Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

030218s

Райцэнтр нястрымна пашырае свае межы. Непрыкметна для стаўбчан вуліца Міру папоўнілася чарговымі новабудоўлямі. На яшчэ нядаўнім пустыры будаўнікі ўзнялі гмахі дзвюх шматпавярховак, дзе ў недалёкім часе справяцца наваселлі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

КАПРАМОНТ ЗАВЕРШЫЦЦА ВЯСНОЙ

На завяршальную стадыю выйшаў капітальны рамонт дома № 30 па вуліцы Танкістаў у Стоўбцах.

– Асвоена каля 80 тысяч рублёў, – адзначае намеснік дырэктара па жыллі Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Галіна Гараднік. – Зроблены рамонт даху і прыстаўных дымавых каналаў, у доме заменены вокны і дзверы. Вядзецца ўцяпленне вентканалаў. Рамонтнікі рыхтуюць дом да пафарбоўкі.

Капрамонт гэтага дома быў распачаты ў 2017 годзе падраднай арганізацыяй РБУ. Вясной 2018 года мяркуецца завяршыць увесь комплекс работ і ўвесці аб’ект у эксплуатацыю.

 

ПЕРШАЯ ТЫСЯЧА ТОН

З пачатку года ААТ «Торфабрыкетны завод «Нёман» адгрузіў на цэментныя заводы рэспублікі першую тысячу тон брыкетаў.

Пашырэнне вытворчасці і пастаўкі на цэментныя заводы пачаліся ў мінулым годзе, і ў бягучым годзе яны павінны вырасці да 20 тысяч тон. Па традыцыі, вытворцы працягваюць забяспечваць сваёй прадукцыяй арганізацыі і насельніцтва сямі раёнаў Мінскай вобласці. У цэлым у 2018 годзе неабходна нарасціць выпуск прадукцыі да 42 тысяч тон (па выніках работы за 2017 год было выпушчана 36 тысяч тон).

– Сыравіны назапашана дастаткова. Падрыхтавана шмат палёў здабычы. Праведзены рамонт брыкетнага цэха. У гэтым годзе плануецца атрымаць шмат новай тэхнікі ў сувязі з пашырэннем вытворчасці, – зазначае дырэктар завода Міхаіл Камейша.

 

ДЗЕЙНІЧАЕ МАЛАДЗЁЖНЫ «АНТЫЦЫКЛОН»

Ужо другую зіму моладзь раёна бярэ ўдзел у акцыі «Антыцыклон». Акцыя, выкліканая складанымі пагоднымі ўмовамі, дзейнічае адрасна – у адносінах да ўдзельнікаў вайны, адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей.

Валанцёры прыходзяць ім на дапамогу ў ачыстцы ад снегу дваровых тэрыторый (і не толькі, таму што школьнікі шэфствуюць над ветэранамі вайны пастаянна), а таксама ачышчаюць тэрыторыі каля помнікаў і іншых знакавых месцаў.

– Як правіла, да «Антыцыклону» падключаюцца ўсе школы раёна, – адзначае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Летась падчас «Антыцыклону», выкліканага моцнымі снегападамі, актыўна папрацавалі вучні-валанцёры СШ № 3 горада Стоўбцы, Дзераўнянскай, Шашкоўскай, Заямнаўскай, Нававёскаўскай і іншых школ.  

 

ЯКАЯ ЗАРПЛАТА

Паводле інфармацыі, прадстаўленай Галоўным статыстычным упраўленнем Мінскай вобласці, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Стаўбцоўскага раёна ў 2017 годзе склала 683,7 руб., у тым ліку ў снежні – 777,7 руб.

Вышэйшай за сярэднераённы ўзровень аплаты працы ў 2017 годзе была заработная плата работнікаў інфармацыі і сувязі (1137,7 руб.), фінансавай і страхавой дзейнасці (1094,3 руб.), занятых забеспячэннем электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам (977,3 руб).

 

ПАПЯРЭДЗІЛІ ПАЖАР

15-га студзеня падчас нясення службы ўчастковыя інспектары міліцыі Вячаслаў Лісоўскі і Руслан Пазняк папярэдзілі пажар, а магчыма, і чалавечую трагедыю на ім.

Участковыя якраз ажыццяўлялі ў аграгарадку Дзераўная праверку асоб, якія стаяць на прафілактычным уліку. Яны праводзілі гутарку з адным з іх у двары дома па вуліцы Калгаснай, калі заўважылі дым з веранды. У галаве прамільгнула, што ўнутры можа знаходзіцца чалавек. Не раздумваючы, міліцыянеры кінуліся ў дом. Было моцнае задымленне, але ім удалося знайсці ў памяшканні мужчыну і вынесці яго на свежае паветра. Следам яны выкінулі на вуліцу матрац і пасцельныя рэчы, якія тлелі. Няцяжка здагадацца, чым бы закончылася гэтае здарэнне, калі б не аператыўнасць і зладжаныя дзеянні ўчастковых.

Да слова, героі ў даным выпадку не сталі паведамляць пра сябе ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Пра іх учынак расказалі выратавальнікам жыхары аграгарадка. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях выказвае ўдзячнасць Вячаславу Лісоўскаму і Руслану Пазняку, жадае ім поспехаў у службе.

 

УМАЦОЎВАЦЬ ЗДАРОЎЕ

Усе прафсаюзныя камітэты сельгаспрадпрыемстваў раёна набылі для сваіх работнікаў, хто пажадаў умацоўваць здароўе, абанементы ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Найбольш працаўнікоў жадаюць наведваць басейн. У аматараў актыўнага і здаровага адпачынку карыстаюцца попытам трэнажорная зала, фітнэс. Для падвозу людзей арганізаваны транспарт. Актыўныя заняткі фізкультурай і спортам – гэта не толькі здароўе, а і трэніроўкі перад стартамі зімовых і летніх спартакіяд, якія штогод арганізуюцца і праводзяцца райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

 

У ДОМЕ ПА ВУЛІЦЫ БАГІНСКАГА

29-га студзеня ў цэнтр аператыўнага кіравання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб задымленні ў жылым доме па вуліцы Багінскага ў Стоўбцах.

На месцы здарэння выратавальнікі знайшлі ў адным з пакояў двух чалавек – гаспадара і яго госцю, – якія не маглі самастойна пакінуць памяшканне. Пацярпелых вынеслі на вуліцу і перадалі брыгадзе хуткай дапамогі. На даны момант яны знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзеленні бальніцы з дыягназам «атручэнне прадуктамі гарэння».

Пры далейшым правядзенні выратавальных работ у суседнім жылым пакоі быў знойдзены яшчэ адзін пацярпелы – мужчына 1976 года нараджэння. У беспрытомным стане яго вынеслі з памяшкання. Па дарозе ў бальніцу ён памёр.

Папярэдняй прычынай трагедыі стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.  

Пр

 

ВЫРУЧАЕ ДЭУ-62

Год ад году мацнее шэфская сувязь паміж дзіцячым садам № 4 г. Стоўбцы і ДЭУ-62.

У дарожнікаў гэтай арганізацыі сапраўды можна павучыцца многаму і, у першую чаргу, адказнасці, з якой яны падыходзяць да патрэб сацыяльнай установы. «Дырэктар Д. Г. Ёдчык заўсёды прыходзіць на выручку, не адмаўляе ў любой нашай просьбе. Начальнік участка В. У. Паўлоўскі арганізоўвае тэхніку і людзей для правядзення работ.

Так, за апошні час з дапамогай дарожнікаў быў рэканструяваны стадыён дзіцячага сада. Вясной на ўжо падрыхтаваную аснову будзе высеяна трава, каб дзеці маглі бяспечна і з карысцю для здароўя займацца фізкультурай. На тэрыторыі сада імі праведзены ямачны рамонт асфальтабетоннага пакрыцця. Добраўпарадкаванне закранула таксама абрэзку дрэў і вывазку апалага лісця. Неабходная дапамога прыходзіць ад шэфаў і зімою, калі трэба ачысціць тэрыторыю ад снегу.

Віктар ГУЧАК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *