Жыць з радасцю ў добраўпарадкаваным пасёлку

Нумары Улада. Слова. Справа

image_pdfimage_print

Практычна палова ўзнятых жыллёва-камунальных пытанняў ужо вырашана, а таксама аказана садзейнічанне ў працаўладкавані аднаму з жыхароў пасёлка, які пераехаў у Наваколасава на пастаяннае месца жыхарства, – такія вынікі выязнога асабістага прыёму грамадзян, што правёў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў у Наваколасаўскім сельвыканкаме.

– Падчас прыёму да старшыні райвыканкама звярнуліся 12 жыхароў пасёлка. Жыллёвы фонд у былым ваенным гарадку за апошнія гады значна абноўлены, аднак пытанні яго рамонту па-ранейшаму застаюцца ў ліку актуальных, што і пацвердзіў выязны прыём, – заўважае загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Вольга Навіцкая.

Так, жыхароў дамоў №№ 23 і 29 па вуліцы Школьнай прывяло на прыём працяканне даху. Пасля звароту грамадзян усе цечы на дахах, як і рамонт казырка і ўстаноўка парэнчаў на першым паверсе дома № 25 па вуліцы Школьнай, былі аператыўна ўхілены аб’яднаннем камунальных службаў. Таксама з’явілася цяга ў вентканалах у доме № 10 па вуліцы Перамогі, на што наракалі жыльцы дома.

Некаторыя віды работ, на неабходнасць якіх указвалі наваколасаўцы, патрабуюць адпаведных пагодных умоў, таму іх выкананне перанесена на вясну і больш познія тэрміны бягучага года. Сярод іх, да прыкладу, – рамонт каналізацыйнай сістэмы да дамоў № 29 па вуліцы Школьнай, № 10 і № 11 па вуліцы Перамогі. Некалькі жыльцоў дома № 11 па вуліцы Перамогі звярнулі ўвагу на цечу парапетаў, што патрабуе рамонту прымыканняў да парапетнай сцяны. У адказ на звароты жыльцоў дадзены тлумачэнні адносна парадку ўключэння жылых дамоў у перспектыўную праграму капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Чарговасць такіх рамонтаў зацвярджаецца раённым выканаўчым камітэтам і штогод публікуецца на старонках раённай газеты. Жыльцы выказвалі просьбу ўцяпліць тэхпаверх дома, аднак праектам гэта не прадугледжана.

Відавочна, крыху пачакаць трэба і жыльцам дома № 10 па вуліцы Перамогі, якія ўзнімалі пытанне дрэннага стану санвузлоў – АКС запланаваны ў бягучым годзе работы па замене стаяка. Жыльцы заклапочаны тым, што ўваходныя дзверы ў пад’езд з-за адсутнасці спружыны закрываюцца няшчыльна. Раней рамонт гэтага дома праводзіла ПМК-233, таму ёй і даручана да 18-га лютага выправіць згаданы недахоп. Адна з заяўніц указвала на неабходнасць замены «змеевіка» ў ванным пакоі яе кватэры. Ён не знаходзіцца ў аварыйным стане – высветлена падчас абследавання работнікамі аб’яднання камунальных службаў, таму паслугу па ўстаноўцы ў кватэры новага сантэхнічнага абсталявання камунальнікі гатовы аказаць згодна з заяўкай у міжацяпляльны перыяд.

Адносна рамонту кватэры звярнулася да старшыні 22-гадовая жыхарка пасёлка, якая адносіцца да ліку дзяцей-сірот. Вырашана, што ўнутраны касметычны рамонт заяўніца выканае самастойна, а АКС з надыходам спрыяльнага перыяду акажа дапамогу ў рамонце фасада, фундамента і ганка дома.

Жыхар пасёлка закрануў пытанні адчужэння будынка і пад’езду да прадпрыемства «СуПласт». Грамадзяніну былі дадзены тлумачэнні адносна магчымасці вырашэння пытанняў на раённым узроўні толькі ў тым выпадку, калі землі будуць перададзены цяперашнім уласнікам, ДУ «Баранавіцкае ўпраўленне Узброеных Сіл», у падпарадкаванне Наваколасаўскага сельвыканкама.  

Традыцыйна не абышоўся выязны прыём без пытанняў добраўпарадкавання. Яны былі рознага маштабу: прывядзенне ў парадак пад’ездаў да асобных аб’ектаў, устаноўка ў Наваколасаве неабходных дарожных знакаў, ўладкаванне пешаходных дарожак, якія б паслужылі на карысць усім жыхарам пасёлка, і т. п. Адзін з дарожных знакаў, «Саступі дарогу», на ўездзе ў пасёлак ужо ўстаноўлены аб’яднаннем камунальных службаў, а комплексную прапрацоўку гэтага пытання даручана ажыццявіць сумесна з аддзелам ДАІ да 1-га ліпеня 2018 года.

– За тэрмінамі і ходам вырашэння пытанняў грамадзян ажыццяўляецца кантроль да поўнага іх выканання. І гэта датычыць не толькі выязнога прыёму, – падводзіць вынік Вольга Навіцкая. – Дэталёва аналізуюцца ўсе пытанні, зададзеныя кіраўніцтву раёна падчас прамых ліній, сустрэч з насельніцтвам, сельскіх сходаў і т. п. Не застаецца без увагі, неабходнай кансультацыі ніводзін зварот грамадзян. Каб гэтая работа была максімальна эфектыўнай, днямі мы правялі вучобу з адказнымі асобамі, прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Да слова, службай «Адно акно» райвыканкама ажыццяўляецца не толькі работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. У яе функцыях – арганізацыя работы адміністрацыйнай і назіральнай камісій, а таксама ажыццяўленне каля паўсотні розных адміністрацыйных працэдур. Найбольш запатрабаваныя сярод іх – пастаноўка на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, індэксацыя чэкаў «Жыллё», выдача субсідый на будаўніцтва, выдача льготных крэдытаў на газіфікацыю і рэканструкцыю жылога дома, выдача даведкі аб налічанай жыллёвай квоце і т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *