Швачкі патрэбны і райбальніцы

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

030218g

Кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы набыло для медустановы прафесіянальную швейную машыну. Яна шматфункцыянальная і заняла месца ўздоўж усёй сцяны. Уражвае і тое, якія выдатныя ўмовы для работы створаны для бальнічнай швачкі Софіі Яўсеевай у адрамантаваным светлым утульным службовым пакоі. Тут праходзяць яе рабочыя будні. Прафесіяналізм і любоў да сваёй справы дазваляе Софіі Уладзіміраўне выконваць вялікі аб’ём работ.

Галоўная медыцынская сястра цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Высоцкая расказвае, што ў Баранавічах закуплены рулоны бязі для пашыву пасцельнай бялізны. Да такой ініцыятывы падштурхнула тое, што закончаны рамонт усіх стацыянарных аддзяленняў, ён выкананы сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі, з творчым дызайнерскім падыходам афармлення інтэр’ера ў адпаведнай колеравай гаме. Для кожнага стацыянарнага аддзялення будуць пашыты камплекты пасцельнай бялізны ў тон колеравай афарбоўкі палат. Для педыятрычнага аддзялення – дзіцячыя малюнкі на тканінах. Гэтыя новыя камплекты пасцельнай бялізны стануць уласнасцю кожнага аддзялення.

Акрамя гэтага, Софія Яўсеева займаецца рамонтам бялізны і спецадзення. Яна шые бахілы, рубашкі, штаны для аперацыйнага блока. Яе рукамі робяцца дасканалыя рэчы.

І гэта не дзіўна. Мы даведваемся, што Софія Уладзіміраўна – прафесіянальная швачка. Яна доўгі час працавала на Віцебскай швейнай фабрыцы. І не толькі на масавым пашыве, але і ў эксперыментальным цэху разам з мастакамі і дызайнерамі, раскройвала дызайнерскія распрацоўкі, удзельнічала ў стварэнні новых узораў. Яе вопыт і высокае майстэрства былі скарыстаны і прыватнай кампаніяй у Віцебску.

Пасля пераезду на малую радзіму ў вёску Новы Свержань для догляду сваёй матулі Софія Уладзіміраўна ўладкавалася на працу швачкай у райбальніцу. І тут яна атрымлівае словы ўдзячнасці за сваю адмысловую прафесіянальную работу. Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка гаворыць, што пашыў рэчаў ва ўласным швейным міні-цэху значна эканоміць сродкі для райбальніцы. Майстрыха можа задаволіць усе пажаданні і па дызайне. Так што, уклаўшы грошы ў абсталяванне швейнага рабочага месца, медустанова нічога не згубіла, а толькі набыла. Гэта яшчэ і прыклад эфектыўнасці стварэння новых рабочых месцаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *