Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблена пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі пяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Эльвіра Буцько, Аляксандр Касцюк, Ксенія Белая, Міхаіл Сацута і Надзея Мішук.

Зямны шлях закончыўся для 15-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пажар 29-га студзеня ў жылым доме ў Стоўбцах. Адзін чалавек загінуў, двое атрымалі траўмы.

Міліцыяй зарэгістравана 114 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана восем крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазроныя. Зламыснік учыніў тры крадзяжы з дачных дамоў у садовых таварыствах паблізу Засулля.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены пратакол у адносінах да жыхара раёна, які ўчыніў крадзеж дзелавой драўніны са штабеля ў аб’ёме 9 м куб., чым нанёс шкоду юрыдычнай асобе. Яму пагражае штраф да 30 базавых велічынь.

Пракуратурай раёна ў ходзе праверкі выяўлены парушэнні закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», на падставе чаго старшыні райвыканкама ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб папярэджанні цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян. Па выніках яго разгляду чацвёра супрацоўнікаў райаддзела міліцыі часткова дэпрэміраваны.

Суд прыгаварыў да 200 гадзін грамадскіх работ 45-гадовага стаўбчаніна, які пагражаў забойствам непаўналетняй дачцэ. 37-гадовы жыхар Дзераўной кіраваў транспартным сродкам у нецвярозым стане паўторна на працягу года, за што асуджаны да выпраўленчых работ на 1,5 года з утрыманнем у даход дзяржавы 20 працэнтаў заробку, а таксама пазбаўлены на пяць гадоў права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, і да яго прыменена спецканфіскацыя аўтамабіля «Форд-фіеста».

ДАІ выявіла 178 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – п’яны вадзіцель і пяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 29 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана шэсць дарожна-транспартных здарэнняў. Абышлося без пацярпелых.

«Хуткая» выязджала 193 разы, тры выклікі былі да асоб з алкагольным ап’яненнем. Шэсць зваротаў у экстранную службу прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *