Паклапаціцеся пра сябе

Медыцына Нумары

У раёне захоўваецца адпаведны гэтаму перыяду года ўзровень захваральнасці на вострыя рэспіраторныя захворванні. Захваральнасць не перасягае ўзроўняў мінулага года і эпідпарога. Эпідсітуацыя знаходзіцца пад кантролем, праводзіцца штодзённы маніторынг.

Рост захваральнасці на грып і ВРІ ў Беларусі прагназуецца ў звычайныя тэрміны: канец студзеня–пачатак лютага. Лепшай абаронай ад грыпу і яго ўскладненняў з’яўляецца імунізацыя. У перадэпідэмічны перыяд у Стаўбцоўскім раёне прышчэплена 40,35 працэнта насельніцтва.

Пры вострых рэспіраторных інфекцыях не грыпознай этыялогіі захворванне развіваецца паступова, часцей за ўсё пачынаецца са стамляльнасці і насмарку, сухога кашлю. Пры грыпе адзначаецца рэзкае пагаршэнне стану – павышэнне тэмпературы цела ў асобных выпадках да 40,5 градуса, галаўны боль, «ламата» ў мышцах, павышаная адчувальнасць да святла. Пры грыпе паражаюцца сасуды, магчыма кровацячэнне дзяснаў і слізістай абалонкі носа. Пасля перанесенага грыпу арганізм становіцца ўспрымальным да розных інфекцый. Асабліва цяжка працякае грып у малых дзяцей, пажылых людзей, у тых, хто мае хранічныя паталогіі.

Папярэдзіць грып дапаможа выкананне такіх правілаў: высыпацца, захоўваць рэжым працы і адпачынку, не пераахалоджвацца, бываючы на вуліцы, паўнацэнна і правільна харчавацца (уключаць у рацыён прадукты, якія ўтрымліваюць вітаміны А, С, цынк і кальцый: цытрусавыя, ківі, салодкі перац, малочныя і кісламалочныя прадукты, цвёрдыя сыры, адвараную рыбу, ялавічыну, моркву са смятанай, разынкамі ці курагой і інш.). Пазбягайце месцаў з вялікай колькасцю людзей, абмяжуйце паездкі на грамадскім транспарце. Мыйце рукі з мылам ці працірайце сурвэткамі, якія ўтрымліваюць спіртавыя вадкасці, антысептычныя сродкі. Не трыце рукамі нос і вочы. Пры кашлі закрывайце рот і нос насоўкай ці разавымі сурвэткамі. Вучыце і дзяцей кашляць і чхаць, калі няма насоўкі, не ў далоні, а ў локаць. Часцей праветрывайце памяшканне, рабіце вільготную ўборку.

Калі адчулі недамаганне, заставайцеся дома і выклічце ўрача. Не займайцеся самалячэннем, што можа прывесці да цяжкіх вынікаў. Назначэнні можа зрабіць толькі ўрач-спецыяліст.

Ірына ПЯТРОВІЧ,загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *