Афіцыйна

Нумары Тэма тыдня

МЕРЫ ПА САДЗЕЙНІЧАННІ ЗАНЯТАСЦІ Ў БЕЛАРУСІ ЗАЦВЕРДЖАНЫ ДЭКРЭТАМ ПРЭЗІДЭНТА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня падпісаў дэкрэт нумар 1, якім прадугледжаны меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Дакумент накіраваны ў першую чаргу на актывізацыю работы органаў улады па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванні працоўнай занятасці і самазанятасці насельніцтва.

У гэтых мэтах дэкрэтам на ўрад ускладаюцца задачы па ўстанаўленні прагнозных паказчыкаў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва і пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, ажыццяўленні маніторынгу, ацэнкі якасці і даступнасці паслуг у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.

У сваю чаргу мясцовыя органы ўлады будуць забяспечваць індывідуальную работу з грамадзянамі на месцах пры правядзенні работы па іх працаўладкаванні і рэсацыялізацыі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Акрамя таго, абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў змогуць дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы.

У новы дэкрэт не ўвайшлі нормы аб спагнанні з працаздольных непрацуючых грамадзян збору на фінансаванне дзяржрасходаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамі гэтага збору, вызвалены ад яго выплаты.

Дэкрэтам прадугледжаны канцэптуальна іншы падыход, накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. Прадугледжана, што з 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць ажыццяўляць аплату субсідзіруемых дзяржавай паслуг па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.

Ключавая роля ў арганізацыі работы па выкананні нормаў дэкрэта адведзена мясцовым органам улады. Для гэтага прадугледжваецца стварэнне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі пастаянна дзеючых камісій, асноўнымі задачамі якіх з’яўляюцца садзейнічанне грамадзянам у працаўладкаванні.

У склад камісій будуць уключацца дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты мясцовых органаў улады, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Узначальваць камісіі, якія ствараюцца на раённым узроўні, будуць, як правіла, старшыні Саветаў дэпутатаў.

Дэкрэт прадастаўляе камісіям шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку па прыняцці рашэнняў аб вызваленні на пэўны час працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, ад абавязку аплачваць паслугі па поўным кошце пры наяўнасці ў іх цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Для рэалізацыі дэкрэта ўрадам будзе прыняты шэраг пастаноў, якімі будуць у тым ліку вызначаны парадак аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы, пералік паслуг, што аказваюцца гэтым грамадзянам па поўным кошце, парадак разліку платы за гэтыя паслугі і іншыя пытанні.

Акрамя таго, прадугледжваецца прыняцце ўрадам мер, накіраваных на актывізацыю прафілактычнай работы з працаздольнымі непрацуючымі грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця; дзейнасці падатковых органаў па выяўленні і падаткаабкладанні скрытых даходаў фізічных асоб.

Дэкрэт № 1 афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 26 студзеня, пасля чаго ўступіў у сілу.

 

У БЕЛАРУСІ ПРЫНЯТЫ ЎКАЗ АБ ПАДАТКААБКЛАДАННІ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 29 «Аб падаткаабкладанні».

У мэтах забеспячэння рэальнай стабільнасці падатковага заканадаўства, а таксама ў мэтах развіцця прынятага ў 2017 годзе практычна для ўсіх сфер вядзення бізнесу блока заканадаўчых актаў, прадаўжэння практычнай работы па падтрымцы дзелавой ініцыятывы кіраўніком дзяржавы вырашана чарговыя карэкціроўкі Падатковага кодэкса на 2018 год не ажыццяўляць.

Асноўная мэта ўказа – забяспечыць напаўненне даходнай часткі бюджэту 2018 года. У сувязі з гэтым у дакуменце праіндэксаваны стаўкі падаткаў, устаноўленыя ў рублях. Адначасова праіндэксаваны вылікі і льготы па падаходным падатку.

Значна (на 20 працэнтаў) павялічаны крытэрыі прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

Акрамя таго, зацверджаны шэраг нормаў, накіраваных на лібералізацыю і спрашчэнне парадку прымянення асобных палажэнняў падатковага заканадаўства. У прыватнасці, прадастаўлена магчымасць выканання падатковых абавязацельстваў плацельшчыка іншымі асобамі. Гэта дасць права заснавальнікам, уласнікам выконваць падатковыя абавязацельствы за плацельшчыкаў, якія маюць фінансавыя цяжкасці. У сваю чаргу плацельшчыку гэта дасць магчымасць пазбегнуць адцягнення абаротных сродкаў на выплату пеняў за нясвоечасовае выкананне падатковых абавязацельстваў.

Для падатковага органа ўведзены абавязак па інфармаванні дэбітора плацельшчыка аб прынятым рашэнні аб спагнанні з яго падатку (пошліны). У выпадку прадстаўлення плацельшчыкам-контрагентам недакладнай інфармацыі аб наяўнасці такой дэбіторскай запазычанасці, падатковы орган абавязаны вярнуць дэбітору плацельшчыка спагнаную з яго суму.

 

НАВАПОЛАЦК – КУЛЬТУРНАЯ СТАЛІЦА БЕЛАРУСІ

Урачыстае адкрыццё рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі» адбылося ў Наваполацку. У святочных мерапрыемствах прыняў удзел міністр культуры Юрый Бондар, які ўручыў старшыні Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыю Дзямідаву спецыяльны сертыфікат. «Для вашага горада 2018 год незвычайны і асаблівы. Наваполацк святкуе 60-годдзе. На працягу ўсяго года будуць праходзіць мерапрыемствы, звязаныя з атрыманнем статусу культурнай сталіцы Беларусі. Горад атрымаў яго невыпадкова. Нягледзячы на сваю адносную маладосць, Наваполацк – у ліку буйных прамысловых гарадоў краіны. Ён не можа пахваліцца старажытнымі помнікамі, але тут створана багатая сацыяльна-культурная сфера. Няма сумненняў, што ў Наваполацку будуць падтрыманы і атрымаюць развіццё традыцыі рэспубліканскага праекта, якія былі закладзены ў Полацку ў 2010 годзе. На працягу года запланавана правядзенне больш як 200 мерапрыемстваў. Яны нададуць імпульс далейшаму развіццю горада», – сказаў Юрый Бондар, звяртаючыся да жыхароў і гасцей горада.

Рэспубліканская акцыя «Культурная сталіца Беларусі» праводзіцца з 2010 года. У кожным з гарадоў, аб’яўленых культурнай сталіцай, рэалізуюцца праекты па прэзентацыі культурнай самабытнасці, развіцці і папулярызацыі традыцый і дасягненняў нацыянальнай культуры, актывізацыі творчай ініцыятывы, павышэнні турыстычнай прывабнасці. Наваполацку ёсць што паказаць і чым пахваліцца. У горадзе працуюць 12 устаноў культуры і мастацтва, на базе якіх дзейнічаюць 35 калектываў са званнямі народны, заслужаны і ўзорны. Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя культурнай сталіцы 2018 года, праходзяць на некалькіх пляцоўках.

Гэтая рэспубліканская акцыя праводзіцца дзявяты раз. Наваполацк стаў другім горадам Віцебскай вобласці, які атрымаў статус культурнай сталіцы. У 2010 годзе самым культурным горадам краіны стаў Полацк. Статусу культурнай сталіцы былі ўдастоены Гомель (2011 год), Нясвіж (2012 год), Магілёў (2013 год), Гродна (2014 год), Брэст (2015 год), Маладзечна (2016 год), Бабруйск (2017 год).

 

ПІЛОТЫ «МАЗ-СПОРТАЎТА» – НА «ДАКАРЫ»

Пілоты «МАЗ-СПОРТаўта» дабіліся максімальнага рэзультату на прэстыжнай шматдзёнцы «Дакар-2018».

Па выніках 40-га «Дакара» беларускі экіпаж у складзе Сяргея Вязовіча, штурмана Паўла Гараніна і механіка Андрэя Жыгуліна заняў другое месца, апярэдзіўшы вопытныя калектывы аўтамабільных гігантаў MAN, Tatra, Iveco. Пілоты Аляксандр Васілеўскі і Аляксей Вішнеўскі занялі 13-е і 14-е месцы адпаведна.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічалі ў ралі-рэйдзе «Дакар» сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтамабільны завод, тэхнічным партнёрам – тэлекам-аператар velcom. Асноўнай мэтай было ўвайсці ў лік мацнейшых экіпажаў, чаго і ўдалося дасягнуць. Марафон у гэтым годзе прайшоў па тэрыторыі трох краін – Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць маршруту склала амаль 9 тыс. км, з іх скорасных участкаў – каля 3,5 тыс. км.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *