Такі важкі працэнт

Нумары У перапрацоўшчыкаў

310118a

Прафсаюзная арганізацыя Cтаўбцоўскага мясакансервавага камбіната, якую ўзначальвае Наталля Кузьміч, заняла другое прызавое месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую прафсаюзную пярвічку.

Прафсаюзная арганізацыя гэтага прадпрыемства мае такія «козыры», як уменне арганізаваць сумесны вольны адпачынак членаў прафсаюза. Гэта можна прасачыць на наступных падліках. Летась былі набыты білеты на дзевяць канцэртаў, якія наведалі 216 працаўнікоў. Адбылася аўтобусная паездка па маршруце Брэст – Белавежская пушча. Працаўнікі мясакансервавага камбіната дзякуючы прафсаюзу наведалі фестываль «Славянскі базар» у Віцебску, з’ездзілі на спектаклі ў драматычны і музычны тэатры ў Мінск. Было набыта 218 білетаў у сталічны цырк.

Прафкам аплачвае наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Не пакрыўджаны і дзеці працаўнікоў – для іх закуплялі пуцёўкі ў летні аздараўленчы лагер «Нёман».

Такая актыўная дзейнасць па арганізацыі адпачынку працаўнікоў ажыццяўляецца з фінансавай падтрымкай кіраўніцтва. Наймальнік адлічвае прафсаюзнай арганізацыі грашовыя сродкі ў памеры аднаго працэнта ад фонду заработнай платы для правядзення культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, прапаганды здаровага ладу жыцця, арганізацыі навагодніх мерапрыемстваў, патаннення кошту дзіцячых навагодніх падарункаў і для іншых добрых пачынанняў.

Члены прафсаюза на такі клопат адказваюць сваімі ініцыятывамі і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. 15 працаўнікоў прынялі ўдзел у 7-й зімовай спартакіядзе, пяць чалавек удзельнічалі ў раённых спаборніцтвах па лыжных гонках. Прадпрыемства выставіла каманду ў складзе 19 чалавек на раённы турыстычны злёт. 12 чалавек адстойвалі гонар камбіната на спартыўным мерапрыемстве «Фестывальны», якое было праведзена вышэйстаячай галіновай арганізацыяй. Усе ўдзельнікі адзначаных мерапрыемстваў былі заахвочаны прафкамам.

Асаблівы клопат праяўляецца пра моладзь. Для маладых рабочых дзейнічаюць паніжаныя нормы выпрацоўкі на працягу года з пачатку іх самастойнай работы. Развіта настаўніцтва. Надаецца ўвага і арганізацыі іх адпачынку. Прафкам пастаянна выдзяляе сродкі для ўдзелу ў рэтра-дыскатэцы «Стрэлы Амура».

Такі выдатны тандэм кіраўніцтва прадпрыемства і прафкама, як бачым, дае добры плён і служыць прыкладам для іншых арганізацый па наладжванні дзейснага сацыяльнага партнёрства.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: эканаміст, старшыня прафкама Наталля Кузьміч і юрысконсульт Вераніка Казацкая за абмеркаваннем прафсаюзных спраў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *