Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

240118b

Ніна Зяньковіч – аператар машыннага даення на МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Агульны стаж яе работы ў жывёлагоўчай галіне таварыства налічвае амаль сорак гадоў. Жанчына ўжо на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць і пастаянна дабіваецца высокіх надояў. Ніна Леанідаўна добразычлівая і шчырая, карыстаецца павагай ў калектыве.

За шматгадовую і добрасумленную працу, прафесійнае майстэрства і высокія паказчыкі ў рабоце адзначана медалём «За працоўныя заслугі», яе неаднаразова ўзнагароджвалі граматамі і падзякамі. За мінулы год дбайная працаўніца атрымала ад кожнай каровы сваёй групы 8368 кілаграмаў малака і заняла першае месца ў гаспадарцы сярод калег сваёй прафесіі.

 

ПРЫТРЫМЛІВАЦЦА ТЭХНАЛОГІІ

Па ініцыятыве старшыні райвыканкама Юрыя Горлава, цэнтрам павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Стаўбцоўскага райсельгасхарча была арганізавана і праведзена вучоба на тэму: «Удасканальванне сістэмы кармлення маладняку, якое забяспечвае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання пажыўных рэчываў кармоў і зніжэнне затрат кармоў на адзінку прадукцыі». Змястоўную лекцыю для дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў, галоўных заатэхнікаў, галоўных ветурачоў і брыгадзіраў фермаў прачытаў прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук РУП «НПЦ НАН Беларусі» Васілій Радчыкаў. Тэма гэтая ктуальная. Прысутныя ў зале слухалі лектара з цікавасцю і прынялі да ведама дадзеныя ім рэкамендацыі. Ад таго, наколькі дакладна яны будуць выконвацца, залежыць, ці павялічацца ў далейшым паказчыкі работы жывёлагадоўчай галіны. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама, калі б у гаспадарках маладняк буйной рагатай жывёлы вырошчвалі, строга прытрымліваючыся тэхналогіі, то і прадукцыйнасць жывёлы была б вышэйшай.

 

ЦЯПЛО І ВАДА

Кіраўніцтвам таварыства ААТ «Вішнявецкі-агра» апошнім часам набыты чатыры падлогавыя двухконтурныя ацяпляльныя катлы на цвёрдым паліве. Адзін з іх ужо падключаны і ацяпляе кабінеты, бытавыя і санітарныя памяшканні ў Доме механізатара, а таксама частку майстэрні, дзе праводзіцца тэхнічнае абслугоўванне і рамонт нескладанай тэхнікі. Адна з галоўных пераваг катлоў данага тыпу ў тым, што яны падаюць не толькі цяпло, а і гарачую ваду.

 

УНІВЕРСАЛЬНЫ КУЛЬТЫВАТАР

На мехдвары ААТ «Жацерава» «прапісаўся» новы культыватар КГП-6,2 вытворчасці СТАА «Элезер», аналагаў якому ў раёне пакуль што няма. Гэты ўніверсальны агрэгат прызначаны для апрацоўкі ржышча, заворвання арганікі, глыбокага рыхлення глебы – да 35 сантыметраў і перадпасяўной падрыхтоўкі глебы. Унікальнасць яго заключаецца ў тым, што глыбіня рыхлення рэгулюецца з дапамогай гідраўлічнай сістэмы непасрэдна з кабіны трактара. Модульная канструкцыя рам дазваляе мяняць і шырыню захопу.

 

ДВАЦЦАТЫ ПА ЛІКУ

Абнаўляецца машынны парк ТАА «СЖК «Налібакі», які папоўніўся трактарам «Беларус-82». Цяпер у таварыстве налічваецца дваццаць такіх машын розных мадыфікацый. З дапамогай тэхнікі будуць выконвацца транспартныя работы на фермах. Даручыць новы трактар плануюць маладому механізатару Паўлу Ліпніцкаму.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *