Вентканал – на свой баланс

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

У вашай газеце не першы раз друкуецца аб’ява прыватнай арганізацыі з запрашэннем прайсці чатырохгадзіннае навучанне і атрымаць права самастойна, без выкліку спецыялістаў, правяраць у сваім доме дымавыя і вентыляцыйныя каналы. Ці законна гэта? А што скажуць пажарныя, газавікі?»

А. Рачок, г. Стоўбцы

Каб адказаць на пытанні, узнятыя нашым чытачом, мы звязаліся з намеснікам начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталіем КОЖЫЧАМ:

– Прапанова ад арганізацыі, якая мае ліцэнзію на правядзенне такога навучання, – законная згодна з п. 43 Правіл карыстання газам у быце, якія зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. І ў кожнага спажыўца, карыстальніка газу ёсць магчымасць прайсці гэтае кароткатэрміновае навучанне і самастойна ажыццяўляць у сваім доме паўторныя праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў. Падобныя праверкі ў залежнасці ад наяўнасці і тэрміну службы газавыкарыстальнага абсталявання (кацёл, газавая калонка, пліта) выконваюцца адзін-два разы на год, у абавязковым парадку – перад ацяпляльным сезонам. Для адзнак аб зробленых праверках навучальная арганізацыя прадастаўляе журнал. Падкрэслю, што такі парадак дазваляецца пры правядзенні паўторных праверак.

У выпадку пярвічнай праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў дзейнічаюць спецыяльныя патрабаванні, таму абавязковы зварот да спецыялізаванай арганізацыі. У нашым раёне ў якасці такіх арганізацый выступаюць некалькі прыватных прадпрыемстваў (іх тэлефоны прадаставіць служба «адно акно» Стоўбцыгаза), а таксама аб’яднанне камунальных службаў, якое ажыццяўляе праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў выключна ў ведамасным жылым фондзе.

Некаторым спажыўцам і карыстальнікам газу прыходзіцца правяраць па тры вентканалы (на кацёл, калонку і пліту) і, адпаведна, плаціць за праверку трайную суму. З увядзеннем навучання ёсць альтэрнатыва пазбегнуць гэтых выдаткаў. Нельга забываць, што домаўладальнікі павінны прадастаўляць бесперашкодны доступ работнікам Стоўбцыгаза па першым іх патрабаванні да дымавых і вентканалаў, газавага абсталявання.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *