Цікавая статыстыка. Аздараўленне

Нумары Соцыум

З НОВЫМІ НАРАДЖЭННЯМІ!

У 2017 годзе ў нашым раёне зарэгістраваны 393 нараджэнні, што на 59 менш, чым у 2016 годзе. 237 рэгістрацый ажыццёўлена ў Стоўбцах: нарадзіліся 200 дзяўчынак і 193 хлопчыкі. У сельскай мясцовасці самая высокая нараджальнасць адзначана ў Заямнаўскім сельсавеце – 26; у Дзераўнянскім – 24, Старасвержанскім – 22.

Якія ж імёны былі найбольш папулярнымі? Сярод мужчынскіх бацькі часцей выбіралі Арцём, Максім, Мацвей. Дастаткова часта называлі сваіх сыноў імёнамі Іван, Кірыл. Па адным зарэгістраваны Патап, Савелій, Ігнат, Ян, Фёдар, Марат і іншыя. Самымі папулярнымі імёнамі, якія давалі дзяўчынкам у нашым раёне ў 2017 годзе, сталі Софія (16), Анастасія і Ганна (па 12), Валерыя (11). Адзінкавымі зарэгістраваны імёны Моніка, Сняжана, Кіра, Юнона, Таяна, Ясенія, Агата. Усяго для назвы дзетак выкарыстаны 62 мужчынскія імені і 57 жаночых.

У мінулым годзе на Стаўбцоўшчыне не зарэгістравана ніводнай двойні і тройні. Зменшылася рэгістрацыя нараджэнняў у маці, якія не знаходзяцца ў шлюбе, іх колькасць за мінулы год склала 53. Была ажыццёўлена рэгістрацыя дваіх дзетак у маці ва ўзросце да 18 гадоў. Дзевяць жанчын сталі маці ва ўзросце ад 40 да 45 гадоў.

У 136 сем’ях з’явіліся першынцы, у 143 – другое па ліку дзіця. 79 сем’яў атрымалі статус шматдзетных з нараджэннем трэцяга дзіцяці. 25 дзетак сталі ў сваіх сем’ях чацвёртымі. У васьмі сем’ях нарадзілася пятае дзіця, а ў адной – шостае.

Што датычыць рэгістрацыі шлюбаў, то іх колькасць павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 15 і склала па раёне 277. У аддзеле ЗАГС зарэгістравана 13 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі – Расійскай Федэрацыі, Украіны, Казахстана і нават адзін шлюб з грамадзянінам Ісламскай Рэспублікі Іран. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб мужчын – 30 гадоў, жанчын – 28. Шлюбны ўзрост быў зніжаны дзвюм нявестам. Больш за 60 гадоў споўнілася на момант заключэння шлюбу шасці жаніхам і чатыром нявестам.

У мінулым годзе для рэгістрацыі шлюбу звярнуліся ў аддзел ЗАГС 29 сямейных пар. 19 грамадзянам была праведзена рэгістрацыя змены прозвішча, уласнага імя і імя па бацьку.

У 2017 годзе ў раёне зарэгістравана 714 смярцей, што на 39 менш, чым у 2016 годзе. Сярэдні ўзрост памерлых сярод мужчын склаў 68 гадоў, сярод жанчын – 79 гадоў. Сярод памерлых – 101 чалавек працаздольнага ўзросту.

Агульная колькасць зарэгістраваных у 2017 годзе запісаў актаў па нашым раёне склала 1497.

Надзея КАРТУЗАВА,начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама

 

ЧАКАЮЦЬ АЙЧЫННЫЯ ЗДРАЎНІЦЫ

Напрыканцы 2017 года Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні адзначыў свой 20-гадовы юбілей. Усе гэтыя гады дзяржава надае вялікую ўвагу аздараўленню ўсіх катэгорый грамадзян. Забеспячэнне пуцёўкамі ажыццяўляецца за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з законам аб бюджэце Рэспублікі Беларусь.

Права на атрыманне пуцёвак за сродкі сацыяльнага страхавання маюць асобы, за якіх ва ўстаноўленым парадку выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы.

У 2017 годзе санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне ў нашым раёне атрымалі 3225 чалавек, з іх 3051 дзіця. За сродкі сацыяльнага страхавання ў санаторыях аздароўлены 268 чалавек, з іх работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый – 94, у санаторыях дарослага і дзіцяці – 28 дзяцей у суправаджэнні, у дзіцячых санаторыях –120 чалавек. Даведзеныя планы выкананы на 114 працэнтаў.

У аздараўленчых лагерах усіх тыпаў на працягу 2017 года аздароўлены 2821 школьнік. Даведзеныя планы аздараўлення дзяцей таксама перавыкананы.

За сродкі рэспубліканскага бюджэту пуцёўкі ў санаторыі выдзяляюцца дарослым і дзецям, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дзецям-інвалідам, інвалідам, удзельнікам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам І і ІІ груп, а таксама ветэранам Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ветэранам працы сілавых структур. За сродкі рэспубліканскага бюджэту аздароўлены 136 чалавек, план выкананы на 107 працэнтаў.

Дзяржавай асаблівая ўвага надаецца ўмацаванню здароўя дзяцей, якія пражываюць і навучаюцца ў забруджанай радыенуклідамі зоне. На працягу года ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Надежда» і ў дзіцячым санаторыі «Налібацкая пушча» аздароўлены 73 школьнікі Цясноўскага вучэбна-педагагічнага комплексу ў суправаджэнні педагогаў.

У мінулым годзе прайшлі аздараўленне восем дзяцей-інвалідаў у суправаджэнні ў такіх здраўніцах, як «Чабарок», «Лазурны», «Сосны», «Лясная паляна», «Пралеска», «Парэчча», «Беларусь» г. Друскінінкай.

На атрыманне санаторнай пуцёўкі на сучасны момант у нашым раёне стаіць на чарзе больш за 300 непрацуючых грамадзян – ветэранаў працы, інвалідаў І і ІІ груп. Гэтай катэгорыі грамадзян у 2017 годзе выдадзена 41 пуцёўка.

За апошнія гады адбыліся значныя змены, што датычаць абароны правоў інтарэсаў дзяцей. Усе непаўналетнія, якія маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні па медыцынскіх паказаннях, незалежна ад сацыяльнага статусу, маюць права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне раз у год за сродкі дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ці сродкі рэспубліканскага бюджэту. Таксама дзеці маюць права і на атрыманне пуцёвак, якія выдаюцца органамі аховы здароўя, аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Апошнім часам Рэспубліканскі цэнтр мае права закупляць пуцёўкі ў санаторыях дарослага і дзіцяці «Белоруссия» ў Крыме, які знаходзіцца ва ўнікальным па сваіх прыродных і кліматычных умовах месцы і з’яўляецца адзінай здраўніцай для эфектыўнай медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з захворваннямі органаў дыхання. У мінулым годзе ў гэтым санаторыі атрымалі санаторна-курортнае лячэнне шэсць дзяцей у суправаджэнні.

Камісіям прадпрыемстваў, арганізацый патрэбна пастаянна інфармаваць калектыў аб магчымасцях санаторна-курортнага лячэння дзяцей па розных захворваннях, аб наяўнасці пуцёвак і своечасова падаваць заяўкі.

Атрымаць неабходную інфармацыю па цэнах на пуцёўкі і любую іншую адносна аздараўлення можна па тэлефоне 7-75-03.

Раіса ЛАЗАР,вядучы спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Стаўбцоўскім раёне



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *