Вось такія валанцёры

Медыцына Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

030218a

У ліку маладых спецыялістаў, якія прыбылі на працу ў наш раён у 2017 годзе, і Дар’я Макатун. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа малады спецыяліст атрымала размеркаванне ў Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і прызначана на пасаду памочніка ўрача-эпідэміёлага. У мінулым годзе Стаўбцоўскі цэнтр прыняў на працу яшчэ трох выпускнікоў гэтай медыцынскай установы. Прыезд прыгожых, актыўных дзяўчат амаладзіў калектыў.

Дар’я Макатун актыўна ўключылася не толькі ў сваю асноўную работу, але і ў грамадскую. Будучы студэнткай Віцебскага медкаледжа, яна была валанцёрам Чырвонага Крыжа і БРСМ, на працягу ўжо сямі гадоў займаецца бальнічнай клаўнадай. Як расказвае Дар’я, гэта выдатны дабрачынны праект, які дае магчымасць прыехаць да хворых дзяцей у бальнічныя палаты клінік, у хоспісы, дзіцячыя дамы і зняць з іх стрэс, дапамагчы зарадзіцца пазітывам, набыць добры настрой, што дапамагае ў выздараўленні.

Для бальнічнай клаўнады патрэбна мець асаблівы дар. Гэта імправізаванае дзейства, і неабходны талент, каб у ролі «Доктора Неболита» зрабіць дзяцей удзельнікамі камічнай праграмы, дапамагчы ім расслабіцца, уволю пасмяяцца. Дар’я Макатун на працягу сямі гадоў валанцёрскай практыкі два разы ўдзельнічала ў Рэспубліканскіх форумах бальнічнай клаўнады, пастаянна брала ўдзел у майстар-класах. Гэтай справай Дар’я мае намер займацца і цяпер. Падчас ражджэственскіх святаў яна была ў складзе валанцёраў, якія наведалі аддзяленне дзіцячага сацыяльнага прытулку Стаўбцоўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Гатова выйсці з ініцыятывай да раённага камітэта БРСМ правесці майстар-клас бальнічнай клаўнады з удзелам вопытных у гэтым накірунку работы валанцёраў з Мінска.

Гэтая жывая актыўная работа дапамагае Дар’і Макатун і ў авалодванні сваёй прафесіяй. Яна з удзячнасцю гаворыць пра першы працоўны калектыў, пра клопат і ўвагу, якой агорнуты маладыя спецыялісты, пра ўмелае настаўніцтва. Дар’я Макатун прывяла такі прыклад. Яна трапіла на лячэнне ў Нясвіжскую бальніцу. І якой прыемнай нечаканасцю было, што яе наведалі калегі, урач-эпідэміёлаг Ірына Пятровіч, якая цярпліва, тактоўна, з любоўю дапамагае маладым спецыялістам авалодаць навыкамі сваёй прафесіі. І такі вось настрой Дар’і Макатун, якую вы бачыце на здымку, – памочнік ёй ва ўсіх яе справах.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *