Аб рацыёне школьніка

Медыцына Нумары

Рацыянальнае харчаванне – адзін з асноўных сродкаў нармальнага фізічнага і разумовага развіцця дзяцей.

У харчаванні падлеткаў неабходна захоўваць правільныя суадносіны. Сутачны рацыён уключае 30 працэнтаў тлушчаў, 20 працэнтаў бялкоў і 50 працэнтаў вугляводаў. Асноўныя крыніцы жывёльнага бялку – малако і малочныя прадукты, мяса, рыба, яйкі. Крыніцамі расліннага бялку служаць бабовыя, арэхі. Каўбасы, сасіскі, вэнджаніна, гамбургеры, хот-догі трэба выключыць з рацыёну. Найбольш карысныя раслінныя тлушчы. Яны ўтрымліваюцца ў алеі, і іх неабходна выкарыстоўваць у дзіцячым харчаванні. У харчаванні дзяцей абавязковыя і малочныя тлушчы.

Малако і малочныя прадукты з паніжаным утрыманнем тлушчу (кефір, сыр, ёгурт, тварог і т. п.) варта ўжываць штодзённа. Калі дзіця не ўжывае малочных прадуктаў, яму ў рацыён варта ўключыць іншыя прадукты, багатыя на кальцый. Да прыкладу, рыбу (сардзіну, ласось), зялёную лісцевую гародніну.

Крыніцай вугляводаў з’яўляюцца крупы, гародніна, фрукты, ягады, малако (малочны цукар). Свежую гародніну, фрукты і ягады неабходна ўжываць некалькі разоў на дзень. Найбольш карысныя складаныя вугляводы, якія ўтрымліваюцца ў такіх прадуктах, як хлеб, розныя крупы, сухафрукты і мёд.    

Надзвычай важна захоўваць рэжым харчавання. Харчавацца пажадана не менш як чатыры разы на дзень: сняданак, абед і вячэра плюс два перакусы – з фруктамі, шклянкай кефіру нізкай тлустасці і т. п. Інтэрвалы паміж асобнымі прыёмамі ежы не павінны перавышаць 4-5 гадзін, таму што такім чынам забяспечваецца добрае пераварванне і засваенне ежы, а таксама выключаецца пачуццё голаду. Апошні прыём ежы – не пазней чым за дзве гадзіны да сну, гэта забяспечыць спакойны і паўнацэнны сон.

Ежа павінна прыносіць задавальненне, быць смачнай і апетытнай. Есці трэба марудна, спакойна, старанна перажоўваючы. Прыёму ежы не павінны перашкаджаць ні тэлевізар, ні тэлефон.

Навучыце сваё дзіця здароваму харчаванню.

Алена ЛОЙКА, урач-гігіеніст



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *