Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне пяць шлюбаў, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 12 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дамір Чарнец, Ева Высоцкая, Ілья Кулікоўскі, Кірыл Грыгаровіч, Ягор Пракаповіч, Расціслаў Кулеш, Уладзіслаў Леўчык, Таццяна Лыўко, Багдан Дзенісевіч, Мацвей Грамыка, Цімур Асіпенка і Савелій Воранаў.

Зямны шлях закончыўся для 35-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. У Несцеравічах агнём знішчаны хлеў, у Стоўбцах – гаспадарчая пабудова. Прычыны ўстанаўліваюцца.

Міліцыяй зарэгістравана 108 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана восем крымінальных спраў, у пяці з іх устаноўлены падазроныя. У Наваколасаве зніклі з хлява надзіманы басейн, шацёр і т. п., на агульную суму 1200 рублёў. У будынку аўтастанцыі нецвярозы паквапіўся на пакеты з прадуктамі аднаго з наведвальнікаў. З 26 па 30 студзеня праводзіцца дадатковы комплекс мерапрыемстваў па прафілактыцы п’янства. Арганізавана гарачая лінія па нумарах 5-01-72, 5-19-15.

Пракуратурай раёна ў ходзе праверкі РУП «Стаўбцоўскае АКС» выяўлены парушэнні заканадаўства аб закупках тавараў (работ, паслуг). Дырэктару ўнесена прадстаўленне. Па выніках яго разгляду службовая асоба прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.

Суд прыгаварыў да штрафу ў памеры 80 базавых велічынь 33-гадовага стаўбчаніна, які прызнаны вінаватым у хуліганстве. На 30 базавых велічынь аштрафавана 73-гадовая жыхарка Несцеравічаў, якая паўторна набрала дроў у хляве аднавяскоўца.  

ДАІ выявіла 179 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое п’яных вадзіцеляў і 11 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 34 недысцыплінаваныя пешаходы. Зафіксавана шэсць ДТЗ. 19-га студзеня ў 03.15 на аўтадарозе Стоўбцы–Івацэвічы–Кобрын, паблізу Старога Свержаня, вадзіцель аўтамабіля «Мерседэс-бэнц», жыхар Мінска, учыніў наезд на пешахода, які ішоў у спадарожным напрамку і не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. Пацярпелы, жыхар Свіслацкага раёна, 1993 года нараджэння, ад атрыманых траўмаў памёр на месцы. Учора ў раёне прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Дарога памылак не даруе».

«Хуткая» выязджала да хворых 185 разоў, у тым ліку 12 выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *