Дэкрэт № 18. Не забываць пра бацькоўскія абавязкі

Нумары Соцыум

Прафілактычная акцыя «Сям’я без насілля» прызвана аказаць дзецям і бацькам псіхалагічную і іншую дапамогу, а таксама выявіць у сем’ях нядобранадзейнасць на ранняй стадыі.

Своечасовае інфармаванне аб магчымай сямейнай нядобранадзейнасці дазваляе прыняць меры прафілактычнага ўздзеяння ў адносінах да бацькоў, якія неналежным чынам выконваюць свае бацькоўскія абавязкі. У мінулым годзе ў рамках акцыі, удзел у якой узялі ўсе зацікаўленыя ведамствы, праведзена 51 рэйдавае мерапрыемства, наведана 347 сем’яў, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, дзе ўчыняюцца правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін і т. п.

Згодна з артыкулам 67 Кодэкса аб шлюбе і сям’і, бацькі, апекуны, папячыцелі нясуць адказнасць за выхаванне і ўтрыманне дзяцей, пры гэтым становішча дзіцяці прызнаецца сацыяльна небяспечным, калі адсутнічаюць нагляд за ім і яго догляд, не задавальняюцца патрэбы дзіцяці ў ежы, жыллі, вопратцы, атрыманні неабходнай медыцынскай дапамогі, не створаны санітарна-гігіенічныя ўмовы для жыцця і т. п.; існуе патэнцыяльная рызыка ўчынення дзіцем супрацьпраўных дзеянняў; бацькі вядуць амаральны лад жыцця і такім чынам аказваюць шкодны ўплыў на дзіця, могуць жорстка абыходзіцца з ім і ствараць пагрозу для яго жыцця і здароўя.

Райаддзел міліцыі накіроўвае інфармацыю ў камісію па справах непаўналетніх і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама па ўсіх фактах выклікаў супрацоўнікаў міліцыі на сямейныя скандалы, дзе ёсць непаўналетнія дзеці, а таксама пры выяўленні прыкмет нядобранадзейнасці ў ходзе рэагавання на паведамленні грамадзян, аб фактах прыцягнення бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжанай часткай 3 артыкула 17.3 (з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення паўторна на працягу года) і артыкулам 17.1 (дробнае хуліганства) КоАП Рэспублікі Беларусь.

На працягу 2017 года райаддзелам міліцыі накіравана ў камісію па справах непаўналетніх для своечасовага прыняцця мер па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх 162 паведамленні. З іх 52 знайшлі сваё пацвярджэнне, у выніку чаго становішча дзяцей было прызнана сацыяльна небяспечным.

Для работы з сям’ёй, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, падключаны ўстановы адукацыі, міліцыя, сельвыканкамы, установы аховы здароўя, райаддзел па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аднак іх намаганні без удзелу бацькоў фактычна не маюць сэнсу.

На жаль, не кожны з бацькоў усведамляе, што праблема перш за ўсё крыецца ў ім самім – неабходна асэнсаваць сваю залежнасць (алкагольную, гульнявую, наркатычную) і звярнуцца па кваліфікаваную дапамогу да ўрача-нарколага, сямейнага псіхолага і т. п. У сучасным грамадстве гэта не гучыць асуджальна, але варта таго, каб не згубіць галоўную каштоўнасць у сваім жыцці – дзяцей.

Марта КАРДЗІС, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *