Куды не прамінуць зайсці жыхары Шашкоў і навакольных вёсак, дык гэта ў паштовае аддзяленне сувязі. Тут і сапраўды вельмі ўтульна, прыветлівыя супрацоўнікі, прыцягваюць увагу гандлёвыя вітрыны, свежая перыёдыка.
Мы лічым паштавікоў сваімі калегамі, таму што іх стараннямі наша газета даходзіць да самага дальняга падпісчыка. Начальнік паштовага аддзялення ў Шашках Тамара Дударэвіч, якая мае на гэтым месцы работы стаж каля 30 гадоў, гаворыць, што правядзенне падпіскі – у ліку самых надзённых задач для работнікаў паштовай сувязі. Шашкоўскае аддзяленне не зніжае паказчыкаў па падпісцы на раённую газету, абласную і іншыя. Такі вынік патрабуе ад работнікаў сувязі вялікай працы. Як расказвае Тамара Мікалаеўна, даводзіцца індывідуальна падысці да кожнага падпісчыка – напомніць аб падпісцы, угаварыць, прарэкламаваць выданне, патэлефанаваць. І як вынік – падпісчыкаў тут не губляюць. А ў кожным свежым нумары «Праменя» заўсёды можна знайсці матэрыял пра знаёмых, родных, блізкіх людзей.
Аддзяленне выконвае план і па гандлі. Нам расказваюць, што мясцовыя людзі з задавальненнем купляюць тут прадукты харчавання (яны таннейшыя, чым у іншых гандлёвых кропках). Хутка раскупляюцца камбікармы для дамашняй жывёлы – толькі і паспяваюць падвозіць. Пачаўся актыўны гандаль насеннем, ужо распрадалі партыю цыбулі-сяўка.
У паўсядзённым жыцці ў вяскоўцаў ёсць пастаянная патрэба і ў традыцыйных паштовых паслугах. Нам цікава пачуць, што вяскоўцы актыўна карыстаюцца экспрэс-поштай, якая дазваляе іх пісьмо даставіць у любы куток Беларусі за дзень – назаўтра адрасат атрымлівае ўжо карэспандэнцыю. Так што сучасныя віды паштовай сувязі даступныя для жыхароў сельскай мясцовасці. І гэта стымулюе работнікаў аддзялення паштовай сувязі прапагандаваць новыя паслугі і атрымліваць ад кліентаў словы ўдзячнасці.
Святлана ЖЫБУЛЬ
На здымку: гасцінна сустракаюць наведвальнікаў аператар паштовай сувязі Вольга Сай і загадчыца аддзялення Тамара Дударэвіч.
Фота Васіля ЗЯНЬКО