Жыве справа стаўбцоўскага летапісца

Мае родныя Стоўбцы Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

270118e

У першых чыслах 2018 года стаўбцоўскаму краязнаўцу і самадзейнаму паэту Аркадзю Змачынскаму споўнілася б 90… На жаль, яго не стала ў красавіку 2017 года. Засталася яго кніга – «Стоўбцы. Гістарычна-ілюстраваны аповед», а яшчэ – падзвіжніцка-краязнаўчая справа, якую працягваюць яго нястомныя паслядоўнікі.

Хто яны, гэтыя падзвіжнікі і паслядоўнікі? Адказ на гэтае пытанне будзе ў самы раз, калі назваць арганізатараў зладжанай нядаўна ў Стоўбцах вечарыны «…Хай жыццёвая ўецца дарога» – у памяць аб Аркадзю Змачынскім. Гэта раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» і літаратурна-краязнаўчы клуб «Прыстанька» ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы». Сабраліся на вечарыну блізкія Аркадзя Уладзіміравіча, яго аднадумцы і творчыя сябры, проста неабыякавыя стаўбчане. На іх са школьнай дошкі пазіраў з плаката Аркадзь Уладзіміравіч: за сталом, з асадкай у руках і, як заўсёды, з удумлівым засяроджаным поглядам…

Гімназісты і іх настаўнікі Людміла Назаранка і Таццяна Мароз, а таксама члены раённай арганізацыі ТБМ на працягу вечарыны хораша і пранікнёна чыталі ўрыўкі з яго кнігі (яна, дарэчы, з’яўляецца адзіным краязнаўчым выданнем пра Стоўбцы) і яго вершы. Некаторыя з іх былі пакладзены на музыку Яўгенам Карпуцем і сталі песнямі. Адна з іх, «Коласаўскі край», узята ў рэпертуар хорам Старасвержанскага цэнтра культуры. Песня прагучала ў запісе, але кранула ўзнёсласцю і патрыятызмам. У кожным радку, які пакінуў Аркадзь Змачынскі нашчадкам у спадчыну, гучыць улюбёнасць у малую радзіму («мілы кут маіх дзядоў») і нетаропкі, але такі праніклівы голас яго памяці.

Аркадзь Змачынскі быў удзельнікам жыцця Стоўбцаў з даваенных часоў. Карэнны стаўбчанін, ён вывучыў свой радавод, пачынаючы з XVIII стагоддзя. Закончыў польскую агульную школу, затым – Беларускі політэхнічны інстытут. Усё працоўнае жыццё будаваў аб’екты энергетыкі, у тым ліку браў удзел ва ўзвядзенні Горкаўскай і Валгаградскай ГЭС. Апошнім часам працаваў у трэсце «Белэнергабуд». Узнагароджаны знакам «Выдатнік энергетыкі». З выхадам у 1988 годзе на пенсію, прысвяціў сябе вывучэнню мінуўшчыны роднага горада.

Каштоўнымі звесткамі з жыцця бацькі падзялілася на вечарыне яго дачка Таццяна: «Пасля будаўніцтва Васілевіцкай ДРЭС бацьку ўзнагародзілі Сталінскай прэміяй. Яму ўручылі 1000 рублёў. Да гэтых грошай дабавілі штосьці з сямейных зберажэнняў, нешта пазычылі ў сваякоў і купілі аўтамабіль. На ім сям’ёй (тата, мама і тры дачкі) аб’ехалі ўвесь Крым, Польшчу, Літву, а самае галоўнае – падарожнічалі па Беларусі. Бацька быў вельмі неабыякавым чалавекам, асабліва да гісторыі. Ён хацеў данесці да сваіх сучаснікаў усё, што ведаў сам, успаміны іншых, якія яму ўдалося сабраць за жыццё. Асаблівыя сярод гэтых успамінаў – пра знішчэнне немцамі мясцовых яўрэяў у гета… У яго была вялікая калекцыя фотаздымкаў старых Стоўбцаў. У краязнаўчай справе яму аказалі вялікую дапамогу педагог Людміла Назаранка, бібліятэкар Святлана Адамовіч. Бацька паспеў падрыхтаваць другую, дапоўненую, рэдакцыю кнігі пра Стоўбцы, – паведаміла Таццяна Аркадзьеўна.

Прыгадвалася, якім няпростым быў шлях да чытача першай кнігі. Але яе аўтар, як заўважыла Людміла Назаранка, быў чалавекам настойлівым, мэтанакіраваным. Разам яны праводзілі доўгія вечары за камп’ютарам – расшыфроўвалі, падпісвалі старыя фотаздымкі (315 фотаілюстрацый увайшло ў яго кнігу «Стоўбцы»). Каб захаваць для нашчадкаў, пераводзілі іх у электронны фармат. Аркадзь Уладзіміравіч так шмат ведаў, так любіў родныя Стоўбцы, што мог аргументавана, не пакідаючы ніякіх сумненняў, давесці гісторыю любога з гэтых здымкаў. І ён даў наказ Людміле Станіславаўне: «Працягвай гэтую справу, у цябе атрымаецца!»

І сапраўды, трапляюць сёння да яе ўнікальныя старыя здымкі Стоўбцаў і іх жыхароў (пераважна з-за мяжы, некаторыя фота набываюцца нашымі землякамі, якія жывуць там, на аўкцыёнах). Але няма ў каго ўзяць тлумачэнне, знайсці разгадку. Старажылаў, карэнных жыхароў Стоўбцаў, засталося ў жывых няшмат… Невыпадкова, што з вуснаў Людмілы Назаранка прагучала сумнае прызнанне: «Аркадзя Уладзіміравіча нам не хапае…»                  

Не хапае гэтага чалавека, таму што ён быў сапраўдным стаўбчанінам. Але і з яго адыходам у лепшы свет краязнаўчая справа на Стаўбцоўшчыне будзе жыць. Яе «механізм», відавочна, спыніць ужо нельга. Той, з кім быў асабіста знаёмы Аркадзь Змачынскі (а гэта стаўбчане самых розных пакаленняў, прадстаўнікі інтэлігенцыі), бачаць у гэтым чалавеку яркі прыклад служэння сваёй малой радзіме, сям’і і землякам.

На здымках: гімназісты і іх настаўнікі – у цэнтры краязнаўчай работы; удзел у вечарыне прыняла і дачка Аркадзя Змачынскага Таццяна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *