Прафілактыка

Кантроль, бяспека Нумары

КАНТРОЛЬНАЕ МЕРАПРЫЕМСТВА «НАШЫ ДЗЕЦІ»

З мэтай узмацнення кантролю за выкананнем вытворцамі транспартных работ і паслуг заканадаўства аб транспартнай дзейнасці пры ажыццяўленні перавозак груп дзяцей аўтамабільным транспартам у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» Транспартнай інспекцыяй па г. Мінску і Мінскай вобласці ў снежні – студзені праведзены пазапланавыя тэматычныя аператыўныя праверкі мэтавага комплексу кантрольных мерапрыемстваў «Нашы дзеці».

Асаблівая ўвага звярталася на перавозку груп дзяцей у перыяд навагодніх канікул. Сумесна з ДАІ быў праведзены агляд аўтобусаў, якія дастаўлялі дзяцей у Мінск, а таксама праверка вадзіцеляў на адпаведнасць патрабаванням заканадаўства пры перавозцы груп дзяцей.

У выніку складзена тры акты тэматычнай аператыўнай праверкі, выяўлена сем парушэнняў аўтамабільных перавозак груп дзяцей: парушэнне Інструкцыі па запаўненні пуцявога ліста, адсутнасць неабходных дакументаў у вадзіцеля , не пройдзены інструктаж і тэхагляд транспартнага сродку і т. п.

Да парушальнікаў прыняты меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Георгій ЖУЛЕГА, начальнік Транспартнай інспекцыі па г. Мінску і Мінскай вобласці

 

ДОБРААХВОТНА ЗДАДЗЕНЫ БОЕПРЫПАСЫ

За мінулы год супрацоўнікамі райаддзела міліцыі канфіскавана 12 адзінак незарэгістраванай зброі, а таксама 233 боепрыпасы розных калібраў. Разам з тым, яшчэ шэсць адзінак незарэгістраванай зброі і 88 боепрыпасаў грамадзяне здалі добраахвотна і, адпаведна, былі вызвалены ад адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

На даны момант на ўліку ў райаддзеле міліцыі больш за 400 індывідуальных уладальнікаў грамадзянскай зброі, якім належыць звыш 500 адзінак розных відаў агнястрэльнай зброі. У апошнія гады намецілася тэндэнцыя зніжэння колькасці як уладальнікаў, так і самой зброі. За яе незаконнае захоўванне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 10 да 30 базавых велічынь, а ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам, за незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай наразной зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў пагражаюць выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.  

Усе, каму вядома пра факты незаконнага захоўвання зброі, могуць паведаміць пра гэта ў райаддзел міліцыі па тэл. 5-14-88 (у рабочы час), 5-19-15 або 102 (кругласутачна). Ананімнасць гарантуецца.

Набываць грамадзянскую зброю, якая прызначана для выкарыстання ў мэтах самаабароны, заняткаў спортам і паляваннем маюць права грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, пасля атрымання дазволу ў органе ўнутраных спраў па месцы жыхарства. Нагадваем уладальнікам грамадзянскай зброі, што пры працягванні дазволу на захоўванне і нашэнне зброі разам з іншымі дакументамі неабходна прадстаўляць медыцынскую даведку аб стане здароўя (аб адсутнасці супрацьпаказанняў да валодання зброяй).

У мэтах супрацьдзеяння незаконнага абароту зброі і забеспячэння яго захаванасці райаддзел міліцыі прапануе ўладальнікам агнястрэльнай зброі абсталяваць свой дом (кватэру) або месца захоўвання зброі сродкамі ахоўнай сігналізацыі і здаць яго пад ахову.

Па ўсіх узнікшых пытаннях прыём грамадзян у райаддзеле міліцыі вядзе старшы інспектар па дазвольнай рабоце Аляксандр Аляксандравіч Пархімовіч (тэлефон для даведак – 5-14-88): у сераду і пятніцу – з 08.00 да 13.00, у аўторак і чацвер – з 15.00 да 20.00, у суботу – з 09.00 да 13.00 .

Руслан ХАРУТА, намеснік начальніка райаддзела міліцыі – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі

 

У КАЛОДЗЕЖЫ Ў ДВАРЫ ДОМА…

Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы аб забойстве жыхара Стаўбцоўскага раёна, цела якога знойдзена ў калодзежы ў двары яго дома.

На працягу некалькіх дзён 50-гадовага мужчыну, які пражываў адзін, не бачылі суседзі, таму паведамілі аб гэтым у міліцыю.

У ходзе пошукавых мерапрыемстваў 8 ліпеня мінулага года цела з траўмамі крымінальнага характару дасталі з калодзежа на прысядзібным участку забітага. Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, мужчыну былі прычынены цялесныя пашкоджанні, што стаяць у прамой сувязі са смерцю.

Адпрацаваны комплекс следчых дзеянняў дазволіў устанавіць асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынства. Імі сталі 46-гадовы і 56-гадовы раней не судзімыя жыхары гэтай жа вёскі.

Расследаваннем устаноўлена, што вечарам другога ліпеня мінулага года на вуліцы паміж трыма аднавяскоўцамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, на глебе асабістых непрыязных адносін узнікла спрэчка. Каб «правучыць» пацярпелага за абразлівыя словы, старэйшы з мужчын пачаў яго збіваць, нанёс шмат удараў шкляной бутэлькай і металічнай манціроўкай па жыццёва важных органах. З мэтай утойвання слядоў злачынства двое з траіх надзелі пальчаткі і перанеслі цела ў двор дома забітага, дзе скінулі яго ў калодзеж з вадой.

Комплекс следчых дзеянняў з удзелам абвінавачаных і сведак завершаны. Праведзены праверкі паказанняў на месцы, допыты, атрыманы вынікі экспертыз, у тым ліку псіхолага-псіхіятрычных, згодна з якімі мужчыны свядома выконвалі гэтыя дзеянні.

Акрамя таго, у ходзе праведзеных вобыскаў па месцы жыхарства фігурантаў знойдзена больш за паўкілаграма бяздымнага пораху і боепрыпасы. Устаноўлена, што старэйшы з затрыманых незаконна набыў і прывёз выбуховыя рэчывы і патроны на аўтамабілі з Расійскай Федэрацыі.

Па выніках расследавання дзеянні старэйшага з абвінавачаных кваліфікаваны па п. 6 ч. 2 арт. 139 (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю), ч. 2 арт. 295 (незаконнае набыццё, нашэнне і захоўванне выбуховых рэчываў) і ч. 1 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса. Другому прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 405 (абяцанае ўкрывальніцтва слядоў асабліва цяжкага злачынства) і ч. 2 арт. 295 (незаконнае набыццё, нашэнне і захоўванне выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса.

У дачыненні да абодвух прынята мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Таццяна БЕЛАНОГ, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *