За крок ад дзевяцітысячнай вяршыні

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

310118b

У раёне працягваецца акцыя «Наш жывёлавод», ініцыіраваная рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падтрыманая райкамам прафсаюза работнікаў АПК.

Яе галоўнай мэтай з’яўляецца не толькі ўшанаванне за старанную працу і дасягнутыя высокія паказчыкі лепшых жывёлаводаў, нялёгкая праца якіх заслугоўвае ўвагі і павагі, а і паляпшэнне санітарна-бытавых умоў работнікаў фермаў. У рамках акцыі сёлета ў ліку першых у раёне адзначалі працаўнікоў фермаў ТАА «СЖК «Налібакі». Гэтае таварыства з’яўляецца флагманам нашага раёна па вытворчасці малака. Летась старанны і дружны калектыў працягваў нарошчваць вытворчасць прадукцыі і здолеў перасягнуць 8,5-тысячны рубеж па надоях малака ад каровы.

Ушанаванне перадавікоў праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы ў абноўленай сталовай у Ніўным, куды кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт таварыства запрасілі лепшых работнікаў і спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны і прыгатавалі для іх «салодкі» стол.

– Акцыя, якая праводзіцца галіновым прафсаюзам, стала ў раёне традыцыйнай, – сказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень. – Такім чынам, мы стараемся дайсці да кожнага шчырага працаўніка і падзякаваць за працу. Ганарымся вашым калектывам і заўсёды прыводзім у прыклад іншым, каб на вас раўняліся.

І мне прыемна павіншаваць у вашай асобе ўсіх рупных і старанных працаўнікоў фермаў таварыства за адказныя адносіны да даручанай справы, што дазваляе з году ў год прырастаць па вытворчасці малака і дасягаць такіх высокіх паказчыкаў. Пад кіраўніцтвам дырэктара Віталія Кушнера, ідэі якога паступова ажыццяўлюцца дзякуючы вашай плённай працы, гаспадарка моцная ў эканамічным плане, і вы мэтанакіравана рухаецеся да новых вышынь. Рабіць гэта нялёгка, бо і сапраўды, для таго каб дабівацца рэкордных надояў, патрэбны вопыт і прафесіяналізм, але вам па сіле, і мы ў гэта верым, пакарыць не толькі дзевяцітысячны рубеж, а і падняцца на дзесяцітысячную вяршыню. І дзеля выканання намечанага ў вашым таварыстве ўжо прымаюцца адпаведныя захады. Перад жывёлаводамі раёна пастаўлена няпростая задача – не толькі больш даіць малака і вырошчваць мяса, а і рабіць усё для таго, каб прадукцыя фермаў была якаснай, тым больш што яна пастаўляецца на экспарт у многія краіны свету. І для вас жа яна цесна ўзаемазвязана з зарплатай: вышэйшая будзе якасць, ямчэйшымі стануць і заробкі.

Затым слова ўзяў дырэктар таварыства Віталій Кушнер, які падкрэсліў, што мінулы год быў неардынарным, і ў першую чаргу па кліматычных умовах, але, тым не менш, паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне атрыманы неблагія.

– Лічбы гавораць самі за сябе, – сказаў Віталій Іванавіч, – гэта, у першую чаргу, вынік напружанай працы аператараў машыннага даення, зааветспецыялістаў і ўвогуле ўсяго калектыву ў цэлым. Сёння ў зале сабраліся лепшыя з лепшых, тыя, хто на працягу не аднаго года сумленна выконвае сваю работу і дабіваецца выдатных вынікаў. У нашай краіне, у раёне вялікая ўвага ўдзяляецца радавым працаўнікам, чыімі рукамі ствараецца дабрабыт. Праводзяцца розныя мерапрыемствы, і сёння вам выпаў гонар па выніках работы за мінулы год быць ушанаванымі першымі сярод калег сельгаспрадпрыемстваў. І вы гэта заслужылі сваёй працай. Наперадзе шмат планаў і задум, якія будзем разам ажыццяўляць.

Падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі ўручылі дбайным працаўнікам намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч.

Першай узнагароду атрымала аператар машыннага даення Наталля Банадысева, якая працуе на МТФ «Цэнтр». Наталля Фёдараўна другі год запар утрымлівае лідарства, надаіла сёлета ў сярэднім ад кожнай каровы 9926 кілаграмаў малака, а ўсяго – 824 тоны. Не саступае лідару маладая даярка Ганна Саланкевіч з МТФ «Целяхі», якая таксама перасягнула дзевяцітысячны рубеж. Ганна Анатольеўна мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Працавала спачатку тэхнікам-асемянатарам, але змяніла прафесію і ніколькі аб гэтым не шкадуе. Высокія паказчыкі ў Алесі Дубіцкай з гэтага ж калектыву. Алеся Мікалаеўна неаднойчы прымала ўдзел у раённых конкурсах прафесійнага майстэрства сярод маладых аператараў машыннага даення, дастойна абараняла гонар раёна і на падобных абласных мерапрыемствах. Па выніках мінулагодняй рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» яна прыняла ўдзел у мерапрыемстве, якое праходзіла ў сталічным Палацы культуры, дзе сабраліся лепшыя жывёлаводы краіны, і была ўшанавана.

Прызнаны майстар сваёй справы і Алена Гаптар з МТФ «Пруды», якой не хапіла да дзевяці тысяч усяго чатырнаццаць кілаграмаў. Дарэчы, Алена Іосіфаўна за сумленную працу ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». У ліку лепшых спецыялістаў сярэдняга звяна і брыгадзір фермы Павел Міхно. Яго працоўны стаж складае не адно дзесяцігоддзе. Пастаянна дабіваецца высокіх паказчыкаў Святлана Рынкевіч з МТФ «Церабейнае». Яе здымак занесены на раённую Дошку гонару. Стараецца і Жанна Каўпак. Шчыра рупіцца брыгадзірам і адначасова тэхнікам-асемянатарам на жывёлагадоўчай ферме «Янкавічы» Аліна Шумчык. Калектыў вытворчага падраздзялення атрымлівае неблагія прывагі жывёлы. Марына Бычко з МТФ «Цэнтр» пятнаццаць гадоў аддала працы ў жывёлагадоўлі. Яна ўжо на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць і дабіваецца высокіх надояў. Марыне Віктараўне перадала групу кароў праслаўленая ў мінулым аператар машыннага даення, дзесяцітысячніца Валянціна Мусік. Валянціна Іосіфаўна зараз працуе на гэтай ферме тэхнікам-асемянатарам і мае высокія вынікі па выхадзе цялят. Вызначаецца сумленнасцю ў працы слесар Пётр Мазун.

Ганаровымі граматамі таварыства, прафсаюзнага камітэта і прэміямі ўзнагароджаны галоўны заатэхнік Уладзімір Чарняўскі – неаднаразовы пераможца ў сваёй прафесіі не толькі ў раёне, а і ў вобласці, і ў рэспубліцы, галоўны ветурач Вячаслаў Вільнявец, галоўны энергетык Дзмітрый Пажога і трактарыст Генадзій Чарняўскі. Варта згадаць, што дырэктар таварыства Віталій Кушнер нядаўна таксама адзначаны за шчырую, шматгадовую працу і высокія паказчыкі работы калектыву медалём «За працоўныя заслугі» і Падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

На здымках: першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень уручае падзячнае пісьмо аператару машыннага даення Алене Гаптар; дырэктар таварыства Віталій Кушнер (злева) віншуе галоўнага заатэхніка Уладзіміра Чарняўскага; сярод узнагароджаных: на першым плане – Пётр Мазун, Алена Гаптар, Ганна Саланкевіч, Наталля Банадысева, Святлана Рынкевіч, Жанна Каўпак, Марына Бычко; на другім плане – Павел Міхно, Алеся Дубіцкая, Валянціна Мусік, Уладзімір Чарняўскі, Вячаслаў Вільнявец, Аліна Шумчык, і Дзмітрый Пажога.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *