ветэранскай арганізацыі, самай шматлікай і аўтарытэтнай, належыць быць прыкладам для іншых грамадскіх арганізацый раёна, надзейнай апорай для моладзі. Гэтага можна дасягнуць, калі пастаянна папаўняць склад арганізацыі, надаць яе дзейнасці новы, сацыяльна-духоўны ўхіл.

Менавіта на прыярытэце сацыяльна-духоўнага накірунку дзейнасці акцэнтаваў сваю ўвагу і Казімір Чарапкоўскі. «Чым мы горшыя, за Беларускі саюз жанчын? – паддаў ён запалу, маючы на ўвазе нядаўняе ўзнагароджанне грамадскай арганізацыі жанчын прэміяй «За духоўнае адраджэнне». – На маю думку, – падкрэсліў Казімір Браніслававіч, – у выступленні Прэзідэнта краіны, якое прагучала падчас уручэння гэтай прэміі, проста «прамаўляюць» нашы асноўныя задачы. Сапраўды, ветэраны не павінны заставацца ўбаку ад грамадска-палітычнага жыцця краіны. Нам варта працаваць над увекавечваннем памяці ўдзельнікаў вайны, знакамітых людзей свайго рэгіёну. На першым плане – і клопат пра ветэранаў, работа па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, ветэранска-валанцёрскі рух.            

У цэлым кіраўнік ветэранскай арганізацыі Міншчыны выказаў задаволенасць той грамадзянскай пазіцыяй, дальнабачнасцю, якую прадэманстравалі ветэраны Стаўбцоўшчыны, сталасцю іх грамадскай арганізацыі. Яе новаму старшыні Наталлі Лапко, якая пераняла эстафету ад Іосіфа Язвінскага, давядзецца канкрэтнымі справамі апраўдаць давер.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *