Рэагаванне на звароты

Нумары Соцыум

270118c

У жыхароў нашага раёна ёсць магчымасць звярнуцца з праблемамі да кіраўніка любога ўзроўню. Для гэтага пастаянна праходзяць прыёмы грамадзян кіраўнікамі органаў улады, службаў і ведамстваў Мінскай вобласці і рэспублікі. Па суботах у райвыканкаме ладзяцца прамыя тэлефонныя лініі. Сталі традыцыйнымі прыём грамадзян і сустрэчы з насельніцтвам старшыні райвыканкама. Усе звароты, што паступаюць, бяруцца на кантроль, іх вырашэнне даручаецца кампетэнтным службам. Кожнаму заяўніку накіроўваецца пісьмовы адказ.

Найбольш вострыя пытанні, як сведчыць маніторынг, звязаны з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Прынамсі, менавіта гэтая тэма аказалася самай «гарачай» падчас прыёму грамадзян у лістападзе мінулага года старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолем Ісачанкам.  

Які вынік зваротаў? Што змянілася? Як працуюць камунальнікі ў складаных зімовых умовах? На гэтыя і іншыя пытанні мы паспрабавалі знайсці адказы падчас выезду на месца.

Парадак вакол нас

У адказ на просьбы людзей на вуліцы Зялёнай у Стоўбцах з’явіліся дзве новыя кантэйнерныя пляцоўкі. Кожная ўключае ў сябе, як і прадугледжвае сучасны стандарт, чатыры кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў – цвёрдых камунальных, пэт-бутэлек і шкла. Пляцоўкі знаходзяцца на бетоннай аснове, засталося зрабіць іх агароджванне.

– У бліжэйшы час завершым усе работы – матэрыял для гэтага ўжо закуплены. За апошні час набыта 360 кантэйнераў, якія мы расстаўляем згодна з графікам у горадзе, сельскіх населеных пунктах раёна, – звяртае ўвагу дырэктар Стаўбцоўскага АКС Дзмітрый Мурын.

Акрамя ўкаранення кантэйнераў, збор цвёрдых камунальных адходаў у жылым сектары працягваецца і ранейшым спосабам – шляхам цэнтралізаванага вывазу. Па вуліцах горада двойчы на месяц курсіруе машына. З мікрараёна Акінчыцы звярнуліся жыхары 5-га завулка Баравога, якім нязручна выносіць смецце да машыны. Прычына – да іх дамоў нельга пад’ехаць грузавой машыне з-за наступу ляснога масіву.

Рэакцыя на гэтае паведамленне была хуткай. Райвыканкам падключыў да вырашэння праблемы лясгас. У выніку, брыгада лесарубаў спілавала дрэвы, падрэзала галіны, каб расшырыць завулак, што прымыкае да лесу. Каб работу канчаткова выканаць, трэба яшчэ правесці ачыстку завулка. А брыгада камунальнікаў на чале з начальнікам участка Валерыем Красоўскім папрацавала ў Наваколасаве – на ўездзе ў пасёлак быў устаноўлены дарожны знак «Саступі дарогу». Просьба жыхароў наконт гэтага, якую выказалі падчас прыёму старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву, папярэдне была прааналізавана, яе мэтазгоднасць знайшла пацвярджэнне.

Шмат абгрунтаваных зваротаў грамадзян звязана з добраўпарадкаваннем вуліц. Усе яны па чарзе, з улікам сезона, грэйдзіруюцца камунальнымі і дарожнымі службамі. Зразумела, што гэтая мера – часовая, і многім хацелася б больш кардынальнага ўдзелу па прывядзенні вуліцы ў парадак. Напрыклад, яе асфальтавання. Сродкаў на такія віды работ у раённым бюджэце ва ўсе часы было недастаткова. У сувязі з гэтым раённы выканаўчы камітэт штогод зацвярджае план чарговасці выканання работ па ўстройстве і рамонце тратуараў, пешаходных дарожак, а таксама асфальтаванні вуліц.

На вясну камунальнікі запланавалі рамонт выбоін на пешаходнай дарожцы паміж вуліцамі Сацыялістычнай і Цітова, на што наракалі жыхары горада. На даны момант зроблена яе падсыпка. А асноўныя намаганні скіраваны на ачыстку вуліц ад снегу, пасыпку іх супрацьгалалёднымі матэрыяламі. Кругласутачнае дзяжурства на гэтым адказным участку нясе адзін з лепшых вадзіцеляў – Леанід Уліч.        

– Дзякуй людзям, якія падказваюць нам, называюць адрасы дзеянняў, – падсумоўвае начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы Стаўбцоўскага АКС Валерый Бохан. Пры гэтым не варта забываць, што ў АКС, як і на іншых прадпрыемствах, ёсць дыспетчарская служба, куды можна напрамую звярнуцца са сваёй праблемай (тэл. 7-82-62).

Градус вуліцы Сонечнай

Мы пабывалі ў Заямным, на вуліцы Сонечнай, 3, адкуль паступіла нямала пытанняў адносна рамонту дома і, у прыватнасці, падрыхтоўкі яго да эксплуатацыі ў зімовых умовах.

Звяртаем увагу на стан аконных рам, дзвярэй у пад’ездах. Яны зашклёныя, з падвоенымі рамамі. Герметычныя і аглядавыя вокны ў падвальным памяшканні. У пад’ездзе нумар два няшчыльна зачыняюцца дзверы. «Камунальнікі абяцалі паправіць ручку», – гаворыць на гэта жыхарка дома Валянціна Гацура. Жанчыну больш турбуе «ледзяная» батарэя ў пад’ездзе на першым паверсе. Жыхары яшчэ адной кватэры, дзе таксама ёсць малое дзіця, сям’я Хілімонаў, паскардзіліся на нізкую тэмпературу ў кватэры. Калі ж зірнулі на тэрмометр, то на ім аказалася плюс 19 оС. У прынцыпе, гэта на градус больш, чым устаноўлены сацыяльны стандарт. «Вокны памянялі, а ў кватэры ўсё роўна чарнеюць вуглы. Вада з крана цячэ зусім не гарачая», – такія нараканні паступілі ад гаспадыні кватэры Ніны Леанідаўны.

Заўвагі адносна цеплазабеспячэння дома адрасаваны кіраўніцтву АКС. Тым больш, што ўсё – у іх руках і пад іх кантролем. Праз дарогу ад дома знаходзіцца ведамасная кацельня, адкуль цяпло паступае як жыхарам гэтага і іншых жылых дамоў, так і ў дзіцячы сад аграгарадка. Кацельня працуе на мясцовых відах паліва. Відавочна, што дроў падвезена шмат, пад паветкай захоўваецца дастаткова сухога паліва.        

Адзначаем, што камунальнікамі праведзены пэўныя работы і па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол дома. Так, на кантэйнернай пляцоўцы ўстаноўлены чатыры новыя кантэйнеры, ля пад’ездаў – новыя лаўкі. Работы ў гэтым і іншых накірунках будуць працягнуты.

Па выніках зваротаў жыхароў Стоўбцаў адносна водазабеспячэння ў вясенне-летні перыяд, аб’яднанне камунальных службаў унесла ў райвыканкам прапанову – у сувязі з пашырэннем горада і павелічэннем адначасовага расходу вады падчас пікавых нагрузак разгледзець пытанне аб састаўленні гідраўлічнай карты горада і магчымасці будаўніцтва павышальных станцый малой магутнасці для выраўноўвання гідраўлічных нагрузак на сістэмы водаправода.

На здымках: 1) так выглядае адзін з пад’ездаў дома па вуліцы Сонечнай, 3, у Заямным; 2) камунальнікі заняты зімовым утрыманнем вуліц; 3) і 5)запас дроў на тэрыторыі кацельні праблем не чыніць; 4) новая кантэйнерная пляцоўкана вуліцы Зялёнай у Стоўбцах.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *