У кагорце лідараў

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

030218h

Прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод» паступова крочыць па фермах гаспадарак раёна. З прыемнай місіяй – падзякаваць жывёлаводам за плённую працу і ўручыць падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункі – старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч завітала ў ААТ «Вялікі Двор».

Жывёлаводы гэтай гаспадаркі маюць добрыя паказчыкі ў вытворчасці малака – занялі другое месца ў раёне з вынікам 8044 кілаграмы малака ад кожнай каровы. І ў мясных справах плён – на працягу многіх гадоў комлекс па адкорме буйной рагатай жывёлы з’яўляецца лідарам сярод сельгаставарыстваў і мае высокі рэйтынг у рэспубліцы. На вытворчых плошчах вырашчана 1032 тоны мяса, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы склалі 705 грамаў.

На МТФ «Асіпаўшчына» віншавалі з працоўнай перамогай аператара машыннага даення Ірыну Гудзь, якая на гэтай ферме мае лепшы вынік сярод калег: атрымала сёлета ад кожнай каровы 8540 кілаграмаў малака, прыбаўка склала 581 кілаграм. Ірына Андрэеўна – старанная і добрасумленная працаўніца. Жанчына прыехала сюды з Казахстана. Мела ўжо навыкі работы ў жывёлагадоўлі і хутка асвоілася ў калектыве. За рупнасць і старанне яе неаднойчы ўшаноўвалі, яна прымала ўдзел у злёце перадавых даярак раёна. Неблагі вынік і ў Вольгі Дабрыян, якая мае паказчык 6952 кілаграмы і таксама спрацавала з плюсам. Вольга Уладзіміраўна шчыруе на ферме параўнальна нядаўна, але ў прафесіі, як і каляжанка, ужо амаль два дзесяцігоддзі. Практычна ўся працоўная біяграфія Сцяпана Яцэвіча звязана з таварыствам, а гэта звыш сарака гадоў. Сцяпан Іванавіч доўгі час працаваў на трактары, а апошнія чвэрць стагоддзя – слесар на ферме.

– Вельмі прыемна, што нашых жывёлаводаў адзначылі, – сказала брыгадзір фермы Людміла Сасюк, якая таксама атрымала падзячнае пісьмо. – Людзі працуюць, стараюцца і паступова павялічваюць вынікі. За мінулы год мы надаілі 6617 кілаграмаў малака і сёлета будзем прыкладаць намаганні, разлічваем дасянуць сямітысячнага рубяжу.

Мясных спраў майстар – менавіта так можна сказаць пра аператара па адкорме буйной рагатай жывёлы Валерыя Жылку. Валерый Уладзіміравіч прызнаны ў раёне перадавік. У групе, якую даглядае, сярэднясутачныя прыбаўленні бычкоў дасягаюць 950 грамаў. Ён уладкаваўся на комплекс пасля заканчэння школы і вось ужо два дзесяцігоддзі, дзень у дзень, ходзіць сюды на працу. Апошнія два гады разам з братам спяшаецца на работу і яго сястра Надзея Чарапанава. Надзея Уладзіміраўна даглядае цялушак і таксама вылучаецца асаблівай працавітасцю. І ў цялятніцы Галіны Сілка высокія паказчыкі. Яна вельмі любіць і шануе сваіх маленькіх гадаванцаў. За дзесяць гадоў набыла багаты вопыт, і, як і яе калегі, работу мяняць не збіраецца – іх задавальняюць і ўмовы, і заработная плата. Хваліць сваіх падначаленых і брыгадзір Анатолій Тарабэш, які таксама быў узнагароджаны. Ён узначаліў вытворчае падраздзяленне тры гады назад. Анатолій Барысавіч – добры арганізатар, аб чым сведчаць і вынікі работы комплексу. Брыгадзір гаворыць, што высокія паказчыкі дасягаюцца сумленнай працай усяго калектыву.

Трэцяе месца ў раёне па надоях малака на працягу апошніх гадоў утрымліваюць працавітыя работнікі ААТ «Каганец», якія за кароткі тэрмін здолелі выйсці ў перадавікі і год ад году прыбаўляюць у вытворчасці малака. За мінулы год на фермах таварыства ў сярэднім ад кожнай каровы надоена 7305 кілаграмаў малака. Звыш 600 грамаў складаюць і сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы.

МТФ «Засулле» (брыгадзір Таццяна Тарасевіч) у ліку перадавых у раёне, ўваходзіць у дзясятку лепшых вытворчых падраздзяленняў. Па выніках работы за мінулы год жывёлаводы прыбавілі 443 кілаграмы малака на карову і занялі сёмае месца сярод фермаў з паказчыкам 7896 кілаграмаў. Як расказвае брыгадзір Таццяна Тарасевіч, у працаўнікоў ёсць усе магчымасці і жаданне дасягнуць васьмітысячнага рубяжу. Аператар машыннага даення Алена Райская ўжо перасягнула гэты рубеж, хоць і працуе даяркай толькі трэці год. Жанчына вельмі працавітая – усё ў яе атрымліваецца. За мінулы год прыбаўка на карову склала 1895 кілаграмаў. Па працы і пашана. Алену Канстанцінаўну летась вылучалі на злёт аператараў машыннага даення. Яна спрацавала ў студзені з плюсам, і ёй па сіле дасягнуць дзевяцітысячнага надою. На рабатызаванай ферме шчыруюць аператарамі Барыс Шэраш і Мікалай Самахвал. Барыс Берталонавіч акрамя таго, што выконвае свае прамыя абавязкі, яшчэ займаецца і рамонтам робатаў. Мікалай Францавіч доўгі час шчыраваў механізатарам, а апошнія пяць гадоў рупіцца на ферме. Абодва працаўнікі паказваюць прыклад у рабоце і імкнуцца павялічваць паказчыкі.

На МТФ «Ячонка» стараннасцю вылучаюцца Наталля Храпіцкая і Таццяна Чэмка. Абедзве вопытныя аператары машыннага даення, дабіваюцца высокіх паказчыкаў. Ганна Фамішкіна працуе на МТФ «Зарэчча». Жанчына ўжо на пенсіі, але работу не кідае. Гаворыць, што прывыкла, здароўе дазваляе хадзіць на працу і даглядаць жывёлу. Ганна Пятроўна перакрыла сямітысячны рубеж. А лідзіруе ў спаборніцтве Аксана Маліноўская. Прыйшла яна ў гэтую прафесію па прыкладзе маці. Некалькі гадоў Аксана Іванаўна адпрацавала падменнай даяркай, а летась ёй даручылі групу кароў. І маладая даярка даказала, што ўмее працаваць (яе вынік 7785 кілаграмаў).

Жывёлаводы ААТ «Вялікі Двор» і «Каганец» не толькі дабіваюцца высокіх надояў, а і практычна ўсё малако пастаўляюць перапрацоўшчыкам гатункам «экстра».

На здымках: 1) шчыра рупяцца на МТФ «Асіпаўшчына» слесар Сцяпан Яцэвіч, аператары машыннага даення Вольга Дабрыян, Ірына Гудзь і брыгадзір Людміла Сасюк; 2) Дабіваюцца высокіх паказчыкаў працаўнікі жывёлагадоўчага комплексу «Вялікі Двор»: у першым радзе – Надзея Чарапанава, Анатолій Тарабэш (брыгадзір), у другім радзе – Валерый Жылка і Галіна Сілка; 3) старшыня райкама прафсаюза Тамара Калошыч віншуе з працоўнай перамогай аператараў машыннага даення МТФ «Засулле» Алену Райскую, Барыса Шэраша і Мікалая Самахвала (у першым радзе). Радуюцца іх поспехам старшыня прафкама Галіна Шырвель і брыгадзір Таццяна Тарасевіч (у другім радзе); 4) малады аператар машыннага даення Аксана Маліноўская з МТФ «Зарэчча»; 5) аператары машыннага даення МТФ «Ячонка» Наталля Храпіцкая і Таццяна Чэмка.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *