Дэлегацыя кітайскіх урачоў падчас візіту ў Беларусь пабывала і ў Стоўбцах. Кітайскія медыкі наведалі Мінскую абласную клінічную бальніцу, Мінскі абласны раддом, Стаўбцоўскую цэнтральную раённую бальніцу і Нясвіж.
Дэлегацыю прадстаўнікоў Упраўлення кітайскай традыцыйнай медыцыны правінцыі Чжэцзян узначаліў намеснік дырэктара камісіі па здароўі і планаванні сям’і Цай Ліхуэй. У складзе дэлегацыі былі прэзідэнт бальніцы традыцыйнай кітайскай медыцыны Мао Вэй, прэзідэнт трэцяй афіліраванай бальніцы Кітайскага медыцынскага ўніверсітэта правінцыі Чжэцзян Гао Сянфу і старшы супрацоўнік камісіі па здароўі і планаванні сям’і Цянь Шаньфэн.
У нас была магчымасць задаць некалькі пытанняў Цай Ліхуэй. Найперш, аб мэце іх візіту ў Беларусь.
– Галоўная мэта нашага прыбыцця з афіцыйным візітам у Беларусь, – гаворыць Цай Ліхуэй, – гэта распаўсюджанне традыцый кітайскай медыцыны ва ўсе краіны. Мы хочам падзяліцца гэтымі традыцыямі і з Беларуссю. Няма розніцы – кітаец ты ці беларус, у кожнага ёсць надзеі, памкненні аб захаванні свайго здароўя. Мы спадзяёмся, што і ў Беларусі будуць паспяхова прыменены нашы метады лячэння.
– У чым сутнасць гэтых метадаў?
– Гэта акупунктура – класічнае іголкаўколванне, лазерапунктура, электрапунктура, вакуум-рэфлексатэрапія, гірудатэрапія, аўрыкуларэфлексатэрапія. У традыцыйнай кітайскай медыцыне шырока выкарыстоўваюцца метады фізічнага ўздзеяння на цела – прымяненне п’явак, банек і т. п., усходні масаж. Таксама традыцыйная кітайская медыцына ўключае лячэнне прыроднымі лекавымі прэпаратамі накшталт фітатэрапіі.
– Нам цікава было б пачуць, чым адметная правінцыя Чжэцзян, якую вы прадстаўляеце?
– Гэта вельмі вялікі кітайскі горад, адзін з самых прыгожых, ён лічыцца культурнай сталіцай Кітая, горад мае даўнюю адметную гісторыю. Існуе нават такая красамоўная прымаўка: «На небе ёсць рай, а на зямлі – Ханчжоу і Чжэцзян». Чжэцзян называюць яшчэ чайнай сталіцай свету.
– А якія ўражанні пакінула ў вас Беларусь, наша сталіца?
– Я першы раз у Беларусі. Глыбокія ўражанні пакінуў Мінск. Сёння мы былі ў Нясвіжскім замку, гэта нам дазволіла пазнаёміцца з беларускай гісторыяй. Найбольш уразілі нас беларусы. Гэта вельмі гасцінны, просты, адкрыты народ. Мы спадзяёмся, што ў нас адбудзецца плённае двухбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю, што стане добрай платформай для абмену розным вопытам, у тым ліку і для культурнага абмену.
Вынікам візіту кітайскіх урачоў у Беларусь стала дамоўленасць аб стварэнні на базе Мінскай абласной клінічнай бальніцы Цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны.
А ў Стоўбцах галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка пазнаёміла кітайскіх урачоў з навейшымі накірункамі дзейнасці медыцынскай установы. Госці з-за мяжы наведалі райпаліклініку, рэгістратуру, дзейнасць якой цалкам інфарматызавана, іншыя аддзяленні бальніцы. Загадчыкі аддзяленняў адказалі на ўсе пытанні, пазнаёмілі з накірункамі работы, самі маглі задаць кітайскім урачам пытанні. Атрымаўся абмен вопытам, што пакінула прыемныя ўражанні і прынесла карысць.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО