Дзейнасць з новымі акцэнтамі

Медыцына Нумары

270118d

У пачатку кожнага каляндарнага года калектыў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі збіраецца на галоўны сход, каб падвесці вынікі работы і акрэсліць прыярытэтныя задачы. Кожны год гэты сход усё больш і больш, так бы мовіць, удасканальваецца, уключае не толькі справаздачу, але і становіцца прыемным святам для калектыву цэнтра з 43-х чалавек, сярод якіх нямала маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў.

Відэасправаздача галоўнага санітарнага ўрача Ігара Кунцэвіча яскрава паказала, што калектыў цэнтра ў поўнай меры ўсведамляе вялікую адказнасць, якую ўскладае дзяржава на санэпідслужбу, – забяспечыць санітарна-эпідэмічны дабрабыт насельніцтва, папярэджанне, выяўленне і ліквідацыю небяспечнага і шкоднага ўплыву асяроддзя пражывання на здароўе чалавека.

Галоўны санітарны ўрач на канкрэтных лічбах і фактах адзначыў, што мінулы год для калектыву цэнтра быў плённым і паспяховым па многіх накірунках дзейнасці. Ёсць станоўчая дынаміка па зніжэнні ўзроўню інфекцыйна-паразітарнай захваральнасці ў раёне, па гэтым паказчыку, як і па іншых, наш раён мае лічбы ніжэйшыя за сярэднеабласныя. І наогул, насельніцтву раёна ў цэлым забяспечана эпідэмічная бяспека асяроддзя пражывання. Лаканічна, акрэсліваючы праблемы і задачы на будучае, канкрэтызавалі гэтыя моманты ў сваіх справаздачах загадчыца аддзела гігіены Алена Лойка, загадчыца аддзела эпідэміялогіі Ірына Пятровіч, загадчыца лабараторнага аддзела Кацярына Бонда. Былі закрануты пытанні ахопу насельніцтва вакцынацыяй супраць небяспечных інфекцый, у тым ліку і грыпу, паляпшэння ўмоў працы і быту на прадпрыемствах, захавання санітарных правіл і патрабаванняў у дзіцячых дашкольных і школьных установах, паляпшэння якасці пітной вады, прадуктаў харчавання і многіх іншых накірункаў, якія ў полі зроку кантрольнай дзейнасці спецыялістаў санэпідслужбы.

Вялікая ўвага ў справаздачным дакладзе галоўнага ўрача была нададзена кадравай палітыцы, якая правільна пабудавана, што дазволіла значна абнавіць калектыў. Толькі ў 2017 годзе штат папоўніўся пяццю маладымі спецыялістамі, выпускнікамі медыцынскіх устаноў. Аб мерах падтрымкі маладых спецыялістаў расказала адказная за справавытворчасць па кадрах Святлана Мікшута.

Высокую ацэнку дзейнасці калектыву цэнтра, уменню працаваць у сучасных умовах, хутка рэагуючы на патрабаванні дня з павышэннем кваліфікацыі, набыцця якасна новых прафесійных ведаў спецыялістамі даў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Дзякуючы яго каментарыям, аргументаваным заўвагам на сходзе былі падняты важныя праблемы дня, як якаснае харчаванне школьнікаў і ўвага да фарміравання ў іх здаровага ладу жыцця. Гаварылася аб неабходнасці ахопу школьнікаў гарачым харчаваннем у школьных сталовых, увага была скіравана на абагачэнне асартыменту прадуктаў у школьных буфетах гароднінай, фруктамі, малочнымі прадуктамі, каб дзеці куплялі не толькі чыпсы і фарбаваныя напіткі. Кантроль за работай буфетаў будзе ўзмоцнены.

З сучаснымі акцэнтамі плануецца будаваць дзейнасць цэнтра, наладжваючы партнёрскія адносіны з арганізацыямі, бацькоўскай грамадскасцю. Прыклад такой плённай сумеснай работы з цэнтральнай раённай бальніцай прывяла яе прадстаўніца – загадчыца паліклінікі Інеса Дударэвіч. Новы імпульс у арганізацыі партнёрскіх адносін з іншымі ведамствамі і службамі будзе садзейнічаць таму, што людзі ўбачаць у асобах спецыялістаў цэнтра не кантралёраў, а партнёраў у ажыццяўленні сумесных праектаў, вырашэнні важных задач па аздараўленні грамадства і матывацыі жыхароў раёна да правільных паводзін, абарону сябе ад таго, што прынясе вялікую шкоду здароўю. Гэта датычыць прафілактыкі такіх небяспечных інфекцый, як гепатыты, ВІЧ-інфекцыі, туберкулёз і іншыя. Спецыялісты цэнтра агучылі занепакоенасць, што людзі недаацэньваюць небяспеку карыстання паслугамі салонаў прыгажосці, якія афіцыйна не зарэгістраваны. У іх немагчыма праверыць якасць апрацоўкі інструментаў пры правядзенні манікюру, педыкюру, паслуг цырульніка. Гэта нясе вялікую небяспеку заразіцца цяжкімі інфекцыйнымі захворваннямі. Удзельнікі сходу рэзюмавалі, што ў сувязі з гэтым не спадае, а ўзрастае актуальнасць санасветработы з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і іншых метадаў.

На сходзе было нямала прыемных момантаў. У ліку іх – выступленне маладога спецыяліста, выпускніцы Віцебскага медыцынскага каледжа, памочніка ўрача Паліны Чапскай, якая выказала ўдзячнасць калектыву за гасціннасць і ўмелае настаўніцтва. Яна адзначыла, што галоўны ўрач Ігар Кунцэвіч выканаў усё, што абяцаў падчас прафарыентацыйнай сустрэчы ў каледжы ў адносінах да стварэння належных умоў працы, забеспячэння жыллём, увагі і падтрымкі на першым рабочым месцы.

У цэнтры практыкуюцца ўзнагароджаанні спецыялістаў у розных намінацыях, з уручэннем не толькі грамат, прэмій, кветак, але і падарункаў, сертыфікатаў, што згуртоўвае калектыў і дае стымул кожнаму ў наступным годзе за свае ініцыятывы і высокія паказчыкі ў рабоце аказацца на месцы калегі і атрымаць узнагароду.

На здымках: са словамі ўдзячнасці – малады спецыяліст Паліна Чапская; намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель уручае Ганаровую грамату райвыканкама інструктару-дэзынфектару Ірыне Сахар; з увагай да новых задач.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *