Паводле Дэкрэта № 1. На аднаго беспрацоўнага – каля сямі вакансій

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Першы ў новым годзе Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» накіраваны на вырашэнне найбольш сацыяльна значных пытанняў грамадства.

На гэта звяртае ўвагу намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнік аддзела занятасці і працоўных адносін Наталля ТАРАРАЙ. Упраўленнем сумесна з іншымі службамі райвыканкама, а таксама ў цесным кантакце з наймальнікамі праводзіцца мэтанакіраваная работа ў плане садзейнічання занятасці насельніцтва раёна. Пэўныя намаганні дазволілі захаваць узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў невысокіх памерах – 0,33 працэнта. Па стане на 1-га студзеня 2018 года ў якасці беспрацоўных знаходзяцца на ўліку 58 жыхароў раёна (на 1-га студзеня 2017 года было 98 беспрацоўных).

– Наталля Васільеўна, работа адносна занятасці грамадзян актыўна вялася і ў мінулым годзе. У бягучым годзе меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва акрэслены новым Дэкрэтам. Якія асаблівасці рынку працы нашага раёна?    

– Рынак працы характарызуецца перавышэннем попыту на рабочую сілу над прапановай. Колькасць вакансій, якія заяўлены наймальнікамі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, склала на 1 студзеня 2018 года 396 адзінак, у тым ліку 209 вакансій – у сельскай мясцовасці. На аднаго беспрацоўнага, які знаходзіцца на ўліку, прыходзіцца 6,8 вакансіі. Таксама наймальнікамі раёна заяўлена 169 вакансій спецыялістаў і служачых, у тым ліку 62 – у сельскай мясцовасці. Вакансій рабочых прадастаўлена ў раёне 227, у тым ліку 147 – у сельскай мясцовасці.

Відавочна, што рынак працы па-ранейшаму арыентаваны на рабочыя прафесіі, якія складаюць 57,3 працэнта ад агульнай колькасці вакансій. У той жа час знізілася колькасць вакансій нізкакваліфікаванай працы, такіх як падсобны рабочы, прыбіральшчык службовых памяшканняў, вартаўнік і т. п. Працягвае захоўвацца прафесійна-кваліфікацыйная і тэрытарыяльная неадпаведнасць попыту і прапановы.

– Новы дакумент у першую чаргу накіраваны на актывізацыю работы органаў улады па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні. Значыць, задача заключаецца ў 100-працэнтным працаўладкаванні працаздольных, скарачэнні тэрміну знаходжання ў якасці беспрацоўнага і т. п.?  

– У мінулым годзе пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкаваны 196 беспрацоўных, сярод іх 14 чалавек, якія доўгі час не маглі знайсці працу. Максімальны тэрмін знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўных – 1,5 года. Ва ўпраўленні 97,4 працэнта грамадзян ад колькасці працаўладкаваных знаходзіліся на ўліку да шасці месяцаў, 78,1 працэнта – да трох месяцаў. Тых, хто знаходзіўся на ўліку больш за год, не зафіксавана. Каб аказаць садзейнічанне занятасці, выкарыстоўваем розныя формы дапамогі і падтрымкі.

– Раскажыце пра найбольш запатрабаваныя.

– Існуе практыка перасялення жадаючых у наш раён, дзе яны знаходзяць новае месца жыхарства і працы. Пры перасяленні беспрацоўным выплачваецца сем бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Такую магчымасць выкарысталі летась дзве сям’і беспрацоўных, якія пераехалі ў ААТ «Рочавічы» і ААТ «Жацерава». Шасці беспрацоўным выдзелены субсідыі для арганізацыі ўласнай справы. Выбраныя імі віды дзейнасці – аказанне паслуг па манікюрным сэрвісе, рознічны гандаль, рамонт абутку, швейных і трыкатажных вырабаў. Двух беспрацоўных з інваліднасцю нам удалося адаптаваць да працоўнай дзейнасці на рабочых месцах у ААТ «Вялікі Двор» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

У сезон карыстаюцца попытам аплатныя грамадскія работы, на якія было накіравана 219 чалавек. Традыцыйна сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падчас школьных канікулаў далучаем да часовай занятасці вучнёўскую моладзь. У мінулым годзе было задзейнічана ў складзе вучнёўскіх рамонтных брыгад 100 вучняў. Для набыцця ім будаўнічых матэрыялаў, а таксама выдачы вучням працоўных кніжак, аплаты іх працы зрасходавана з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва 13 тысяч рублёў. Прайшлі навучанне 42 беспрацоўныя, дзевяць працягваюць навучанне. Двое беспрацоўных працаўладкаваны пасля навучання на вучнёўскіх рабочых месцах для набыцця практычнага вопыту работы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *