Больш за 22,2 тысячы кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана на мясцовых выбарах

Выборы - 2018 Нумары

Больш за 22,2 тыс. кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана на мясцовых выбарах у Беларусі, паведаміла падчас анлайн-канферэнцыі ў БелТА старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Яна нагадала, што ў якасці кандыдатаў у дэпутаты было вылучана 22 712 кандыдатаў. «Засталося на гэты момант 22 278. З ліку выбыўшых 123 чалавекі адклікалі свае кандыдатуры добраахвотна і 311 (1,37 працэнта) – гэта адмовы ў рэгістрацыі. Такая карціна на гэты момант, вядома, яна будзе змяняцца: нехта будзе ўдзельнічаць, нехта будзе адклікацца», – растлумачыла кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што большасць сельскіх акруг будуць безальтэрнатыўнымі. «Што да Саветаў самага высокага ўзроўню – абласных, то ў Брэсцкім рэгіёне сем безальтэрнатыўных акруг, або 12,3 працэнта, у Віцебскай вобласці – 22 (36,7 працэнта), Гомельскай – 3 (5 працэнтаў), Гродзенскай – 40 (66,7 працэнта). У Мінскай вобласці тры безальтэрнатыўныя акругі, што складае 5 працэнтаў, а ў Магілёўскай няма ні адной. Прычым там ёсць акругі з высокай альтэрнатывай. Сярэдні конкурс – крыху менш як тры кандыдаты на месца», – расказала яна.

У Мінску таксама няма безальтэрнатыўных акруг. У сярэднім тут на адно месца прэтэндуюць больш як чатыры чалавекі. «Калі гаварыць аб сталічных акругах, дзе больш за ўсё кандыдатаў, то самыя буйныя ў гэтым плане Акадэмічная нумар 48 Першамайскага раёна і Кальварыйская нумар 38 у Фрунзенскім раёне. Тут балаціруюцца па восем кандыдатаў. Далей ідуць Старавіленская акруга нумар 41 па Цэнтральным раёне – сем кандыдатаў. Па шэсць чалавек прэтэндуюць на дэпутацкі мандат у Пляханаўскім, Чыгуначным, Сухараўскім», – удакладніла Лідзія Ярмошына.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *