Манікюр? Звяртайцеся да спецыяліста

Медыцына Нумары

Прыгожыя і дагледжаныя рукі з’яўляюцца візітнай карткай жанчыны. Але такія працэдуры, як манікюр, педыкюр, нарошчванне штучных пазногцяў могуць быць як карыснымі, так і шкоднымі для арганізма. Пры іх выкананні існуе небяспека заражэння віруснымі гепатытамі, ВІЧ-інфекцыяй, грыбковымі інфекцыямі.

Занесці інфекцыю падчас гэтых маніпуляцый нескладана. У многіх людзей скура на пальцах тонкая, сасуды размешчаны блізка да паверхні. Нават дасведчаны майстар можа парушыць іх цэласнасць кусачыкамі або пілачкай. І, калі ўзбуджальнік інфекцыі ёсць на інструментах або руках, ён можа трапіць у кроў. Тым больш, што ўзбуджальнікі гепатытаў надзвычай устойлівыя ў знешнім асяроддзі (у крыві і яе прэпаратах могуць захоўвацца гадамі).

На жаль, адсутнасць такіх эфектыўных мер, як вакцынацыя супраць гепатыту С, не дазваляе дасягнуць пэўных вынікаў у барацьбе з гэтай інфекцыяй. Як абараніць сябе ад гэтых захворванняў пры правядзенні манікюру або педыкюру?

Існуюць спецыяльныя медыцынскія нормы, якімі дакладна агаворана, як павінна праводзіцца апрацоўка інструментарыя ў манікюрных кабінетах. Менавіта таму лепш наведваць тых майстроў, якія працуюць у салонах, кабінетах, а не дома. Пры атрыманні гэтай паслугі звяртайце ўвагу на тое, як выглядае салон (кабінет) у цэлым, на якім узроўні там падтрымліваецца чысціня. Прасачыце за тым, каб вам не рабілі манікюр тымі ж самымі нажніцамі і пілкамі, якімі апрацоўвалі пазногці папярэдняга кліента. Неабходна звярнуць увагу на наяўнасць некалькіх манікюрных набораў у майстра. Гэта важна, бо на абеззаражванне выкарыстаных інструментаў спатрэбіцца пэўны час. Таксама пераканайцеся, што майстар старанна мые рукі перад кожным новым кліентам ці надзявае новыя пальчаткі. Сурвэткі або ручнікі павінны быць аднаразовымі. Калі ручнік шматразовы, то індывідуальны для кожнага кліента, свежы, памыты.

Калі вас усё-такі паранілі, парэз неабходна апрацаваць дэзынфіцыруючым растворам, напрыклад, хлоргексідзінам, а потым выкарыстаць кроваспыняльны сродак (парашкі, гемастатычныя губкі).

Гэта не значыць, што варта адмаўляцца ад касметалагічных паслуг, галоўнае – усведамляць, што догляд пазногцяў патрабуе пільнай увагі, свой выбар лепш рабіць на карысць прафесіяналаў.

Алена ЛОЙКА, урач-гігіеніст



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *