Інвестыцыі будуць утроены

Нумары У перапрацоўшчыкаў

У мінулым годзе ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» інвесціраваў у вытворчасць 726 тысяч рублёў. Планы на 2018 год – павялічыць суму ўкладанняў амаль да двух мільёнаў рублёў.

За гэтыя сродкі мяркуецца правесці мадэрнізацыю мясатлушчавага, каўбаснага і іншых участкаў прадпрыемства. На стадыі прапрацоўкі застаецца стратэгічны праект – будаўніцтва новага каўбаснага цэха. Інвестыцыі на яго ў бягучым годзе не прадугледжаны, таму што вытворцам не выдадзены неабходныя для рэалізацыі праекта дазвольныя дакументы.

Адметна, што інвестыцыі мясакансервавага камбіната – гэта яго ўласныя сродкі. Летась мясаперапрацоўшчыкамі было перапрацавана 15,7 тысячы тон сыравіны, у выніку чаго выраблена 9,5 тысячы тон мяса і субпрадуктаў, амаль 1,3 тысячы тон каўбасных вырабаў, больш за тысячу тон паўфабрыкатаў, 424 тоны мясных кансерваў і паштэтаў. На экспарт адгружана прадукцыі на 14,8 мільёна долараў ЗША.

– Прадпрыемства працуе рэнтабельна. У мінулым годзе асабліва вырасла вытворчасць гатовай прадукцыі, – праводзіць аналіз галоўны эканаміст Алена Бузуноўская. – Нягледзячы на тое, што ўзнікалі цяжкасці з пастаўкамі на расійскі рынак (быў перыяд, калі пад забаронай былі ўсе мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы Мінскай вобласці), мы змаглі спрацаваць эфектыўна. Акрамя расійскага рынку, асвоілі і рынак Казахстана.

У 2018 годзе на мясакансервавым камбінаце плануюць перапрацаваць 16 тысяч тон жывёлы і, адпаведна, нарасціць аб’ёмы вытворчасці каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў, мясных паштэтаў. Спажыўцоў яны парадуюць новымі відамі прадукцыі.

Да слова, напрыканцы мінулага – на пачатку новага года ў фірменных магазінах камбіната ўжо прайшлі тры дэгустацыі новых відаў прадукцыі. Удзел у іх прынялі тэхнолагі, якія адказалі на пытанні пакупнікоў адносна тэхналогіі прыгатавання прадукцыі і надзвычай пераканаўча расказалі пра яе перавагі. А гэта выкарыстанне толькі ахалоджанай сыравіны, натуральны састаў і т. п.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *